вторник, 19 июля 2016 г.

   АЙВЕНГА

                                        З МАГІЛЁВА

Ён рэвалюцыю, як жонку, шанаваў
І надаваў жыццю запал імпэтны...
Стырно ў руках ўпэўнена трымаў,
Каб апынуцца вогненай камэтай!

Ляцець туды, дзе сэрца не засне,

Дзе кроў віруе і казыча нэрвы!
Быць лепшым у навуковай галіне,
Канакаў лекаваць, штабнаваць пэрлы!

Куды ляцеў, куды спяшаўся ён?

І мовы глытаў, быццам смагай хворы.
У асветніцкі ўступіўшы легіён,
Сусветны розум сеяў на прасторы.

І не прыняў ён бальшавіцкі флуд,

Хлуснёй і дэмагогіяй адметны...
Рамантыкай напоўнены сасуд -
Душа рэвалюцыйнага паэта!

Што рабіць, калі вы маладыя і апантаныя запалам да прыгод, а віртуальнай ежы для здаволення славалюбства яшчэ не існуе? Вядома, вандроўнічаць. Бо ў  мінулым стагоддзі гэта была адзіная магчымасць спазнаць сябе і навакольны свет. Але сэнс у тым, каб надаць авантурызму грунтоўнасць. І для гэтай мэты падсвядома выкарыстоўваюцца гуманістычныя погляды... Мы, як дзеці, гуляем з імі, будуючы неразбуральныя вежы ідэалаў. І ператвараем сваё жыццё у фейерверк!..

Барадаты малады мужчына сышоў з карабля на бераг Гавайскіх выспаў. У эўрапейца была з сабой невялікая доктарская валіза і вялікія амбіцыі.



Далоў Эўропу з яе выкрышанымі асновамі! Менавіта тут, на краю свету,  сярод тутэйшых абарыгенаў,  трэба заснаваць новую асаду вольных людзей! Які пляцдарм для рэвалюцыйнай творчасці!...

Невядома, ці чытаў Мікалай Судзілоўскі твор Кампанэлы "Горад Сонца". Але ўтапічны позірк на рэчаіснасць даваў яму сілы вынайсці сваё месца ў гісторыі, скласці свой лёс па ўласным сцэнарыі.


Бо для  шляхціца з Магілёва, бацька якога быў інсургентам і паплечнікам Каліноўскага, рэвалюцыя была сымбалем вальнадумства, увабранага з матчыным малаком. А калі да ідэалу дадаецца авантурны запал - гэта выбухованебяспечная сумесь!..

У спісе з прозвішчамі 53 небяспечных рэвалюцыянэраў, якіх трэба было знайсці і арыштаваць, пад нумарам 10  было надрукавана: «Судзілоўскі Мікалай Канстанцінаў. Былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, сын адстаўнога чыноўніка губернскага Магілёва. Гадоў 25; росту трохі ніжэй сярэдняга; валасы русыя; твар чысты; нос даволі вялікі; барада невялікая рэдкая; апранаецца нядбайна; па касцюму падобны на майстравога »... 

Пасля ўдзелу у студэнцкіх хваляваннях Мікалай вымушаны пакінуць Радзіму. Ён працягвае адукацыю ў Бухарэсце, становіцца доктарам медыцыны. Мае добрую практыку, каб карміць сям'ю: жонку і дзвюх дачок.  Але рэвалюцыйны авантурызм, ліцвінскія карані не дазваляюць яму ператварыцца ў заможнага буржуа. Дух валацужніцтва і прыгод, утапічнае жаданне зрабіць свет лепей, паказытаць нэрвы, адчуць у крыві адрэналін штурхаюць яго наперад. У "гарачыя кропкі" плянэты...



Вам не падаецца, што там, дзе ёсць рызыка, авантура і кураж трэба шукаць беларуса? Бо рэвалюцыйнасць як навізна светаадчування і палёт неўтаймаванай фантазіі - адметная рыса ліцвінскага характару...

 У Балгарыі ў 1876-ым ён ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання супраць турэцкага прыгнёту, у Японіі з 1904 года дапамагаў рускім ваеннапалонным, у Кітаі з 1906-га аказваў дапамогу мясцовым рэвалюцыянэрам ... У 1892 годзе Судзілоўскі, па мянушке «доктар Русель», арганізаваў на Гавайскіх выспах ЗША  з карэнных жыхароў "Партыю незалежных" канакаў  і стаў яе лідэрам.

.
Каралева Гаваяў Ліліуокалані
Партыя выступала супраць прыгнёту амерыканскіх плантатараў. Гэта не перашкаджала яму самому мець плантацыі кофе, апельсінаў, ананасаў, лімонаў і бананаў. Маўляў, рэвалюцыя рэвалюцыяй, а есці хочацца заўсёды Ён называў сябе "практычным рэвалюцыянэрам"...


За жыццё Судзілоўскі здзейсніў амаль што кругасветнае падарожжа. Эуропа, Амерыка, Англія, Філіпіны, Японія, Кітай... Але прызнаўся аднойчы:"На зямным шары наўрад ці адшукаецца іншы такой жыватворны куток, як Гавайскія выспы ..."



Мясцовыя жыхары называлі яго «Каука Лукін» - «рускі доктар», а было б дакладней - "беларускі лекар". Бо паходзіў Мікалай з барацьбітоў супраць расейскай экспансіі за незалежнасць Рэчы Паспалітай. У 1900-м яго абралі сенатарам, а ў 1901-м - прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі! На гэтай пасадзе Судзілоўскі спрабаваў правесці дэмакратычныя рэформы, але яны не знайшлі падтрымкі, і ён падаў у
 адстаўку...

Цікава, што Судзілоўскі, які асабіста ведаў Маркса, не прыняў кастрычніцкую рэвалюцыю. Быццам ведаў сапраўдны твар паслядоўнікаў Леніна, якія ня мелі нічога агульнага з сапраўдным адраджэннем грамадства і культам роўнасці. Сусветная рэвалюцыя па Судзілоўскаму - гэта хутчэй паэтычная метафара ўсеагульнага шчасця, міласэрнасці  і гуманізму. У адрозненне ад бальшавікоў, Мікалаем рухалі не амбіцыі, бо палюючая за ім расейская ахранка адзначала: "для сябе і сямейства надае даходаў невялікую частку, усё ж астатняе ўжываецца на падтрымку партыі ".

Судзілоўскага называлі "апошнім энцэклапедыстам ХХ стагоддзя". Сапраўды, ён валодаў 8 эўрапейскімі мовамі і да таго ж кітайскай і японскай. З-пад ягонага пяра выйшлі працы па філязофіі, сацыялогіі, медыцыне і нават генетыцы...  

Яго можна дакладна назваць і апошнім Айвенга рэвалюцыі. Наіўным і шчырым барацьбітом за мітычную свабоду. Падобна паслядоўнікам "чыстага мастацтва", ён выступаў апалагетам "чыстай рэвалюцыі". Як пераўтваральнай асновы гісторыі...

Чым была насамрэч рэвалюцыя для выбітнага беларускага навукоўца і падарожніка? Перш наперш - утапічнай марай пра ўсеагульнае шчасце, роўнасць і аднаўленне. Рамантыкай новых адкрыццяў і рызыкоўных падзей. А болей за ўсё - увасабленнем духоўнага высакародства і самаахвярнасці.



Так, ён быў арэстакратам духу - той касты высокалобай інтэлектуальнай эліты чалавецтва, на якой, замест мітычных трох кітоў, трымаецца свет. Магчыма, рэвалюцыйная афарбоўка патрэбна была дзеля своеасаблівага піяру. Бо нават выключным асобам "нішто чалавечае не чужа".

Д А В Е Д К А


Гавайскія выспы



Гаваі з космасу




англ. HawaiiaIslands, гав. Mokupuni o Hawai'i) - архіпелаг з дваццаці чатырох выспаў і атолаў , размешчаны ў паўночнай частцы Ціхага акіяна (паміж 19 ° і 29 ° паўночнай шыраты). Архіпелаг 
выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, мае вулканічнае паходжанне;атрымаў сваю назву ад назвы найбуйнейшай выспы - Гаваі .Вялікая частка выспаў архіпелага складае пяцідзесяты штат ЗША з 1959 года.


Сярэднія каардынаты выспы -   21 ° 30 'з.ш. і 158 ° з.д. 
Гавайскія выспы для еўрапейцаў заснаваў 18 студзеня 1778 гады знакаміты англійскі 
мараплавец  Джэймс Кук падчас свайго 3-га кругасветнага падарожжа (тут жа ён і загінуў 14 лютага 1779, калі паўторна зайшоў сюды пасля плавання па паўночнай частцы Ціхага акіяна). Кук даў ім назву Сэндвічавы астравы (гэтая назва выкарыстоўвалася ў XVIII і XIX стагоддзях) у гонар Першага лорда Адміралцейства Джона Мантэгю. 

Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі (псэўданім Ніколас Русэль; 15 сьнежня 1850, Магілёў — 30 красавіка 1930) — філёзаф, прыродазнаўца, рэвалюцыянэр, удзельнік грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, Расеі, Швайцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітая і іншых краін. Прэзідэнт Сэнату Гавайскіх астравоў.

Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў, спэцыяліст у галіне этнаграфіі, энтамалёгіі, хіміі, біялёгіі, аграноміі.


Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяну, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісаньні Гаваяў і Філіпінаў.


Каралева Гаваяў Каауману
Доктар, зь імем якога зьвязаныя пэўныя дасягненьні ў хірургіі, тэорыі тубэркулёзу і іншых хваробаў. Яму належаць некалькі важных працаў па мэдыцыне.


Быў таксама членам Амэрыканскага таварыства генэтыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітаю.


Валодаў васьмю эўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай.

вторник, 5 июля 2016 г.


ВЯРШКІ Ў НЯБЕСНЫМ МАЛАЦЭ


Мне не хапала толькі трону...
Пісаў, забыўшыся, Шагал.
Пуляў ён фарбамі шалёна,
А ў сэрцы музыку шукаў...

Лунаў над Віцебскім абшарам,
Імчаў, як ветразь, па рацэ!
Чаго вар'яту не хапала?
Вяршкоў у нябесным малацэ?


Пісаў кароваю карову
І не баяўся быць сабой...
Ён на ахвяры быў гатовы
Усёй мастацкаю крывёй.

І на палотнах гэты хаос
Ператвараўся ў пастараль...
Дзе з фіялетаваю дамай
Шукалі разам вы Грааль...

А горад спаў і дыхаў важна,
Не заўважаючы міраж...
Плывуць і зараз авантажна
Шагал і Бэла міма нас...

Што гэта за паветраны цмок, а можа, каляровы прывід, а то і зусім міраж, які бачаць прагнучыя душы... Пэўна так разважаў бы неазнаёмлены глядач, упершыню апынуўшыся перад карцінамі Марка Шагала...

 Але ж куды там - амаль што кожны свядомы чалавек у свеце ведае мастака. Але,мабыць, далёка не ўсі ведаюць, якая насамрэч глеба ўрадзіла такога тытана імпрэсіанізму. Бо Парыж, дзе ён вымушана апынуўся, як вялікая рыбіна, заглынуў Шагала з лёгкасцю і "пераварвае" дагэтуль...


Месцячковы беларускі габрэй з ускраіны Віцебску чароўна ператварыўся у знакавую постаць жывапісу. Бо з дзяцінства любіў пажары і панарамы з даху... Гэта значыць - яскравасць і прастору... А таксама сваіх працавітых і крышку недасканалых бацькоў. Бацьку - грузчыка ў селядцовай лаўцы. І маці - дамашнюю гаспадыню...

Гэта непастіжная з'ява - нараджэнне ў бедных габрэйскіх сем'ях геніяў сусветнага маштабу. Самавукаў без сістэмнай адукацыі, але з невыцерпнай прагай ашчасціць чалавецтва. Яны з'яўляліся на свет пераважна ў пераломныя моманты гісторыі, на стыку стагоддзяў і з нейкімі фізічнымі адхіленнямі. А потым усё  жыццё быццам даказвалі сваю духоўную заможнасць, кампенсуючы памылкі прыроды. Напаліён і Шэкспір нарадзіліся неданошанымі. А Шагал увогуле памерлым. І адразу апынуўся ў феерверке жыцця - здарыўся пажар. 

Так незвычайна, яскрава і палка сустрэў генія свет. Яму нічога не заставалася рабіць, як, схаваўшыся за фарбамі, размаляваць сваё жыццё. Зрабіць з яго няўміручы шэдэўр...
Уражлівы хлопчык калекцыянаваў колеры, рысы, вобразы, жэсты габрэйскага кварталу і шырокімі мазкамі пераносіў іх на палатно. І не проста пераносіў, а фантазіяваў. Спалучаў няспалучальнае.



Калі,напрыклад, у адной карове з'мяшчалася другая. Альбо чалавек ляцеў наперад з галавой назад...«Каб ўзляцець, - сцвярджаў мастак, - мала летуценнасці, патрэбеныя тэмперамент, захапленне, ціснучыя грудзі, запал, падымаючы ў паветра»...

Ён вучыўся ў Пэна, мастакоў Парыжу, Бакста. Але болей за ўсё - у Лувры, разглядаючы карціны мастакоў Адраджэння. Як клясіка ператварылася ў яго ўяуленні ў сюр? Невядома. Але нейкім чынам яна дапамагла гарманізаваць незвычайны свет ягоных палотнаў, надаць у эксцэнтрыку мастацкі густ. Спалучэнне новых формаў і старых прыёмаў нараджала новы светапогляд у жывапісу.


Вымушаны збегчы з бальшавісцкай Беларусі ў меку мастакоў - Парыж - ён плённа працуе і становіцца модным. Нават адчувае сябе беларускім французам. Але настальгія па бацькаўшчыне, роднаму Віцебску, адлюстраваныя ў кожнай карціне. Нерэальныя постаці і істоты лунаюць над рэальнымі хатамі і храмамі. Рэчаіснасць становіцца дэкарацыяй дзівоснага спектаклю ягоных карцінаў. Пачуцці аўтара араўляюць ягоны талент. І гэты інтымны сакрамэнт уражвае гледачоў...





Вось мастак лунае на Месяцы. Ён вольны і бязважкі, як і належыць рамантыку ад мастацтва. І глядач мімаволі апускаецца ў гэты блакітны прывідны свет. Каб адмовіцца хоць на хвіліну ад мітусні мітусні...



Францыя становіцца для Шагала духоўнай Радзімай. Але менавіта карані сілкуюць ягоную душу. А Парыж ён называе "другім Віцебскам".Падчас вайны ў Амерыцы раптам гіне адзіная муза - жонка Бэла. Натхніцельніца, сябар, нянька генія, у якім адначасова спалучаліся тытан і непасрэдны дзіця, якога трэба было даглядаць і карміць амаль што "з лыжкі". Адданы творчасці, ён забываў паесці, дэталі цікавілі Марка толькі ў жывапісу. Бэла была анёлам-ахоўнікам Шагала. І пакінула яму дачку Іду...


"Яна лунае на маіх карцінах, азарае мой шлях у мастацтве. Ні адной карціны, ні адной гравюры я не сканчаю, пакуль не пачую яе «так» альбо «не» - прызнаўся аднойчы геній...


Мэтр да смерці жыў у Францыі, ператварыўшыся ў ідала жывапісу. Напісаў мемуары "Маё жыццё", дзе з юмарам апісаў сваё дзяцінства і родны горад. 
Ягоны продак Хаім Сегал (сапраўднае прозвішча Шагала) распісваў фрэскамі беларускія сінагогі. На іх таксама былі жывёлы і іншыя істоты. Па канонах іудаізму нельга было маляваць чалавека. Марк Шагал абышоў забарону. Але ягоныя людзі нагадваюць птушак, а каровы - людзей.



Ён вынайшоў для іх адзіную сусветную душу, якая не належыць канкрэтнай істоце, але адлюстроўвае сутнасць кожнай рэчы. 



Сёняшні беларускі Віцебск - прыбраны і музычны - вядомы як месца правядзення "Славянскага базару". Бадзёры сучасны горад амаль што не нагадвае шагалаўскі. Але да першага конкурсу тут яшчэ захоўваліся рэшткі соннага царства і шагалаўскі сюр. А падаецца, што і зараз ягоная ўсьмешка лунае над вуліцамі і кліча нас за сабой... 




Д А В Е Д К А

Марк Шагал (7 ліпеня 1887Віцебск — 28 сакавіка 1985) — беларускі і французскі мастак. Бацька — Захар Мордухавіч. Дзед — Мордух Сегал, па невядомых прычынах змяніў прозвішча на Шагал. Прадзедам М. Шагала быў вядомы мастак Хаім Сегал, які распісваў сінагогі. Пры нараджэнні будучага мастака назвалі Маісеям, Імя на Марка ён змяніў, калі пераехаў у Санкт-Пецярбург.

Шагал з жонкай Бэлай і дачкой Ідай





Пачатковую адукацыю атрымаў традыцыйную яўрэйскую — па Торы,Талмуду, з вывучэннем старажытнаяўрэйскай мовы. Увосені 1900 паступіў у гарадское чатырохкласнае вучылішча з рамесным ухілам, дзе дасягнуў поспехаў толькі ў маляванні і геаметрыі

 Пасля рэвалюцыі з рэкамендацыі А. Луначарскага прызначаны паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў Віцебскай губерні. Стварыў Віцебскую народную мастацкую школу і ўзначальваў яе некаторы час. З 1919 кіраваў «Вольнай майстэрняй жывапісу», дапамагаў у стварэнні Віцебскага музею сучаснага мастацтва, кіраваў мастацкім афармленнем Віцебску ў гонар гадавіны рэвалюцыі. 


У 1947 Марк Шагал упершыню пасля вайны прыехаў у Парыж у сувязі з адкрыццём сваёй рэтраспектыўнай выставы, арганізаванай Музеем сучаснага мастацтва, а ў 1948 вярнуўся ва Францыю назаўсёды. Менавіта ў гэты перыяд яго творчасць набыла сусветную вядомасць. Адна за другой адбываюцца выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры мастака. Ён удастойваецца ганаровых званняў i ўзнагарод, сярод якіх — вышэйшая ўзнагарода Францыі Вялікі крыж Ганаровага Легіёна. На працягу 1950-1970-х гг. ён выканаў мноства вітражоў i керамічных пано для вядомых сабораў Францыі.


У 1973 у Ніцы адкрыўся Нацыянальны музей «Біблейскае пасланне Марка Шагала». У гэтым жа годзе Марк Шагал прыязджаў у Маскву i Ленінград і перадаў у дар Дзяржаўнаму музею выяўленчага мастацтва імяА. С. Пушкіна 75 сваіх літаграфій, а ў 1997 на радзіме мастака, у Віцебску, быў адкрыты мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала. Нашчадкі мастака перадалі ў дар музею калекцыю яго графічных работ. Пачынаючы з 1991, у Віцебску штогод праходзяць Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, адкрыты помнік Марку Шагалу работы віцебскага мастака А. Гвоздзікава.



Марк Шагал таксама добра вядомы як скульптар, керамік, майстар мазаік і габеленаў, але больш за ўсё як майстар вітражу. Свае вітражныя работы ён ствараў не толькі для французскіх сабораў, але і для храмаў Рэймса, Цюрыха, Майнца, будынкаў ААН у Нью-Ёрку, сінагогі Медыцынскага цэнтра ў Іерусаліме, гатычнага сабора ў Мецы.
Марк Шагал пакінуў значную літаратурную спадчыну — дзённікі, лісты і вершы.