пятница, 26 января 2018 г.


     А К У Л А  З  В У З Л Я Н А Ў

Як завязаць свой лёс у вузел?
Да вельмі проста - быць сабой!
Прынесці ў хату добрым людзям
Дабро, культуру і спакой...

Замест ізгоя выйсці зоркай,
Зрабіць Амерыку на раз!
І быць заўсёды дальназоркім,
Ня ведаць ганьбы і параз!

Габрэй маліўся аб прагрэсе,
Вучыўся, марыў, працаваў...
На беларускім добрым цесце
Ён летуценні заснаваў!

Гешэфт таксама быў у пляне,
Але найпершае - палёт...
Набыў в Вузлянах выхаванне
Касмалітык-патрыёт...



Цячэ мелодыя са скрыні,
І Рузвельт гутарыць з табой...
І сам маэстра Тасканіні
Нясе нам веліч і спакой...


І на пачэсным месцы ў хаце
Стаіць не скрыня, а прэстыж...
Сядзіш ты у тапках і халаце
І ў свет прыдзірліва глядзіш...

І, націскаючы на кнопку,
Мы салютуем кожны раз
Сарнову, што не кінуў у топку 
Тэхнічны свой іканастас...



Ён быў драпежнаю акулай.
Бо бізнес - гэта не прудок,
А акіян, дзе плоціш шкурай
За кожны няўдалы крок.

Але садзейнічаў прагрэсу,
Святло дабыў ён для людзей  -
Ліцвін габрэйскага замесу,
Тэлевізійны Праметэй!






  Давід Сарноў рассек гардзіеў вузел свайго лёсу, каб, паводле міту, правіць светам. Гэтая сакральная рэч - вузел - прайшла праз усё  жыццё хлопчыка з беларускіх Вузлянаў...



Ён ператварыў яго  у радыёвузел - культавае месца ахвярапрынашэнняў пачатку ХХ стаходдзя. Бо першыя апантаныя телеграфісты бадай што не адыходзілі ад прымачоў, як зараз гульцы ад кампутараў. Яны лавілі кароткахвалявыя сігналы sos, слухалі галасы і мелодыі з-за акіяну.


Але такую асалоду асветы і    забавы ім падараваў усе той жа беларускі габрэй з мястэчка Вузляны пад Менскам, дзе невыпадкова нарадзіўся ў добры час. Усё - жабрацкае дзяцінства, эміграцыя ў Амерыку, патрэба карміць сям'ю спрыяла росту ягонай упэўненасці ў асабістую абранасць, вырабатцы формул жыцця і працы. Яму пашэнціла ператварыць вузлавыя моманты ўласнай біяграфіі ў кропкі адліку новых узлётаў... 




Жыхары былой БССР добра памятаюцЬ, як яны альбо іх бацькі ўпотай запіраліся на маленечкай кухні і праводзілі там цэлыя ночы. Там, амаль што пад коўдрай, савецкая інтэлігенцыя  слухала забаронены "Голас Амерыкі" - амерыканскую контрпрапаганду камунізму. Мала хто з тых рызыкоўных слухачоў і зараз ведае, што гэтая асвета прыходзіла па задумцы іхняга земляка Давіда Сарнова.



Так, так, менавіта Дэвід - маленькі хлопчык з занядбаных Вузлянаў на Міншчыне - адчыніў, а дакладней кажучы, выстукаў марзянкай, ганарыстую Амерыку, калі першым прыняў сігналы SOS з тонучага "Тытаніка"...


Кажуць,што легенда не павінна адлюстроўваць рэальнасць. У гэты дзень радыястанцыя, дзе працаваў тэлеграфістам Сарноў, была зачыненая на выходны. І ён проста  не мог трое сутак не адыходзіць ад прымача, кардынуючы выратавальныя намаганні. Але факт застаецца фактам: ужо з раніцы ўсі газэты свету апублікавалі на першых старонках ягоны партрэт. Але тут фартуна не памылілася. Многія гады малады тэлеграфіст адстойваў унікальнасць радыё. Журналістам і краіне патрэбны быў герой. А Дэвіду - рэкляма радыё і харызма...


Ён сапраўды "прачнуўся знакамітым". Але знакамітаць гэтая была не зоркавай хваробай, а апантанасцю радыёідэяй, жаданнем зрабіць новы сродак камунікацыі здабыткам кожнага амерыканца. Амерыканская мара адлюстравалася у Сарнове як ні  ў кім іншым.



Авантурыст з беларускай глыбінкі, з задаткамі выключнага бізнясоўца, "зрабіў" Амерыку. А яна, у свой час, як добрая мачыха, дала шанец "новаспечанаму сыну". Дэфід Сарноў быў амерыканцам з габрэйска-беларускай ментальнасцю. А гэтая грымучая сумесь не ведае паразы...




Чатыры гады маленькі Давідка паслухмяна хадзіў у хедар у Барысаве, пакуль ягоны бацька зарабіў 144 даляры ў Новым свеце - кошт пераезду сям'і, каб выратавацца ад жабрацтва і пагромаў у імперскай Расеі. Хлопчык не заўважаў задухі ў таннай каюце - думкамі ен ужо быў у новым жыцці... 



Але Амерыка не сустрэла яго розамі. Бацька надарваўся,захварэў і памёр. І клопаты аб сям'і ляглі на плечы 13-цігадовага юнака. Спачатку ен прадаваў газэты ў розніцу, а потым адчыніў маленькі шапік. Але амбіцыі хлопчыка былі далека ад гандлю. Чыста апрануўшыся, ён пайшоў шукаць працу ў газэту, каб зрабіцца журналістам... Але памыліўся і трапіў у суседнія дзверы. А, можа, зусім не выпадкова... Гэта была фірма нобелеўскага ляўрыята па фізіцы Гульельма Марконі. Упарты беларускі габрэйчык сумяшчаў працу кур'ера з тэхнічнай адукацыяй і вывучэннем ангельскай мовы. Стараннага супрацоўніка заўважылі і прнызначылі спачатку малодшым тэлеграфістам. Потым ён стаў кіраўніком аддзелу. Але не спачываў на лаўрах, а імкнуўся далей,наперад...

Каб вучыцца на вячэрнім аддзяленні электратэхнічнага факультэта інстытута, Дэвід уладкаваўся на дзённыя радыёдэжурствы найбуйнейшай крамы багацея Уонамейкера, які вырашыў абсталяваць на даху ўнівермага станцыю пастаяннай сувязі са сваім аддзяленнем у Філадэльфіі. Паводле легенды, 14 красавіка, як звычайна праслухоўваючы эфір, Дэвід адчуў слабы сігнал: карабель "Тытанік" сутыкнуўся з айсбергам і імкліва тоне...


Наступныя трое сутак Дэвід не здымаў навушнікаў, запісваючы імёны ахвяраў і перадаючы іх прэсе. Натоўпы рэпарцёраў, сваякоў і сяброў пасажыраў "Тытаніка" аблажылі ўнівермаг. Паліцыя з цяжкасцю стрымлівала іх. З Белага дома рушыла ўслед распараджэнне прэзідэнта Тафта, каб усе астатнія радыёстанцыі спынілі працу, не ствараючы перашкод адзінокай вахце аператара Сарнова. Партрэты маладога Дэвіда Сарнова абышлі першыя палосы ўсіх газет свету. Неўзабаве ён быў прызначаны на пасаду намесніка галоўнага мэнэджара па новай тэхніцы ў кампаніі Марконі....


Ен напісаў кіраўніцтву фірмы "мемарандум" аб развіцці радыё, дзе намаляваў перспектывы.Па задумцы Дэвіда новы сродак камунікацыі павінен прыйсці ў кожны дом. "У мяне ў галаве план развіцця, які прывядзе радыё ў кожны дом як піяніна або фанограф. Музыку варта прынесці ў хату без правадоў. Прымач, радыё-музычную шафу з некалькімі даўжынямі хваляў, якія могуць перамыкацца простым націскам адной кнопкі". Пасля гэтую скрыню назвалі радыёла... На яго глядзелі, як на дзівака, але гэта не бянтэжыла Сарнова... 


Калі яго назначылі кіраўніком Амерыканскай радыёкарпарацыі, Дэвід угледзіў перспектыву ў вынаходніцтве іканаскопа, які прыдумаў расейскі эмігрант Зварыкін. Уклаўшы мільёны ў пачатак развіцця тэлебачання, Сарноў вельмі рызыкаваў. Але спадзяваўся на сваю інтуіцыю...


Падчас Другой Сусветнай вайны Сарноў  быў мабілізаваны Эйзенхаўэрам, каб наладзіць сувязь паміж дзяржавамі-саюзніцамі, у войсках, зрабіць ва Францыі Свабоднае радыё Эўропы, стаў брыгадным генералам...
Але вузлянскі летуценнік не спыняў свае мары аб тэлевізіі - каляровай скрыні для інфармацыі. забавы і развіцця людзей. Ён верыў у будучае тэлеіндустрыі..."Я веру, - казаў ён, што тэлебачанне - тэхнічны сродак перадачы малюнкаў, такі, як радыё для перадачы гуку - прыйдзе ў бліжэйшы час".

Першая тэлевізійная «праграма» ў 1939 годзе транслявала прысвячэнне Павільёна RCA на Сусветным кірмашы ў Нью-Ёрку, і прымаў у ёй ўдзел не хто іншы, як кіраўнік RCA Дэвід Сарнофф. У тым жа годзе Сарнофф сказаў натоўпу:

"Цяпер мы дадаем зрок да гуку". А потым яшчэ: "З пачуццём пакоры я прыйшоў да гэтага моманту: аб'явіць аб нараджэнні ў гэтай краіне новага мастацтва, гэтак важнага ў яго наступствах, што яно абавязкова закране ўсё грамадства. Гэта мастацтва, якое ззяе як факел надзеі ў неспакойным свеце. Гэта творчая сіла, якую мы павінны навучыцца выкарыстоўваць на карысць усяго чалавецтва. Гэта цуд інжынернага майстэрства, якое ў адзін цудоўны дзень прывядзе свет да дома, таксама прынясе новую амерыканскую прамысловасць, каб служыць матэрыяльнаму дабрабыту чалавека. Тэлебачанне стане важным фактарам  амерыканскага эканамічнага жыцця".


Сарноў ня быў "белым ды пухнатым".Гэта была так званая "акула бізнесу". Другі бок медалю "сапраўднага амерыканца". Ён выкарыстовываў таленавітых вынаходцаў, іх ідэі, а потым падмінаў апошніх пад сябе, скупляў патэнты. Дзякуючы таму, што шмат гадоў быў саветнікам ажно 10 прэзідэнтаў ЗША, Сарноў лобіраваў і тармазіў адны праекты на карысць другім. Так FM-прымачы вынаходніка і ягонага таварыша Армстронга, якія маглі перешкодзіць развіццю тэлевізіі, перавялі ў пэўныя частоты, дзе немагчыма было слухать праграмы з другога боку Амерыкі. Армстронг судіўся з Сарновым, прайграў і скончыў жыццё самагубствам. "Я яго ня забіваў!", - ускрыкнуў у адчаі Дэвід на пахаванні.  Жорсткая акулавая хватка Сарнова каштавала кар'еры шмат каму але спрыяла прагрэсу. Балівар не вынясе дваіх!


У жыцці Сарнова ўсё было невыпадкова. У той год, калі хлопчык ляжаў у калысцы, быў адкрыты электрон. Ягоны стрыечны брат і біёграф Юджын Лайанс  пісаў: "Хлопчык з глухой рускай вёскі сустрэўся са сваім блізнюком - электронам. І яны пройдуць не да канца па жыцці, але застануцца навекі ў гісторыі і Амерыкі, і радыёэлектронікі". Лайанс памыляўся ў адным: Дэвід фармальна нарадзіўся на ўскраіне Расейскай імперыі, але быў ўскормлены на беларускай глебе. Менавіта беларуска-габрэйская ментальнасць вызначыла стрыжань ягонага нясхільнага характару. 

Так, Дэвід Сарнофф быў акулай радыё і тэлеіндустрыі. Але Давід Сарноў заставаўся ў душы рамантыкам з маленечкіх беларускіх Вузлянаў. Яго называлі "вялікім тэлевізійным летуценнікам". Вузлаватая кар'ера нікому невядомага вузлянскага генія прынесла незвычайны гешэфт не толькі Сарнову, але і ўсяму чалавецтву. 

Націскаючы кнопку тэлевізара, людзі ўсяго свету кожны раз салютуюць нашаму суайчынніку Давіду Сарнову!



Д А В Е Д К А


Нарадзіўся ў габрэйскай сям'і Абрама і Ліі Сарновых ў мястэчку Узляны Ігуменскага павету Мінскай губерні (цяпер вёска Узляны ў складзе Узлянского сельсавета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Беларусі). У 1900 годзе Давід Сарноў эмігрыраваў у ЗША.

З 1906 г. працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі» (Нью-Ёрк). 14 красавіка 1912 г. прыняў радыётелеграму пра крушэнне лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

З 1919 года працаваў у карпарацыі па вытворчасці радыёэлектроннай апаратуры RCA, з 1922 году - яе віцэ-прэзідэнт, з 1930-га - прэзыдэнт, у 1947-1970 гадах - старшыня савета дырэктараў. У 1926 годзе заснаваў «Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію» (NBC). З пачатку 1920-х гадоў з'яўляўся дарадцам дзесяці прэзідэнтаў ЗША.

Давід Сарноў арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939 года). Пад ягоным кіраўніцтвам створаная сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы відэамагнітафонам (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі відэафільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп'ютэрызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Kensico Cemetery гарадка Valhalla, штат Нью-Ёрк.

Узляны (трансліт.Uzlianyруск.Узляны) — вёска ў Пухавіцкім раёнеМінскай вобласці. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. За 35 км на паўночны захад ад раённага цэнтра, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск-Асіповічы, пры р. Вушанка.

Ёсць версія паходжання ад слова “вузел”, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, "звязвае" паміж сабой шматлікія мястэчкі.

Упершыню у афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны – пераважала беларускае.