четверг, 2 февраля 2017 г.


                  
       СМІЛАВІЦКІ
   "ТРЫБУШЫЦЕЛЬ"



Ці з'есці, ці намаляваць
Тых селядцоў амаль драпежных?
Дрыжаць, дабраўшыся да ежы...
І зноўку фарбамі пуляць!


У брудным прывідным святле
Трыбушыць птушак да знямогі...
Іх пер'е, галавы і ногі
Глядзяцца добра на стале...

Вам брыдка, пахне трыбухой
Ад тых карцін, што піша Суцін?
Чырвоны колер каламуціць,
І рвецца страўнік на пакой?


Вас ванітуе ад мастацтва
І цяжка потым вам заснуць?
У пекла чэрці валакуць
Вар'ята з вульевага брацтва?..




Але цікаўнасць не загана,
Глядзіце - туша ў крыві...
І колькі хочаш тут раві,
Сякеру не спыніць тырана...

Як бойня нашае жыццё...
І пэндзаль лёсу няўмольны
Мастак адлюстраваў міжвольна
Крывавым мясам і піццём...

І стогн спыніўся ў грудзях,
Гатовы разарвацца крыкам...
Не напалохаць зверскім рыкам
Адвечны чалавечы жах...

Глядач стаіць амаль нямоглы...
Агонь з палотнаў жжоць знутры...
А ўсё ж, згадзіцеся, сябры,
Што геній Суціна ад Бога...

Чаму два выбітных мастака - Анры Тулуз-Латрэк і Хаім Суцін - нібы выварочвалі свет навыварат? Адзін быў калекам і ператвараў сваю пачварнасць ў гратэскавы фэтыш. А другі - духоўна надламаны, галодны і ўбогі - перанёс свае пакуты ў мастацкую плоскасць. Суцін нібы "трыбушыў" жыццё, адчыняючы яму на сваіх палотнах "кроў" ...


Глыбокі крывава-чырвоны - вось асноўны колер яго светаўспрымання. 
Вывернутыя тушы, крывавыя гладыёлусы, жанчына-вамп у чырвоным - немагчыма адарваць погляд.

Яны прыцягваюць,
ап'яняюць, выклікаюць экстаз! 
Але Суцін наўрад ці заігрывае з гледачом. Ён пагружаны ў сябе, нікога не заўважаючы, голы кладзе крывавыя дзёрзкія мазкі на палатно ...

Менавіта такім яго аднойчы засьпеў у майстэрні Мадэльяні. Хаім спаслаўся на тое, што беражэ вопратку. Быццам з карціны і сапраўды можа хлынуць кроў ... (На самай справе рэчы былі путамі, якія абмяжоўвалі абсалютную свабоду мастака).



О, ён загадвае сваімі вобразамі, прасторай і нават часам! Бунтуючыя пейзажы са скрукаванымі  дрэвамі і дамамі - гэта тайфун, смерч!

Верагодна, ён употай трыумфаваў,
 што можа выклікаць 
стыхію адным рухам пэндзля...


Хваравіты запал да тушаў, вантробаў, самай смерці - ня эпатаж вялікага мастака, не піар. А, хутчэй за ўсё, усё тое ж жаданне "вытрыбушыць" свет, адчуць на вуснах ягоны праўдзівы гідкі густ,
выдасканаленая цікаўнасць генія. Смяротнае вабіць. Смяротнае адштурхвае. Смяротнае натхняе ...

Тата Барух, штабнуючы дзень і ноч на швейнай машынцы, каб пракарміць вялікую сям'ю, скоса паглядаў на сына. Беднаму габрэйскаму юнаку на родзе напісана шукаць "хлебную" прафесію - настаўніка, лекара, краўца, кухара, у рэшце рэшт. А сын толькі і робіць, што перакладае дарагую паперу і фарбы. А аднойчы ўздумаў намаляваць партрэт рабіна. Сын рабіна, мяснік, жорстка збіў мастака. Але няма ліха без дабра. Атрымаўшы кампенсацыю, Хаім адправіўся вучыцца ў Віленскую мастацкую школу.


Читать полностью:  https://news.tut.by/culture/213952.html
Ну, а потым, вядома ж, у Парыж!

Вулей
Там, у знакамітым "Вуллі" ужо абгрунтаваліся суайчыннікі. Аднакашнікі па Віленскай школе - Міхаіл Кікоін з  Рэчыцы Гомельскай губерні і Павел Крэмень з Жалудка. Верныя літвінскаму братэрству, яны трымаліся разам, дапамагаючы адзін аднаму выжыць...


Мадэльяні
Жудасныя ўмовы побыту не палохалі Хаіма. Ён мог вучыцца ў Шагала. Сарамлівага неабчасанага беларускага хлопца узяў пад апеку дэндзі Мадыльяні...



Спачатку "вульеўцы" глядзелі на яго, як на дзіўны асобнік. Прыпахнены эстэт Мадыльяні вараціў нос ад прыкрай сумесі пахаў селядцоў і падалкі, якая літаральна прахарчавала пакой сябра.



Але той, не заўважаючы нічога вакол, маляваў трупікі курэй, фазанаў і зайцоў, тушы з суседняй бойні і смярдзючых селядцоў ...


Сюжэты прыходзілі да яго па начах кашмарамі, душылі, патрабуючы ўвасаблення ў маляўнічай "плоці".Ён стаў закладнікам уласнай жорсьці. Пісаў запоямі ...


Суцін адважваўся "прэпараваць" саму  смерць, каб дакапацца да жывёльных інстынктаў чалавека і падараваць яму духоўную бессмяротнасць...

Карціны былі яго хімерамі, прывідамі. Гіпертрафаваная свядомасць адбівалася ў кожнай з іх - няхай гэта будзе партрэт, нацюрморт альбо пейзаж - апакаліпсісам і надзеяй.


Скажоныя асобы і прадметы былі гратэскам, пратэстам, выклікам мяшчанскай маралі. Хаос - стваральнікам новай рэальнасці. А фарбы - ваярамі, якія разбураюць існуючыя каноны ...

Гэта быў утапічны свет Суціна. Не толькі знаўцы мастацтва, але і сам ён мала вывучаў яго. Проста тварыў, кайфаваў, піў віно і амаль што ня разменьваўся на жанчын. Быццам ведаў, што часу адпушчана мала ...



Суцін. Партрэт Мадэльянb
Арыстакрат Тулуз-Латрэк сябраваў з прастытуткамі і маляваў іх. Пустэльнік Суцін меў зносіны з таннымі натуршчыцамі. Ён не спакушаўся наконт сваёй знешнасці.

Аўтапартрэт


З люстэрка на яго нязменна вытарэшчваўся субьект з патлатымі валасамі, разадзьмутымі ноздрамі, тоўстымі чырвонымі вуснамі і падпаленымі вачыма. Праўда, Мадыльяні ўсё ж напісаў ягоны праўдзівы пяшчотны партрэт ...

Спазнаўшы галечу, пазбаўлення і голад, смілавіцкі самародак не імкнуўся да багацця або багемнага жыцця. Неахайна апрануты, сарамлівы, не ўмеў нават распарадзіцца нечаканым "казачным" ганарарам за карціны, якія скупіў ў яго "оптам" эксцэнтрычны амерыканец Альбэрт Барнс. «Нарэшце прывялі да мяне яго - п'янага, хворага, няшчаснага,  - бессаромна выхваляўся дзялок ад мастацтва. - І я ўгаварыў яго за дробязь аддаць усё, уключаючы нават тыя пяць карцін, якія ён збіраўся спаліць! » (Пасля Барнс вельмі ганарыўся карцінамі Суціна і выставіў іх побач з працамі Рэнуара, Пікаса і Мадзільяні ў галерэі свайго фонду ў Пенсільваніі). 



Пазней, стаўшы модным мастаком, займеўшы дастатак і уласную майстэрню, ён заахвоціўся да дарагіх касцюмаў, кашуляў і капелюхаў, навучыўся насіць гальштукі і запанкі. 
Але так і застаўся ў душы неахайным правінцыялам, сэнс жыцця якога быў у бясконцым маляванні...

Мастацтвазнаўца Фальк  так апісваў свой візіт у кватэру Суціна: «Дзверы не зачынены. У першым пакоі адкрыты чамадан на падлозе і куча бруднай бялізны. У другім - выдатны старадаўні стол чорнага дрэва, тры бляшанкі з-пад кансерваў. У трэцім пакоі раскошны ложак з бруднай-прыбруднай карункавай бялізнай. На ёй спіць Суцін пад атласнай ірванай коўдрай нябесна-блакітнага колеру. Больш нічога з рэчаў. На падлозе каля ложка расцелена газета, і на ёй ягоныя касцюмы ..."

Вось такі мінімалізм у побыце. Смілавіцкі дзікун, жывучы у парыскай кватэры, так і не навучыўся нават карыстацца ваннай і тэлефонам. Але ужо, пэўна, нарэшце адкарміўся...

Вы думаеце, з-за чаго селядцы на ягоных нацюрмортах як жывыя? Ды ён маляваў іх, скачучы ад пажадлівасці: так хацеў з'есці. Мастак Талаў, які нейкі час  жыў з Суціным, успамінаў: «Перш, чым з'есці прынесеную з крамы ежу, ён прымаўся за нацюрморт і пакутваў, разрываючыся ад голаду, пажыраючы яе толькі вачыма, не дазваляючы сабе да яе дакрануцца, пакуль не скончыць працу. Ён станавіўся апантаным, сліны цяклі ў яго пры думцы аб  «каралеўскім абедзе» ...


А можа, справа не толькі ў голадзе? Дзесяты дзіця ў сям'і беднага габрэйскага краўца памятаў дэлікатэс свайго дзяцінства. Бо для бедных беларускіх габрэяў-


мастакоў "парыскай школы", у тым ліку Шагала і Суціна, гэта была амаль што культавая ежа. Французскі худы селядзец, вядома, не параўнаць з тоўстым  смілавіцкім з бочкі. Але голад, нават у імя мастацтва, ня цётка...

Ад пастаяннага недаядання ў мастака развілася язва страўніка. Але яшчэ большай боллю была для яго недасканаласць свету.


Ранімы мастак не грэбаваў прыносіць у майстэрню трупікі дохлых курэй і птушак. Гэтая "натура" натхняла яго хваравітае ўяўленне. Фатальнасць смерці прыводзіла ў экстаз. Ён тварыў, ня чуючы і не бачачы нічога вакол, да знямогі ...
Падчас вайны Суцін раздорваў свае карціны французскім фермерам. За імі палявалі, каб знішчыць, нацысты. І не толькі таму, што Хаім быў габрэем. Верагодна, адкравенне суцінскіх карцін, их крывава-чырвоны колер асацыяваліся з апакаліпсісам, вобразна агалялі зверствы фашызму.

У акупаванай Францыі Хаім хаваўся ад усіх, нават фарбы яму купляла знаёмая акторка. І памёр ад перытаніту з-за небяспекі рабіць аперацыю ў парыскай клініцы. А, можа быць, уражлівая натура мастака, так доўга гуляючага са смерцю, не вытрымала падарожжа праз мяжу ў катафалку ... За труной  смілавіцкага генія ішоў толькі адзін чалавек. Пабла Пікаса ...




А карціны Суціна, нібы вырваўшыся з доўгага палону, пайшлі гуляць па прыватных калекцыях, музеях і дарагіх аўкцыёнах. Іх набывалі арабскія шэйхі, сям'і Чапліна і Расселіні.
Нават Пабла Пікаса купіў і павесіў у сваёй майстэрні карціну Суціна «Парыж ноччу» .

Паколькі Хаім не мог толкам растлумачыць, дзе знаходзяцца Смілавічы, то казаў, што родам з Вільні, якая была на слыху ў кожнага цывілізаванага
эўрапейца. 

Смілавічы
Літоўцы лічаць мастака "сваім", расейцы таксама. А праўда ў тым, што Хаім Суцін быў габрэем з беларускімі каранямі ... І, можа, таму так любіў сваю майстэрню, вокны якой выходзілі на Сену, нагадваючы яму родную Дзвіну ...


Вы стаіце каля нацюрморту з худымі неапетытнымі селядцамі  і глынаеце сліну?

Нацешыўшыся духоўнай ежай, абавязкова зазірніце ў Смілавічы, каб паспытаць традыцыйных селядцоў з бочкі. І ацаніць гасціннасць землякоў геніяльнага мастака.



Неяк ў Суціна спыталі:
- Вы ж жылі цяжка, пэўна, былі няшчасныя ў жыцці?
- З чаго гэта вы ўзялі? - адказаў ён. - Я заўсёды быў шчаслівым чалавекам!



Д А В Е Д К А

Хаім Суцін (13 студзеня 1893, Смілавічы — 9 жніўня 1943) — французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання.
Пачатковыя ўрокі жывапісу атрымаў у Менску, пазней у Вільні. З 1913 года да смерці жыў у Парыжы (за выняткам 1919—1922 гадоў, якія правёў ва Усходніх Пірэнеях), быў блізкім сябрам Марка Шагала і А. Мадыльяні...

У Смілавічах у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна», якая дзенічае ў будынку мясцовага дому дзіцячай творчасці.


Лютаўскія таргі 2007 года для аўкцыённага дома «Сотбіс» сталі сусветнай сенсацыяй. Самым дарагім лотам аўкцыёну апынуўся «Партрэт мужчыны ў чырвоным шаліку» Хаіма Суціна. Карціна пайшла з малатка за 17,2 мільёна даляраў. Гэта стала новым рэкордам цаны на творы экспрэсіяністаў. А ў маі 2012 года на Sotheby's яго «Пасыльны з Максіма» быў прададзены за 9,37 мільёна даляраў.


Да 2012 года на радзіме Суціна ў Беларусі не было ніводнай ягонай карціны. Карціна «Вялікія лугі ў Шартры» (меркавана 1934 г.) была набыта 8 лютага 2012 года на аўкцыёне Крысціс за 400 тысяч даляраў Белгазпрамбанкам.


У 2013 годзе Белгазпрамбанк набыў на аўкцыёне Сотбіс карціну Суціна «Ева» (прадажная цана 1.805.000 даляраў), прызнаную «самай дарогай карцінай у Беларусі».

Комментариев нет:

Отправить комментарий