вторник, 7 ноября 2017 г.

ДОН КІХОТ З БАГДАНАВА



Ён угрызаўся ў зямлю,
Але алоукам, не рыдлёўкай...


Араў ён будучнасць сваю
І колерам валодаў лоўка...

 Усё, што бачыў, маляваў:
Сядзібны дом і млын замшэлы...
Радзіму сэрцам адчуваў
І ў яе бясконца верыў...

Пісаў ён Віліі разліў
І веліч Віленскіх касцёлаў...
Мастак у душы паэтам быў,
Над ім кружыліся анёлы...

Як беларускі Дон Кіхот
Ён Княства адрадзіць імкнуўся...
І гэты велічны палёт
У малюнках шчыра адгукнуўся...


З палотнаў Рушчыца глядзіць
Само жыццё і захапленне
Прыродай нашай. Трэба жыць
Адным салодасным імгненнем...

І кожны згодны з мастаком:
Глядач, уражаны абшарам,
Паветрам п'яны, як віном,
І аддаецца светлым марам...

На тое быў ён Фердынанд,
Што Вострай Брамай захапіўся
І, аграніўшы дыямэнт,
Да зорак быццам далучыўся...


Памёр у Багданаве сваім
Пад небам бацькаўшчыны роднай...
Аблокі высяцца над ім,
Плывуць прыгожа і свабодна...

Старыя яблыні быццам выгінаюцца пад цяжарам часу...  Што гэта - апакаліпсіс ці абрысы вечнага жыцця? Гэта вядома толькі мастаку...


Але яго даўно няма з намі. Засталіся толькі жывыя трапяткія пейзажы - замалёўкі прыроды і асоб роднага краю. Фердынанд Рушчыц быццам не маляваў, а захоўваў для нашчадкаў дрэвы, хаты, часы году, кветкі, храмы і твары. Тое, што бачыў вакол, тое, что адчуваў сэрцам...



Родная Багданава на беларускай Валожыншчыне заўсёды вабіла, прыцягвала,натхняла...

Дом у Багданаве
Тут, у сям'і збяднелага шляхціца, ён нарарадзіўся, сюды раз-пораз вяртаўся падчас вучобы ў Пецярбургу, каб потым сталай асобай акрэсліць роднай бацькаўшчынай свой лёс...


Аднойчы ен убачыў селяніна, які араў зямлю... Цяжкую глебу бацькаўшчыны пад нізкімі магічнымі грознымі хмарамі... Падавалася, што гэтыя няўмольныя хмары зараз раздавяць і гэтага адважнага мужыка і нават самую зямлю... Упартая барацьба са стыхіяй - чым не метафара чалавечага жыцця. Паміж зямлёй і небам.
Паміж жахам і надзеяй... Заставалася толькі 
перанесці гэты вобраз на холст, надаць яму шэра-сінія колеры тугі і смутку, такія характэрныя для гэтага кутка зямлі і лёсу тутэйшых людзей... Так нарадзілася "Зямля" - карціна, якой дагэтуль захапляецца мастацкі свет...

"Вясна", якую набыў на выстаўцы Траццякоў, таксама "тутэйшая", "самотная беларуская вясна" - шэра-бела-карычневы выбух  прабуджэння, з выявамі брудна-ачышчальнага аднаўлення.

У ёй неверагодна адчуваецца нараджэнне жыцця... Глядач быццам адчувае, як прырода "скідвае старую скуру", выпрастоуваецца з бруднай цемры да сонца... 



"Млын узімку" заварожвае казачнай нерэальнасцю... "Ля касцела" - прывабная карціна мясцовага жыцця...

Але ўсё гэта было потым... Спачатку - вучоба ў Менскай гімназіі, першы настаўнік малявання Ермакоў, юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, Акадэмія мастацтва, майстэрні Шышкіна, Куінджы...

 Малады Фердынанд вылучаўся сярод сяброў сур'езнасцю, працавітасцю, прагай да самаўдасканалення... Ён быццам бы акрэсліў для сябе духоўную схіму і пакланяўся жывапісу...

Бацькі падтрымлівалі талент сына, ганарыліся ім. Менавіта ў сям'і знаходзіў Рушчыц прытулак для сэрца.
А прытулкам ягоных "крылаў" быў родны фальварак, які ён бясконца маляваў... нездарма ў самой назве яго прысутнічае божы пачатак - "богам дадзенае"...

"Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой..."- з запалам занатуе малады мастак у дзённіке...

Фернынанд падарожнічаў па свеце, выкладаў мастацтва ў Польшчы, Вільні...У 1904 годзе Рушчыца запрасілі на пасаду прафесара жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. У 1919-32 гадах ён быў прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, у 1907-1908 - Кракаўскай акадэміі мастацтваў, а пазней - у 1919-1932 - першым дэканам Віленскага універсітэту.

У Віленскім тэатры Младзіеўскай стварыў дэкарацыі да "Ліліі венеды", "Варшавянкі" і іншых пастановак. Аднаўляў касцёлы у Вільні і Вішнева... Убачыўшы аднойчы ікону Астрабрамскай Божай Маці, быццам зноўку нарадзіўся... І ўклаў душу ў мастацкае аднаўленне касцела... 

Касцёл у Вільні

У 1920-1930 гадах Рушчыц узначальваў камісію па ахове помнікаў старажытнасцей, шмат ездзіў па Беларусі, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў і руін, афармляў кнігі і часопісы...

Да сталай асобы мастака знянацку прыйшло сапраўднае каханне. Нарадзіліся дзеці. Ён асеў абшарнікам у Багданаве... І нават два гады заставаўся там закладнікам падчас нямецкай акупацыі ў Першую Сусветную вайну...

Дзіўна, што, калі Рушчыцы вярнуліся ў разрабаваны фальварак, да іх прыходзілі сяляне, якія захавалі частку маёмасці гаспадароў. Адзін з іх нёс на выцягнутых руках некалькі карцін...

Ён з запалам працаваў у камісіі па ахове помнікаў старажытнасцяў і нават захварэў, калі палякі скасавалі яе... Упарты ліцвін навучыўся маляваць левай рукой і скончыў жыццё на роднай зямлі...


Фердынанд Рушчыц лічыцца адным з лепшых мастакоў свету. Знаўцы захапляюцца сімволікай, каларыстыкай і моцным уздзеяннем ягоных палотнаў...

А ліцвін Рушчыц, быццам беларускі Дон-Кіхот, скасаваўшы будзённасць, падараваў нам ілюзію бессмяротнасці мараў, умацованых у жывапісу і ўкарэненых у роднай глебе. Ды так, што зачараваны  глядач, незалежна ад нацыянальнасці, адчувае гэтую сусветную настальгію разам з мастаком.


Д А В Е Д К А

Фердынанд Рушчыц (Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц; польск.: Ferdynand Ruszczyc; 10 снежня 1870, маёнтак Багданава Ашмянскага павета, цяпер Валожынскі раён — 29 кастрычніка 1936, там жа) — мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. 

Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам.




Род Рушчыцаў паходзіў з-над Буга і належаў да гербу «Ліс». Дзядуля і бабуля, Фердынанд і Ганна з Чаховічаў мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, капітан царскай арміі, абсальвент брэсцкага Кадэцкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнхальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фердынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. Родавым гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Багданаў, які яны былі вымушаны пакінуць на нейкі час у выніку паражэння паўстання Кастуся Каліноўскага. Вярнуліся ў свой маёнтак з Мінска толькі ў 1888 годзе. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і малодшы сын Фердынанд.
У 1918-1919 гадах прымаў удзел у арганізацыі аддзялення прыгожых мастацтваў у Універсітэце Стэфана Баторыя і быў яго першым дэканам.

Помнік мастаку ў Багданаве

У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выставы польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў уганараваны ордэнам Ганаровага легіёна.

У 1912 годзе мастак пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай (Gina Rouck), якая была маладзейшай за мастака на 22 гады, і 25 лістапада 1913 года ажаніўся з ёй. У шлюбе з Гінай нарадзілася шасцёра дзяцей (Фердынанд, Яніна,Багдан, Оскар, Эва, Барбара).


У Вільні на сцяне які выходзіць на двор корпуса былога дома Медыцынскай калегіі (вуліца Пілес 22), у якім у 1923-1934 гадах жыў Фердынанд Рушчыц, была адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам Рушчыца (скульптар Рамуалдас Квінтас).

Імя Фердынанда Рушчыца носіць гімназія ў Рудаміне пад Вільняй.


Імя Фердынанда Рушчыца носіць адна з вуліц у Менску.



"Пейзаж. Вілія."
У Беларусі на дадзены момант знаходзяцца тры карціны Рушчыца. Адна - "Ля касцёлу" - у зборы Нацыянальнага мастацкага музея, і дзве - у карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка: «Хлеў і прасла для сена» і «Пейзаж. Вілія."

Улетку 2015 года ў касцёле ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна знайшлі схоў, у якім сярод архіўных дакументаў і метрычных кніг захаваліся тры малюнкі алтароў. На думку навуковага кіраўніка рэстаўрацыі касцёла, беларускага мастака Алеся Пушкіна, іх аўтарам можа быць Фердынанд Рушчыц.