четверг, 1 сентября 2016 г.




Д А Е Ш 

П А Р Ы Ж! 

                                                                               
У дрыгве народжанная кветка -
Самотны і магічны артэфакт -
Той глебы, чый увасабляе смак,
Адметная ад кветачак палеткаў...

Як аднавіць, расфарбаваць жыццё?
Надаць імпэт у нудоту пастаралі?
Каб фарбы, што аднойчы вы абралі,
Давеку засталіся адкрыццём?..






Ператварыўся Зембін у закуліссе...

На сцене панаваў адзін Парыж!
Быў не цяжкі выпрабавальны крыж...
Наперадзе - натхняючае выйсце!

І кожная паперка была часткай
Калейдаскопу ў ейнае душы...
Імпрэсія рабілася ў цішы...
Малюнкі-шкельцы складваліся  казкай...


"Даеш Парыж!" - дражнілі юнакі...
Яна не абражалася ніколькі
І на паперу дзёрзка клала толькі
Сапраўдныя ягоныя штрыхі!

Скарыўся леў! І коткай лёг пад ногі
Дзяўчынкі з беларускай глушыні...
Ураслі трывала нашы карані
У багемныя парыскія разлогі!

"Надзейка, даеш Парыж!" - гарланілі вясковыя падлеткі, ганяючыся за ёю, як зграя сабак. Але дзяўчынка толькі ўсміхалася... Яна ведала, што аднойчы апынецца ў краіне сваіх ілюзій і мрояў...

Адкуль яна ведала пра казачны Парыж, жывучы ў шэрым занядбаным Зембіне,  ў бездаражы якога загінулі напаліёнаўскія абозы? Невядома, прысніўся ён дзяучынцы, якая працавала, не пакладаючы рук? Альбо здаўся дзесці ў полі, як міраж? Толькі запаў у душу як першае каханне. І кожную вольную хвіліну яна мроіла Парыжам і малявала на ўсім, што трапіла пад руку...

У беднай шматдзетнай сям'і думалі толькі пра кавалак хлеба. А ёй падавай Парыж! Бацькі нават да бабкі-шаптухі звярталіся. Ня ведалі яны, што "сурочыў" дзіцёнка зусім не чалавек... І "сурокі" гэтыя - божая абранасць і талент сузіраць небачнае... Яна быццам нарадзілася парыжанкай і мастачкай, хаця ніколі не бачыла ніводнай карціны і даляглядаў, акрамя пуні і палетак...



"Стужка ў каштанавай касе, старыя чаравікі праз плячо, кавалак хлеба ў клунку - іду ў Парыж, - успамінала яна шмат гадоў пазней. - Дабралася да бліжэйшай станцыі, удала нырнула ў цягнік, а там спадзявалася, што ў іншы перасяду. І ўсё далей , далей ... Зайцам, вядома. Як думала харчавацца? Дзе падлогу памыю, дзе пасціраю, дзе станцую. Так разлічвала да Парыжа і дабрацца ". Але не дабралася.

Надзя - у сэрэдзіне  зверху
Яе знялі з поезду і вярнулі ў Белеў, дзе аселі, бадаючыся падчас Першай сусветнай вайны, Хадасевічы. А яна ўцякала зноў і зноў. Бо бегла ад шэрага асяроддзя, ад нудоты і абыякавасці. А больш за ўсё - ад сябе самой - маленькай і жаласнай жабрачкі. Да сябе - моцнай і здольнай размаляваць сваё жыццё парыскімі фарбамі. Чаму менавіта парыскімі? Ну, а куды ж яшчэ падацца няўрымслівай мастачцы?..




Яна дабілася свайго, паступіла на Смаленскія мастацкія курсы. Вучылася ў самога Малевіча. Які, дарэчы, ледзве не разбіў яе мары заявай аб скасаванні "мёртвага" жывапісу супрэматамі. Надзейка таксама захварэла на супрэматызм. Але болей на яе ўплывала харызма майстра. 

На шчасце, у рукі юнай нігілісткі трапіла кніга Фэрнана Лежэ, дзе той сцвярджаў неўміручасць жывапісу. Фэрнан быў парыжанінам. І "парыскі цвік" зноўку ўбіўся у прыгожую галоўку юнай мастачкі... 
«Самае прыгожае - мець мэту, каб яна ззяла, цягнула і каб яе з усіх сіл дамагацца», - вырашыла адважная дзяўчына. І сабралася, вядома ж, у Парыж!..



Аўтапартрэт. 1942 г.
Але шлях да мэты быў няпросты. Спачатку - Варшаўская Акадэмія мастацтваў, дзе упартая беларуская "супрэматка" паказала свой нораў. Шлюб с палякам Станіславам Грабоўскім. І ліст таму самому Лежэ з просьбай узяць сужэнцаў пад сваё крыла...


Ф. Лежэ "Джаконда і ключы"
І вось - Парыж! Што адчула гэтая незвычайная птушка, калі апынулася ў  шматгалосым "вуллі" (менавіта так называлася жытло, якое здымалі мастакі), пазнаёмілася з Шагалам, Пікаса і іншымі легендарнымі мастакамі?.. Мабыць, захапленне і акрыленасць? А, мабыць, лёгкае расчараванне, што ў ейным царстве шмат каранаваных?.. 

Да таго ж, асабістае жыццё нешта не клеілася. Нарадзілася дачка Ванда. Муж з'ехаў у Варшаву. Яна выкладала у мастацкай акадэміі Лежэ, падрабляла пасудамыйкай, каб пракарміцца з дачкой. Але ганарліва адпрэчвала дапамогу багатага свёкра. Толькі  аднойчы яна ўзяла прыстойную суму - на выданне ілюстраванага мастацкага часопісу «Сучаснае мастацтва», «L'Art Contemporain». На французскай і польскай мовах. Там былі рэпрадукцыі карцін яе новых сяброў і аднадумцаў па мастацкім цэху: Лежэ, Озанфана, Пікаса, Ле Корбюзье. Праўда, удалося надрукаваць толькі тры нумара, але якіх!..

Цікавая з'ява: напісана шмат даследванняў, дысэртацый, кніг пра светапогляд і светаадчуванне імпрэсіяністаў. Мастаўствазнаўцы даследвалі іх творчасць уздоўж і ўпоперак. А, падаецца, гэтыя людзі проста мелі нейкі "ўмантаваны" у падсвядомасць унутраны "калейдаскоп". "Раз" - адзін ракурс. "Два" - той жа, але іншы. "Тры" - і мастак нібы ўцягвае глядача  ў прастору сваіх ілюзій...

Яны былі ідэалістамі. Таму шмат хто верыў у камуністычныя байкі. Камуністамі былі Лежэ, Пікаса , Арагон... І, вядома, Надзея Хадасевіч-Лежэ (якая стала жонкаю свайго куміра). Для гэтай эліты мастацтва камунізм быў не рэжымам Сталіна, а ідэалам свабоды. Яны, быццам дзеці, верылі ў казку ўсеагульнага шчасця...

Падчас вайны Надзея ўдзельнічала ў французскім Супраціве, расклейвала па начах улёткі, была пад пагрозай арышту гэстапа. А потым дапамагала савецкім ваеннапалонным. Знакаміты кінарэжысёр Эльдар Разанаў, добра знаёмы з мастачкай, успамінаў: «Калі скончылася вайна, Надзя хацела дапамагчы савецкім ваеннапалонным. Яна вырашыла арганізаваць аўкцыён. Ўпрасіла Лежэ, і ён даў сваю карціну. Звярнулася да Пікаса. Той для гэтай мэты даў тры палатна. Наступным быў Жорж Шлюб, і ад яго Надзя не пайшла з пустымі рукамі. Яна абыйшла многіх мастакоў, сабрала цэлую калекцыю. Аўкцыён прайшоў паспяхова, грошы былі сабраныя... 



Надзея Хадасевіч-Лежэ падаравала СССР цэлы вагон сваіх мазаічных пано, які доўгі час стаяў на запасным шляху. А потым каштоўныя 
кампазіцыі са слюды  і мальтыйскага каменя моклі пад адкрытым небам на алеях падмаскоўнага Дубна.
Частка з іх увогуле знікла...


Музэй у Зембіне
У вясковым музейчыку Зембіна на Віцебшчыне і зараз можна пабачыць падарункі зямлячкі - копіі карцін знакамітых мастакоў, ейныя мазаікі. Частка з іх таксама разрабаваная. Але нават тое, што засталося, уражвае...

"Купалінка, купалінка, цёмная ночка..." - прыгожа выводзіць жаночы голас. Гэта на другім паверсе доміка ў Жіф-сюр-іветт пад Парыжам гучна спявае беларускія песні Надзя. Яе майстэрня з надпісам на сцяне "Далоў Лежэ!". Так таленавітая жонка адмяжоўваецца ад геніяльнага мужа. Самадастатковасць у творчасці і самаахвярнасць у каханні - дзве іпастасі яе жыцця. Фернан творыць на першым  паверсе і прыслухоўваецца... Спявае - значыцца, працуе... Сціхла песня - грукоча кіем у столь - не лайдач!.. А потым - размовы, кава, шпацыры па садзіку, добрае віно, і зноўку - праца, праца, праца...



"Я выходжу замуж за працу", - сказала прэсе Надзя. А Фэрнан аднойчы нечакана прызнаўся: «Раней для мяне існавала толькі мастацтва, жанчыны былі толькі для адпачынку. І вось ... Дажыў да сямідзесяці гадоў, каб упершыню палюбіць »...

Яны шчасліва пражылі тры гады. Лежэ перадаў Надзе у спадчыну усю маёмасць, у тым ліку і карціны. Яна б магла азалаціцца. Але нават сама думка, што палотны генія пакінуць Францыю, была для яе невыносная. Надзя арганізавала музэй мужа і перадала дзяржаве ягоныя карціны і велізарную калекцыю жывапісу, у якую ўваходзілі працы яго сяброў - Далі, Пікаса, Маціса і многіх іншых знакамітых мастакоў...


А сама адышла ў цень, бо самаахвярнасць у крыві ліцвінак .Тым больш, што зацверджанне савецкіх мастацкіх даведнікаў, што Надзея Хадасевіч-Лежэ паходзіць "з шматдзетнай сялянскае сям'і" -чарговая прапаганда. Вядома, што яе стрыечны брат Уладзіслаў Хадасевіч - паэт Срэбнага веку - не хаваў сваё шляхетнае паходжанне і называў свайго бацьку "ліцвінам". Да таго ж, угледзьцеся у твар  музы вялікага мастака, і сумневы адразу знікнуць...

Надзя Хадасевіч з маленькай беларускай вёскі дала такі "прыкурыць Парыжу" - стала не проста зоркай на ягоным небасхіле - заканадаўцай мастацкага густу парыскай багемы, музай генія і шчаслівай жанчынай. Яна аб'яднала шкельцы свайго лёсу у адзіны дзівосны малюнак. На што здольныя толькі тыя, хто не заплюшчвае вочы у прадчуванні цуду.


Д А В Е Д К А

Надзея  Хадасевіч-Лежэ (  4 кастрычніка 1904 каля Зембіна Віцебскай губерні - 7 лістапада 1982 , Грас , Прыморскія Альпы ),   мастачка, жывапісец , графік , мазаіст XX стагоддзя , стрыечная сястра паэта Уладзіслава Хадасевіч , асістэнтка і (у апошнія гады яго жыцця) жонка мастака Фернана Лежэ.


У памяць  пра мужа ў мястэчку Бьот Надзя ўзялася арганізаваць Музэй Лежэ з маштабнай калекцыяй яго прац. 4 лютага 1957 года быў закладзены першы камень Музэя Фернана Лежэ, праект для якога распрацаваў архітэктар Андрэй Свечын . У тыя ж гады Надзя ўладкоўвае Музэй-ферму Лежэ ў вёсцы Лізор , у Нармандыі , на радзіме мастака.

У 1959 годзе Надзя ўпершыню пасля амаль 40-гадовага перапынку прыехала на зямлю продкаў. У 1963 годзе Надзя Хадасевіч-Лежэ прывезла працы мужа ў Маскву на выставу.

13 мая 1960 года адбылася цырымонія адкрыцця Музея Лежэ ў Бьоте. Ганаровымі старшынямі на мерапрыемстве былі Жорж Шлюб , Пабла Пікаса і Марк Шагал .

У 1967 году Надзя Лежэ і Жорж Бокье  перадалі музэй з размешчанай у ім калекцыяй работ Ф. Лежэ, а таксама ўчастак зямлі, на якім ён быў пабудаваны, ў дар Францыі.

Праз 10 гадоў пасля заснавання, Музэй Лежэ атрымаў статус Нацыянальнага музея Фернана Лежэ.


Шэсцьдзесят пяць мазаічных партрэтаў былі створаны Надзеяй Лежэ ў 1972 годзе для персанальнай выставы ў Францыі. Шэсцьдзесят з іх яна падаравала Савецкай дзяржаве. У 1974 годзе дваццаць работ з гэтай серыі былі адпраўленыя ў Дубну для выставы і ўсталяваныя ў скверы перад Домам культуры «Мір». Тыя мазаікі, якія пачалі разбурацца, неўзабаве прыбралі на склад.


Але ў 1996 годзе, ў сувязі з 40-годдзем навукаграду пано былі зноўку выстаўленыя пасля касметычнага рамонту. Лёс асобных работ Надзеі незайздросны: партрэт Сяргея Пракоф'ева разбурыўся, а малюнкі Карла Маркса, У. І. Леніна і Н. К. Крупскай ўжо не экспануюцца па ідэялагічных меркаваннях.
Партрэт Сяргея Эйзенштэйна ў цяперашні час знаходзіцца ў Доме састарэлых работнікаў кіно, а партрэты чатырох касманаўтаў устаноўленыя на плошчы Касманаўтаў перад Домам культуры "Кастрычнік".






Праунучка Надзеі Хадасевіч-Лежэ - Наталі Самойлава - піша пра яе кнігу і спрабуе адшукаць знікшыя мазаікі сваёй знакамітай прабабкі. Уразіў яе і музэй у Зембіне, які яна наведала.