вторник, 13 февраля 2018 г.


ВАШ



Ваш выбітны ліхадзей,
Я гуляю па раманах,
У адзежы разадранай
Так далека ад людзей...

Воўк, сам насам я палюю,
А каўнер заўседы белы...
Усіх каханак абцалую
Я з імпэтам ашалелым.

Я - пісьменнік не ад густу,

Ад самоты і нястачы...
А на сэрцы зноўку пуста
Кроў застыла, не іначай...


Як дзікун хаджу па лесе,
Рабаваннем зарабляю...
Нада мной вісяць наверсе
Дыямэнты, што кахаю...

Адзінокай і бліскучай
Паўстае мая каханка...
Зорны хвост ёй надакучыў,
Як бязглуздая бляшанка...

Азарае шлях мне ўночы,

Вабяць зорачкі шалёна...
Я насустрач ёй пакрочу...
Шлюбным шляхам маладзёна...

Ц-сс! Мяне ўжо даўна няма, а падаецца, быццам і па-за жыццём мяне пільнуюць і трымаюць за кратамі... А, можа, за 11 гадоў зняволення па турмах я так прызвычаіўся да пільнага вока, што яно стала неабходнасцю майго існавання... Ах, так, мяне ж няма... Я - здань, быццам тая, з майго рамана...



Таго самага, праз які я ледзве не далучыўся да "вяршкоў грамадства", не стаў Нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры...Ліхадзей і літаратура? Гэта кур'ёзна, але сімбалічна. Бо ведаеце, каб стаць пісьменнікам, патрэбны толькі "пракрустава ложа" абставінаў, сшытак і жаданне выжыць...



Таленту спрыяюць голад, холад, адзінота... Калі грэешся творчым запалам, сілкуешся вобразамі і сябруеш толькі са сваім уяўленнем...


Злачынца, кантрабандыст, супрацоўнік трох выведак,амаральны тып, які ня грэбаваў нічым, побач з выбітнымі беларусамі? Справа ў тым, што я пратачыўся ў блог супраць волі аутара... Пралез, як на памежжы, таямнічымі сцежкамі, употай, прадзіраючыся праз забыццё нашчадкаў і маральныя стэрыятыпы...

ТАК, я не анёл, я - сын свайго супярэчлівага часу, польскага шляхціца Міхала Пясецкага і ягонай беларускай служкі... Байструк, які дарваўся да пяра, абарваўшы струны сваёй душы... Менавіта на іх трымаецца мая проза, якая вабіць чытача не прыгажосцю стылю, а жорсткасцю праўды,  аголенасцю і натуральнасцю кожнага слова... Бо жанглюю ў галаве не словамі і метафарамі, а ўражаннямі і пачуццямі...



Я - каханак Вялікай Мядзведзіцы... А, можа, яе сын - зорны хлопчык, здольны запальваць агмень ад сэрца і перадаваць гэтыую жорсць праз сваі кнігі...


Па маленечкай каморы тузаецца туды-сюды хударлявы чалавек з сінню пад вачыма. Часам ён кідаецца на ложак, варушыць задуменна валасы, апотым ускідваецца, сядае і шпарка штабнуе нешта у сшытаку...

 Пільнае вока ахоўніка уважліва сочыць за небяспечным вязнем, які ўжо арганізоўваў тры турэмныя бунты. Яго пераводзілі з вязніцы ў вязніцу, пакуль не трапіў у самую суворую - "Святы Крыж". Чвэрць зняволеных тут паміралі. Хварэў на сухоты і гэты бунтар, але нядаўна папрасіў ня ежы альбо лекаў, а паперу і аловак. Невядома дзе знайшоў аб'яву пра літаратурны конкурс і вырашыў прыняць удзел. Кіраўніцтва вязніцы дазволіла: хай лепей піша, чым бунтуе...



"Пішу, бо пісаць павінен. Гэта ёсць мая арганічная патрэба, неадольнае і непераможнае жаданне...  Навала ўспамінаў часам палохае мяне. Развальвае гэта мой розум. А ў той жа час здаровы сэнс падказвае пісаць павольна, цярпліва, спланавана, удасканальваць стыль, пазнаваць мову, пашыраць навуку. Як гэта цяжка без неабходных кніг, у неадпаведных умовах. Як прыкра раскладваць працу на месяцы, гады, калі хочацца яе зрабіць адразу… каб мець супакой"...




За 28 дзён вязень напісаў раман "Пяты этап" пра агента выведкі, які забараніла турэмная цэнзура. Затое другі твор - "Каханак Вялікай Мядзведзіцы"- перамог у конкурсе і трапіў на вочы выдаўцу і пісьменніку Мельхіёру Ваньковічу. 
Той ня толькі выдаў раман, але і разгарнуў у прэсе барацьбу за вызваленне таленавітага пісьменніка,у выніку чаго той у1937 годзе выйшаў датэрмінова на волю...

Пра што раман? Што падштурхнула чытачоў закахацца ў кнігу і яе аўтара? Пра мяжу. перамытнікаў, астрог, сяброўства і чалавечы гонар. здраду і ашуканства... Але ўсё роўна пра каханне. Да людзей, прыроды, жывел, а асабліва да зорак... Пра што б не пісаў беларуска-польскі самародак ад літаратуры, ён заўсёды пісаў пра каханне. І ўмеў высока закідваць галаву... Але быў і добрым назіральнікам, псіхолагам, ведаў чалавечыя характары, вобразна ўяуляў рэчаіснасць...

"Калі задумацца, дык не варта жыць на свеце! Нуда, сум, шэрасць… Вакол не людзі, а чалавекі-чалавечкі — практычныя, баязлівыя, якія зубамі і кіпцюрамі трымаюцца за кавалак нэндзнага існавання, гатовыя за яго горла кожнаму перагрызці… Прыземленыя, мяшчанскія словы, пачуцці, учынкі… Анічога вялікага, узнёслага…


Каб не ўляцець, трэба быць хамам! Каб працаваць доўга і эфектыўна, трэба быць хамам! Адвагі, спрыту, ведаў мала. У нас трэба як найболей мець хамства! У нас толькі хамствам можна заімпанаваць людзям. У нас: чым большы чалавек, тым большы хам… "...


Выйшаў з-за кратаў знакамітым пісьменнікам. Амаль што з дзіркай у кішэні. Бо ягоныя творы, употай апублікаваныя Ваньковічам ў розных краінах, не прынеслі яму ганарараў. На што жыць і сілкавацца "разброенаму чалавеку", які ня меў іншых "прафесій", акрамя выведчыка і кантрабандыста? І тут фартуна абярнулася да яго тварам: раман "Каханак Вялікай Мядзведзіцы" быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію...


 Але... грымнула Другая сусветная вайна. Знайшлася "праца" у Арміі Краёвай. Ваяваў з фашыстамі, дэмабілізаваўся і эміграваў спачатку ў Італію, потым - у Лондан. Горад, які лічыў занудным, але пражыў там да смерці. 

Жыў сціпла. Зарабляў, як мог. Пісаў да апошняга дню, кансультаваў ангельскую выведку. Памёр і пахаваны ў Гасцінгсу...

Як вы здагадаліся, гэта мая кароткая аўтабіяграфія. Я пісаў яе некалькі разоў па загаду выдаўцоў. З чорным гумарам, без павагі да ўласнай пэрсоны... Бо мая сапраўдная біяграфія - у дванаццаці аўтарскіх раманах. выдадзеных на розных мовах ва ўсім свеце. Нажаль, на мове маей радзімы - беларускай - упершыню толькі у пачатку трэцяга тысячэгоддзя. І яшчэ ў вершах, якія бесслядоўна зніклі... 

Можа, я сам іх і знішчыў, саромеючыся душэўнай лірыкі, ня памятую... А,можа, хітрую... Бо толькі ў глыбіні чулага сэрца нараджаюцца такія радкі: «Месяц лье на пагранічча бляклыя халодныя праменні. Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі…”

“Блукаю адзін па лясах, палях, лугах. Крочу начамі па паграніччы. Самотная і таямнічая цішыня палёў і лясоў навучыла мяне многаму. Навучыла мяне лепей разумець людзей, нават тых, якіх не бачу, нават тых, якія адышлі… Адзінота навучыла мяне думаць і любіць… Таму люблю лес — як рысь, як воўк.

Люблю зброю — як найлепшага сябра, і надзвычай люблю ноч: самую надзейную маю каханку."... 

"Так, натужлівая і небяспечная прафесія перамытніка! Аднак адчуваў, што кінуць яе мне было б цяжка. Прыцягвала яна, як какаін…



Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля — гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай…"...

Што, мяркуеце вы, засталося маім нашчадкам? І дзе яны зараз? У Беларусі ці ў Польшчы, а можа, недзе ў Амерыцы? Усё роўна, дзе жывуць мае праўнукі. Наўрад ці яны ганарацца прадзядулям і шануюць адзіную спадчыну, якую я пакінуў ім - гонар і талент, імя, загартаванае ў бойках з жыццём, з якіх заўсёды выходзіў пераможцам. І, канешне, бачны з любога кутка зямлі, коўш Вялікай Мядзвездіцы...

Д А В Е Д К А

СЯРГЕЙ ПЯСЕЦКІ. АЎТАДЭНУНЦЫЯЦЫЯ

Нарадзіўся я даволі даўно. Як гэта ўсё было, ўжо ня памятаю, таму ня буду выдумляць. А што тычыцца розных там дакумантаў, дык пасьля таго, як я навучыўся па-мастацку падрабляць іх, я перастаў ім давяраць. Мажліва, што адбылося гэта 1 чэрвеня 1899 года (насамрэч у 1901). Прынамсі, так цьвердзілі судзьдзі й пракуроры, калі падрабязна разьбіралі мае вартасьці й недахопы падчас даволі шматлікіх судовых паседжаньняў, чым вельмі засмучалі мяне, бо ад прыроды я надзвычай сьціплы чалавек і не люблю сябе рэклямаваць. Калі гэта праўда, дык зараз мне 48 гадоў, выглядаю я на 38, пачуваюся на 28, а паводжу сябе так, як бы мне было 8. 


Вучыўся я вельмі дрэнна. Хутчэй, зусім не вучыўся. Паводзіў сябе яшчэ горш. Татусь заўсёды казаў, што я скончу вельмі дрэнна. А паколькі татусь і старыя цёткі не маглі ня мець рацыі, дык усё склалася так, як яны й прадказвалі: я зрабіўся пісьменьнікам. А гэта, падобна, ужо невылечна. Адсюль такая мараль: за тое, што ў школе я не зьвяртаў увагі на кнігі, цяпер, як пакараньне, мушу пісаць іх.


Характар маю надзвычай зьменлівы. Зь неахвотаю й з сорамам прызнаю гэты недахоп. Напрыклад, у дзяцінстве я вельмі ж не любіў гарэлкі й дзяўчынак.



Гарэлка была для мяне нясмачнаю, а дзяўчынкі раздражнялі мяне сваім інакшым целаскладам — як каты ці сабакі. Потым мне прыйшлося да густу як адно, так і другое, хаця ж абедзьве гэтыя схільнасьці ня раз прыносілі мне багата клопату. 


У майго татуся была надзвычай дзіўная прафэсія: як загадчык паштовага аддзяленьня, ён высылаў чужыя лісты й тэлеграмы. Гэта быў страшэнна нудны занятак, і я, як добры сыночак, каб зраўнаважыць гэта, ладзіў розныя авантуры. Калі яны рабіліся асабліва цікавымі, дык судовыя ўлады й паліцыя накіроўвалі мяне да вязьніцы, дзе я мог бесклапотна адпачываць. Забава гэтая так падабалася судзьдзям, што яны ў 1926 годзе засадзілі мяне ў вязьніцу на 15 гадоў, што, як на мяне, было выдатнай ідэяй. Таму я шматкроць сьціпла спрабаваў ухіліцца ад такога клопату й вызваліць вязьніцу ад цяжару майго ўтрыманьня. Урэшце мяне дзеля разнастайнасьці пераслалі ў надзвычай цікавае месца на Сьвятым Крыжы, што стаіць на Лысае Гары й плавае ў хмарах. 


Там, каб яшчэ больш надакучыць сабе, я напісаў раман, які невядома чаму меў вялізны посьпех, так што быў перакладзены на шмат моваў. Гэта было ўжо залішне, і 2 жніўня 1937 году, начальнік вязьніцы загадаў мне ісьці прэч, хаця ж — каб я не напісаў таго раману — дык мог бы бесклапотна пражыць там яшчэ 4 гады. Здарылася гэта пасьля 11 гадоў знаходжаньня ў тых месцах, калі я толькі пасьпеў да ўсяго прызвычаіцца. Так, для даведкі, дадам, што цяжэй за ўсё адбываць у зьняволеньні толькі першыя 10 гадоў. Я мусіў пакінуць вязьніцу й зноў клапаціцца пра сваё ўтрыманьне.


Калісьці мае палітычныя погляды былі наступнымі: біць белых, пакуль не пачырванеюць, а чырвоных, пакуль не зьбялеюць. Але атрымалася, што чырвоныя заўсёды былі чорнымі, а белыя — ружовымі. Таму лічу, што трэба чырвоных адбяліць. Я рабіў гэта заўсёды даволі дбайна, бо не выношу чыіхсьці заганаў, мне хапае й сваіх.


Я ўмею рабіць шмат карысных рэчаў: жангляваць, хадзіць на рукох, варушыць вушамі, даставаць языком носа — чым сапраўды ганаруся. Зь менш цікавых: шпегаваць, займацца кантрабандаю й багата чаго яшчэ, пра што не хачу ад прыроджанае сьціпласьці згадваць. Але зараз я не займаюся ўсім гэтым, бо судовыя ўлады паказалі недахоп пачуцьця гумару ў адносінах да мяне. У адказ я пазбавіў іх добрага кліента. Раней маёй асобаю цікавіліся: паліцыя, сьледчыя, судзьдзі, пракуроры, памежнікі. А цяпер — толькі выдаўцы й рэпартэры. Выдаўцы існуюць на тое, каб стрыгчы аўтара й чытача. Яны робяць гэта беспакарана — калі толькі не чытаюць таго, што выдаюць. А рэпартэры існуюць на тое, каб задаваць неразумныя пытаньні. Адзін, напрыклад, спытаўся ў мяне падчас інтэрвію: “Што б вы зрабілі, калі б вас пакінулі на ноч у банку, дзе была б адамкнутая агнястойкая шафа, поўная грошаў?” Я яго ўважліва так агледзеў ды адказаў абсалютна сур'ёзна: “Я б ня спаў усю ноч ды прыклаў бы ўсе намаганьні, каб пан не патрапіў да банку”.


Я пішу раманы з агідаю да гэтае нуднае працэдуры. Дасюль яшчэ не прачытаў ніводнага зь іх — папросту лянуюся. Крытыкі аднагалосна называюць мае кнігі “амаральнымі”. Таму лічу, што створанае мною могуць чытаць толькі асобы маральна ўстойлівыя, або тыя, хто ня мае аніякай падобнай устойлівасьці. Пісаць лісты я таксама не люблю, за выняткам “палюбоўных”. Гэтыя я пішу пад капірку ў дзесяці асобніках, а потым — па патрэбе — стаўлю дату й адсылаю. Таму пасьля маёй сьмерці біёграфы ня будуць мець вялікае пацехі з маёй “інтымнае” творчасьці.


Зараз я жыву ў месьце, дзе жыве столькі людзей, як на Літве, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Нарвэгіі разам. Таму тут так цесна ды нудна. Гэта места завецца Лёндан. Тут жывуць ангельцы, паліцыянты ды я. Падобна, што ангельцы размаўляюць па-ангельску, бо я іх зусім не разумею й падазраю, што яны й самі сябе не разумеюць.Паліцыя тут замест таго, каб канкураваць ці супрацоўнічаць са злачынцамі й атручваць жыцьцё грамадзянам — як гэта адбываецца ва ўсіх іншых мейсцах — клапоціцца аб іх, сьцеражэ дзяцей ад нядобрых выпадкаў і вельмі далікатна, дакладна і з ахвотаю інфармуе ўсіх аб сваёй дзейнасьці. А я пішу раманы, узбагачаю выдаўцоў і чакаю, калі д'ябал — усё роўна якога колеру — задушыць нашэсьце бальшавікоў, каб я мог вярнуцца ў Польшчу, якую люблю перад усім. 


Выдадзена шэсьць маіх раманаў. Адзін з жыцьця прафэсійных кантрабандыстых. Два з жыцьця прафэсійных шпегаў. Тры з жыцьця прафэсійных злодзеяў. Я яшчэ шмат напішу. Скончу ўсё цыклям “Крывавыя дзеі прафэсійных выдаўцоў”. 


Да пабачэньня, Чытачы: падрабязнасьці ў кнігах!



17 ліпеня 1947 г., Лёндан.


Сяргей Пясэцкі


(па-польску: Sergiusz Piasecki; 1 чэрвеня 1901 — 12 верасьня 1964) — адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменьнікаў беларускага паходжаньня XX стагодзьдзя.

Нарадзіўся ў Ляхавічах у сям’і беларускі і зрушчанага паляка. У часе Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1917 году ён апынуўся ў Маскве. А празь некалькі месяцаў пазьней вярнуўся на радзіму і далучыўся да беларускага антысавецкага руху «Зялёны Дуб», а пазьней да Літоўска-Беларускае дывізіі польскага войска. Пасьля вайны працаваў агентам польскай выведкі. Пазьней учыніў некалькі паважных злачынстваў і быў асуджаны на 15 гадоў зьняволеньня.

Пясэцкі стаўся пісьменьнікам выпадкова. Ягоная вязьніцкая проза прыцягнула ўвагу слыннага польскага пісьменьніка і журналіста Мэльхіёра Ваньковіча. Той заахвоціў яго працягваць пісьменьніцкія намаганьні і дапамог яму выдаць першую кніжку — «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Выданьне і нечуваны посьпех кніжкі сталіся для Пясэцкага ключом, які адкрыў ягоную вязьніцу.

Памёр ад рака ва Ўэльсе, Вялікабрытанія. На ягоным надмагільным камяні высечаная Вялікая Мядзьведзіца...

Ягоная проза грунтавалася на найбольш экстрэмальных жыцьцёвых прыгодах. Пясэцкі магчыма найбольш вядомы кніжкай сваёй аўтабіяграфіяй «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» («Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy») і антысавецкай сатырай «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» («Zapiski oficera Armii Czerwonej»).


РАКАЎ

 — вёска ў Беларусі, на рацэ Іслачы. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2626 чалавек. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, за 39 км ад Менску; за 16 км ад чыгуначнай станцыі Беларусь, каля аўтамабільнай дарогі Менск — Горадня.



Ракаў — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваліся былы дамініканскі касьцёл Сьвятога Духа ў стылі барока і капліца Сьвятой Ганны ў стылі клясыцызму, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.


Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў XVIII ст. жылы корпус кляштару дамініканаў, зруйнаваны расейскімі ўладамі, і комплекс манастыра базылянаў з царквой Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, зруйнаваны савецкімі ўладамі...

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ракаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. 

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году
Ракаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Віленскага ваяводзтва. У гэты час тут было 552 двары. Непадалёк ад мястэчка праходзіла граніца з БССР, што спрыяла вялікаму эканамічнаму ўздыму. У гэты час Ракаў быў улюблёным месцам кантрабандыстаў, шпіёнаў з абодвух бакоў, тут працавалі 96 рэстарацый і два публічныя дамы.


Даведаўшыся,што адна з маладых рэжысёрак зняла пра мяне дакумэнтальную стужку "Наш выбітны ліхадзей", парыраваў назвай гэтага артыкула. Спрачацца нябожчыку з жывымі складана. Да таго ж, з тэлевізіей, якой у мой час не было, мала знаёмы...

Але мушу не згадзіцца з назвай фільма. "Наш" - гэта чый? Па паходжанні я польска-беларускі пісьменнік. Бацька - польскі шляхціць, маці - беларуска. Для Савецкай Беларусі ўвогуле варожы элемент. 

"Выбітны" - ну, тое-сёе выбітнага ўва мне ёсць. Каб не Другая Сусветная вайна, я мог апынуцца першым беларусам  - лаўрэятам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Першым у свеце быў Бунін. Згадзіцеся, у такой кампаніі быць не сорамна. 
А наконт "ліхадзей" справа складаная. Фармальна так. Рабаваў, забіваў, жыў не па сумленні. Але модны зараз вобраз "авантурыста", "высакароднага злодзея",  гэткага беларусага "Джэймса Бонда" ці адэскага "Бені Крыка" не адпавядае маей натуры. Я - не авантурыст з вялікага шляху, а, хутчэй, рамантык. І жыцце выведчыка, кантрабандыста навязанае мне абставінамі жыцця. Я б пераважаў быць назіральнікам-літаратарам, а не ўдзельнікам тых падзей.
 Амбіцыёзная маладая рэжысёрка пайшла трафарэтным шляхам. Са стужкі паўстае вобраз разбітнага хулігана, маргінала, хоць незнарок згадваецца шляхетнае паходжанне. Я дарую маладой дзяучыне гэтую памылку, бо яна не  чытала маіх вершаў. Да і амаль ніхто іх не чытаў, бо яны кудысці зніклі... І, дай Божа, што лірыка маёй душы засталася за кадрам. Хай мае праўнукі і нашчадкі бачаць мяне безжурботным і безшабашным чалавекам, які не скарыўся лёсу, а весела злавіў фартуну за хвост. Як і належыць Каханку Вялікай Мядзведзіцы...













пятница, 26 января 2018 г.


     А К У Л А  З  В У З Л Я Н А Ў

Як завязаць свой лёс у вузел?
Да вельмі проста - быць сабой!
Прынесці ў хату добрым людзям
Дабро, культуру і спакой...

Замест ізгоя выйсці зоркай,
Зрабіць Амерыку на раз!
І быць заўсёды дальназоркім,
Ня ведаць ганьбы і параз!

Габрэй маліўся аб прагрэсе,
Вучыўся, марыў, працаваў...
На беларускім добрым цесце
Ён летуценні заснаваў!

Гешэфт таксама быў у пляне,
Але найпершае - палёт...
Набыў в Вузлянах выхаванне
Касмалітык-патрыёт...



Цячэ мелодыя са скрыні,
І Рузвельт гутарыць з табой...
І сам маэстра Тасканіні
Нясе нам веліч і спакой...


І на пачэсным месцы ў хаце
Стаіць не скрыня, а прэстыж...
Сядзіш ты у тапках і халаце
І ў свет прыдзірліва глядзіш...

І, націскаючы на кнопку,
Мы салютуем кожны раз
Сарнову, што не кінуў у топку 
Тэхнічны свой іканастас...



Ён быў драпежнаю акулай.
Бо бізнес - гэта не прудок,
А акіян, дзе плоціш шкурай
За кожны няўдалы крок.

Але садзейнічаў прагрэсу,
Святло дабыў ён для людзей  -
Ліцвін габрэйскага замесу,
Тэлевізійны Праметэй!






  Давід Сарноў рассек гардзіеў вузел свайго лёсу, каб, паводле міту, правіць светам. Гэтая сакральная рэч - вузел - прайшла праз усё  жыццё хлопчыка з беларускіх Вузлянаў...



Ён ператварыў яго  у радыёвузел - культавае месца ахвярапрынашэнняў пачатку ХХ стаходдзя. Бо першыя апантаныя телеграфісты бадай што не адыходзілі ад прымачоў, як зараз гульцы ад кампутараў. Яны лавілі кароткахвалявыя сігналы sos, слухалі галасы і мелодыі з-за акіяну.


Але такую асалоду асветы і    забавы ім падараваў усе той жа беларускі габрэй з мястэчка Вузляны пад Менскам, дзе невыпадкова нарадзіўся ў добры час. Усё - жабрацкае дзяцінства, эміграцыя ў Амерыку, патрэба карміць сям'ю спрыяла росту ягонай упэўненасці ў асабістую абранасць, вырабатцы формул жыцця і працы. Яму пашэнціла ператварыць вузлавыя моманты ўласнай біяграфіі ў кропкі адліку новых узлётаў... 




Жыхары былой БССР добра памятаюцЬ, як яны альбо іх бацькі ўпотай запіраліся на маленечкай кухні і праводзілі там цэлыя ночы. Там, амаль што пад коўдрай, савецкая інтэлігенцыя  слухала забаронены "Голас Амерыкі" - амерыканскую контрпрапаганду камунізму. Мала хто з тых рызыкоўных слухачоў і зараз ведае, што гэтая асвета прыходзіла па задумцы іхняга земляка Давіда Сарнова.



Так, так, менавіта Дэвід - маленькі хлопчык з занядбаных Вузлянаў на Міншчыне - адчыніў, а дакладней кажучы, выстукаў марзянкай, ганарыстую Амерыку, калі першым прыняў сігналы SOS з тонучага "Тытаніка"...


Кажуць,што легенда не павінна адлюстроўваць рэальнасць. У гэты дзень радыястанцыя, дзе працаваў тэлеграфістам Сарноў, была зачыненая на выходны. І ён проста  не мог трое сутак не адыходзіць ад прымача, кардынуючы выратавальныя намаганні. Але факт застаецца фактам: ужо з раніцы ўсі газэты свету апублікавалі на першых старонках ягоны партрэт. Але тут фартуна не памылілася. Многія гады малады тэлеграфіст адстойваў унікальнасць радыё. Журналістам і краіне патрэбны быў герой. А Дэвіду - рэкляма радыё і харызма...


Ён сапраўды "прачнуўся знакамітым". Але знакамітаць гэтая была не зоркавай хваробай, а апантанасцю радыёідэяй, жаданнем зрабіць новы сродак камунікацыі здабыткам кожнага амерыканца. Амерыканская мара адлюстравалася у Сарнове як ні  ў кім іншым.



Авантурыст з беларускай глыбінкі, з задаткамі выключнага бізнясоўца, "зрабіў" Амерыку. А яна, у свой час, як добрая мачыха, дала шанец "новаспечанаму сыну". Дэфід Сарноў быў амерыканцам з габрэйска-беларускай ментальнасцю. А гэтая грымучая сумесь не ведае паразы...




Чатыры гады маленькі Давідка паслухмяна хадзіў у хедар у Барысаве, пакуль ягоны бацька зарабіў 144 даляры ў Новым свеце - кошт пераезду сям'і, каб выратавацца ад жабрацтва і пагромаў у імперскай Расеі. Хлопчык не заўважаў задухі ў таннай каюце - думкамі ен ужо быў у новым жыцці... 



Але Амерыка не сустрэла яго розамі. Бацька надарваўся,захварэў і памёр. І клопаты аб сям'і ляглі на плечы 13-цігадовага юнака. Спачатку ен прадаваў газэты ў розніцу, а потым адчыніў маленькі шапік. Але амбіцыі хлопчыка былі далека ад гандлю. Чыста апрануўшыся, ён пайшоў шукаць працу ў газэту, каб зрабіцца журналістам... Але памыліўся і трапіў у суседнія дзверы. А, можа, зусім не выпадкова... Гэта была фірма нобелеўскага ляўрыята па фізіцы Гульельма Марконі. Упарты беларускі габрэйчык сумяшчаў працу кур'ера з тэхнічнай адукацыяй і вывучэннем ангельскай мовы. Стараннага супрацоўніка заўважылі і прнызначылі спачатку малодшым тэлеграфістам. Потым ён стаў кіраўніком аддзелу. Але не спачываў на лаўрах, а імкнуўся далей,наперад...

Каб вучыцца на вячэрнім аддзяленні электратэхнічнага факультэта інстытута, Дэвід уладкаваўся на дзённыя радыёдэжурствы найбуйнейшай крамы багацея Уонамейкера, які вырашыў абсталяваць на даху ўнівермага станцыю пастаяннай сувязі са сваім аддзяленнем у Філадэльфіі. Паводле легенды, 14 красавіка, як звычайна праслухоўваючы эфір, Дэвід адчуў слабы сігнал: карабель "Тытанік" сутыкнуўся з айсбергам і імкліва тоне...


Наступныя трое сутак Дэвід не здымаў навушнікаў, запісваючы імёны ахвяраў і перадаючы іх прэсе. Натоўпы рэпарцёраў, сваякоў і сяброў пасажыраў "Тытаніка" аблажылі ўнівермаг. Паліцыя з цяжкасцю стрымлівала іх. З Белага дома рушыла ўслед распараджэнне прэзідэнта Тафта, каб усе астатнія радыёстанцыі спынілі працу, не ствараючы перашкод адзінокай вахце аператара Сарнова. Партрэты маладога Дэвіда Сарнова абышлі першыя палосы ўсіх газет свету. Неўзабаве ён быў прызначаны на пасаду намесніка галоўнага мэнэджара па новай тэхніцы ў кампаніі Марконі....


Ен напісаў кіраўніцтву фірмы "мемарандум" аб развіцці радыё, дзе намаляваў перспектывы.Па задумцы Дэвіда новы сродак камунікацыі павінен прыйсці ў кожны дом. "У мяне ў галаве план развіцця, які прывядзе радыё ў кожны дом як піяніна або фанограф. Музыку варта прынесці ў хату без правадоў. Прымач, радыё-музычную шафу з некалькімі даўжынямі хваляў, якія могуць перамыкацца простым націскам адной кнопкі". Пасля гэтую скрыню назвалі радыёла... На яго глядзелі, як на дзівака, але гэта не бянтэжыла Сарнова... 


Калі яго назначылі кіраўніком Амерыканскай радыёкарпарацыі, Дэвід угледзіў перспектыву ў вынаходніцтве іканаскопа, які прыдумаў расейскі эмігрант Зварыкін. Уклаўшы мільёны ў пачатак развіцця тэлебачання, Сарноў вельмі рызыкаваў. Але спадзяваўся на сваю інтуіцыю...


Падчас Другой Сусветнай вайны Сарноў  быў мабілізаваны Эйзенхаўэрам, каб наладзіць сувязь паміж дзяржавамі-саюзніцамі, у войсках, зрабіць ва Францыі Свабоднае радыё Эўропы, стаў брыгадным генералам...
Але вузлянскі летуценнік не спыняў свае мары аб тэлевізіі - каляровай скрыні для інфармацыі. забавы і развіцця людзей. Ён верыў у будучае тэлеіндустрыі..."Я веру, - казаў ён, што тэлебачанне - тэхнічны сродак перадачы малюнкаў, такі, як радыё для перадачы гуку - прыйдзе ў бліжэйшы час".

Першая тэлевізійная «праграма» ў 1939 годзе транслявала прысвячэнне Павільёна RCA на Сусветным кірмашы ў Нью-Ёрку, і прымаў у ёй ўдзел не хто іншы, як кіраўнік RCA Дэвід Сарнофф. У тым жа годзе Сарнофф сказаў натоўпу:

"Цяпер мы дадаем зрок да гуку". А потым яшчэ: "З пачуццём пакоры я прыйшоў да гэтага моманту: аб'явіць аб нараджэнні ў гэтай краіне новага мастацтва, гэтак важнага ў яго наступствах, што яно абавязкова закране ўсё грамадства. Гэта мастацтва, якое ззяе як факел надзеі ў неспакойным свеце. Гэта творчая сіла, якую мы павінны навучыцца выкарыстоўваць на карысць усяго чалавецтва. Гэта цуд інжынернага майстэрства, якое ў адзін цудоўны дзень прывядзе свет да дома, таксама прынясе новую амерыканскую прамысловасць, каб служыць матэрыяльнаму дабрабыту чалавека. Тэлебачанне стане важным фактарам  амерыканскага эканамічнага жыцця".


Сарноў ня быў "белым ды пухнатым".Гэта была так званая "акула бізнесу". Другі бок медалю "сапраўднага амерыканца". Ён выкарыстовываў таленавітых вынаходцаў, іх ідэі, а потым падмінаў апошніх пад сябе, скупляў патэнты. Дзякуючы таму, што шмат гадоў быў саветнікам ажно 10 прэзідэнтаў ЗША, Сарноў лобіраваў і тармазіў адны праекты на карысць другім. Так FM-прымачы вынаходніка і ягонага таварыша Армстронга, якія маглі перешкодзіць развіццю тэлевізіі, перавялі ў пэўныя частоты, дзе немагчыма было слухать праграмы з другога боку Амерыкі. Армстронг судіўся з Сарновым, прайграў і скончыў жыццё самагубствам. "Я яго ня забіваў!", - ускрыкнуў у адчаі Дэвід на пахаванні.  Жорсткая акулавая хватка Сарнова каштавала кар'еры шмат каму але спрыяла прагрэсу. Балівар не вынясе дваіх!


У жыцці Сарнова ўсё было невыпадкова. У той год, калі хлопчык ляжаў у калысцы, быў адкрыты электрон. Ягоны стрыечны брат і біёграф Юджын Лайанс  пісаў: "Хлопчык з глухой рускай вёскі сустрэўся са сваім блізнюком - электронам. І яны пройдуць не да канца па жыцці, але застануцца навекі ў гісторыі і Амерыкі, і радыёэлектронікі". Лайанс памыляўся ў адным: Дэвід фармальна нарадзіўся на ўскраіне Расейскай імперыі, але быў ўскормлены на беларускай глебе. Менавіта беларуска-габрэйская ментальнасць вызначыла стрыжань ягонага нясхільнага характару. 

Так, Дэвід Сарнофф быў акулай радыё і тэлеіндустрыі. Але Давід Сарноў заставаўся ў душы рамантыкам з маленечкіх беларускіх Вузлянаў. Яго называлі "вялікім тэлевізійным летуценнікам". Вузлаватая кар'ера нікому невядомага вузлянскага генія прынесла незвычайны гешэфт не толькі Сарнову, але і ўсяму чалавецтву. 

Націскаючы кнопку тэлевізара, людзі ўсяго свету кожны раз салютуюць нашаму суайчынніку Давіду Сарнову!



Д А В Е Д К А


Нарадзіўся ў габрэйскай сям'і Абрама і Ліі Сарновых ў мястэчку Узляны Ігуменскага павету Мінскай губерні (цяпер вёска Узляны ў складзе Узлянского сельсавета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Беларусі). У 1900 годзе Давід Сарноў эмігрыраваў у ЗША.

З 1906 г. працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі» (Нью-Ёрк). 14 красавіка 1912 г. прыняў радыётелеграму пра крушэнне лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

З 1919 года працаваў у карпарацыі па вытворчасці радыёэлектроннай апаратуры RCA, з 1922 году - яе віцэ-прэзідэнт, з 1930-га - прэзыдэнт, у 1947-1970 гадах - старшыня савета дырэктараў. У 1926 годзе заснаваў «Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію» (NBC). З пачатку 1920-х гадоў з'яўляўся дарадцам дзесяці прэзідэнтаў ЗША.

Давід Сарноў арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939 года). Пад ягоным кіраўніцтвам створаная сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы відэамагнітафонам (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі відэафільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп'ютэрызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Kensico Cemetery гарадка Valhalla, штат Нью-Ёрк.

Узляны (трансліт.Uzlianyруск.Узляны) — вёска ў Пухавіцкім раёнеМінскай вобласці. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. За 35 км на паўночны захад ад раённага цэнтра, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск-Асіповічы, пры р. Вушанка.

Ёсць версія паходжання ад слова “вузел”, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, "звязвае" паміж сабой шматлікія мястэчкі.

Упершыню у афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны – пераважала беларускае.