воскресенье, 29 января 2017 г.


НАСТАЛЬГІЯ

ПА-ЛІТВІНСКУ

Дала штурхель табе радзіма
Хай пад прымусам, усё роўна,
Жывы ты быццам і загінуў,
І не пабачыш болей Коўна...


І легендарны Мірскі замак,
Зямлю бацькоў і барскі дом...
Які абраць табе напрамак?
Гамора ўсюды і Садом...


У Паўднёвай Афрыцы прытулак
Знайшоў выгнанец-інсургент...
Мясцовых ён не пасвіў мулаў,
Ліцвінскі захаваў акцэнт...
Яго апосталам навукі
Агаласілі ў народзе...
Араўканам ціснуў рукі
І клапаціўся аб прыродзе.



Адкрыў даволі мінералаў,
Радовішч выкапняў каштоўных.
Але радзімы не хапала,
Каб глебу адчуваць грунтоўна.

І ён насіў яе пад сэрцам,
І ўсё рабіў у імя Айчыны...
Бо быў ліцвінам аж да смерці, 
Яе адданым годным сынам!...

Што такое настальгія? Для адных - "насоўка", "камізэлька", куды можна выліць свае пакуты і тугу па страчанай айчыне. Для другіх - тэатральны пафас, выігрышная роля выгнанцаў. І толькі для выбраных - імкненне пабудаваць храм у сваёй душы і плённа працаваць дзеля яго росквіту ўсё жыццё. І ніякія адлегласці не перашкодзяць гэтай адарацыі...

Калі  дзіцё адрываюць ад горача любімай матулі, штосці быццам абрываецца ў ім назаўсёды. Але прырода бярэ сваё. І сокі жыцця штурхаюць яго на пошукі страчанай цеплыні. Імкненне знайсці яе, быць годным, натхняе на гераічныя ўчынкі...

Малады спешчаны паніч ужо глынуў жыцця: быў пад арыштам, удзельнічаў у паўстанні, блукаў па Эўропе... І, быццам мімахадзь, скончыў Віленскі ўніверсітэт, у пятнаццаць гадоў
стаў бязвусым кандыдатам навук, потым горным інжынерам... Падавалася, ён пстрыкаў навукі, як арэхі...

Выгнанец-ліцвін мог зрабіць кар'еру ў лепшых эурапейскіх універсітэтах. А ён выбірае выкладанне хіміі ў чылійскім гарадку Какімба...


Гэта была не толькі авантура маладога гарачага шляхціца. Але і  ўсвядомлены выбар выгнанца без будучага, смяротна абражана чалавека.




Пачаць усё зноўку на другім канцы свету? А чаму і не? Губляць няма чаго...

Прыкладна так думаў Ігнат Дамейка, тры месяцы дабіраючыся да "зямлі запаветнай" - паўднёваафрыканскай Чылі...



 Ні страшэнны акіянскі шторм, ні жорсткая пераправа праз Кардыльеры не зламілі гэтага рамантыка і ідэаліста. Быццам з кожным крокам ён не аддаляўся, а набліжаўся да сваёй радзімы...


Нерастрачаныя духоўныя сілы знайшлі выхад сярод гор і абшараў чароўнай чылійскай прыроды...


 "Напэўна, няма краю, так непадобнага на наш, як гэты край, дзе мне давялося асесці пасля вайны, парыжскага шуму і далёкага падарожжа. Бачныя толькі скалы і мора. Ні лясоў, ні шырокіх палёў, дзе зелянеюць хлеба, ні такіх, як у нас, лугоў, ні вёсак.
Увесь гарызонт зачынены з усходу Кардыльерамі, вострымі грабянямі гор, колер якіх ўвесь час - ад усходу да заходу сонца - мяняецца », - вось першыя ўражанні ліцвіна аб Чылі.

Але менавіта тут Ігнат адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Займаўся мінэралёгіяй, фізікай, хіміяй, біялёгіяй, геалагічнымі пошукамі каштоўных выкапняў, збіраў цікавыя калекцыі...

Ігнату, чалавеку рэнесанснага тыпу, заўсёды чагосці не хапала. Запал да падарожжаў штурхнуў прайсці праз Кардыльеры да паселішчаў індэйцаў-араўканаў. Дамейку пашэнціла, што тыя не былі канібаламі. Яны гасцінна сустрэлі "бледнатварых" прыхадняў і дазволілі вывучаць свае побыт і звычаі. Вярнуўшыся дадому, Ігнат напісаў аб гэтым кнігу "Араўканія і яе жыхары" выдадзеную на многіх мовах...


Дамейку некалі было аддавацца дэпрэсіі і меланхоліі, займацца самабічаваннем, папіваючы віно, што так было ўласціва эмігранцкай інтэлігенцыі ягонага кола. І нават разыгрываць ахвяру было няма калі. Яго кіпучая энергія, прага жыцця і пераўтварэнняў патрабавалі выхаду. А навароджаная рэспубліка, якая вызвалілася ад шматгадовага гішпанскага прыгнёту і будавала сваё будучае, была ідэальнай глебай для рэфармацыі, мела патрэбу ў падзвіжніках.

Шукаючы ласкі страчанай Айчыны, Ігнат быццам даказваў сваю прыдатнасць да вялікіх здзяйсненняў. Быццам загадзя ведаў, што прыйдзе час, калі яго па-вартасці аценяць на роднай зямлі. Мабыць таму вёў падрабязны дзённік, які ператварыўся ў кнігу "Мае падарожжы".


Ідэаліст Дамейка быў інсургентам ва ўсім. Ён працягваў змагацца ўжо не за незалежнасць Рэчы Паспалітай, а за эканамічную і духоўную свабоду Чылі... 

У Какімба Дамейка стварыў школу па падрыхтоўцы спецыялістаў, арганізаваў лябараторыю для аналізаў руды, сабраў калекцыю мінералаў, арганізаваў метэаралягічную службу, правёў шэсць экспедыцый у Анды і Кардыльеры, дабіраўся да вулканаў. Вынікам сталі адкрыцця радовішчаў срэбра, медзі, золата, каменнага вугалю, вядомай ва ўсім свеце чылійскай салетры, арганізацыя іх здабычы... 

Падавалася, што ў Ігната Дамейкі некалькі жыцьцяў. Ён усюды паспяваў, быў сапраўдным энцыклапедыстам, нават за тры месяцы вывучыў гішпанскую мову.


Кантракт, нарэшце, скончаны. Можна ехаць на Наваградчыну, па якой сумуе душа. Але на радзіме навукоўцу пагражае высылка, а ўдзячныя чылійцы просяць застацца...


Ён пераязджае у Сант'яга. Прафесар хіміі і мінералогіі, потым загадчык кафедры хіміі, член універсітэцкага савета. Пасля Сусветнай выставы ў Парыжы ў 1867 годзе, дзе Дамейка прадстаўляў маладую прамысловасць Чылі, яго выбіраюць рэктарам універсітэта. Гэтую пасаду ён займаў 16 гадоў.



«Пан Дамейка не проста вучоны, ён - апостал навукі. У краіне няма больш папулярнага і паважанага імя, чым імя Дамейкі », - пісалі мясцовыя газэты. 

Ліцвін рэарганізаваў сістэму адукацыі ў краіне і універсітэце, узяўшы за ўзор родную Віленскую «альма матэр». Стварыў музей мінералёгіі, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лябараторыі, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства. Сабраў і апісаў мноства новых, невядомых навуцы мінералаў, раслін, закамянеласцяў, мэтэарытаў. Яго падручнік «Мінералёгія» на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў многіх лацінаамерыканскіх краінах. 130 навуковых працаў апублікаваныя на розных мовах. Дамейка быў абраны ганаровым членам многіх навуковых таварыстваў...


Чылі паступова станавілася для яго "прыёмнай маці", аб якой ён клапаціўся, не шкадуючы сябе.  Менавіта Дамейка знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант'яга вадаправод... Хай параўнанне вульгарнае, але мудрасьць "ласкавае цяля дзьвюх матак смокча" тут цалкам дарэчы. Умовай духоўнага выжывання для Ігната была шчырая прыхільнасць да другой радзімы, дзейны ўдзел у яе жыцці...

С жонкаю

Выгнанец  марыў і пра асабістае шчасце. Нават і тут ліцвін пераплюнуў мясцовых мачо. 48-гадовы Жэгота (рэвалюцыйная мянушка Ігната) ажаніўся з  15-гадовай Энрыкетай дэ Сатамайер, якая па вушы закахалася ў паважанага прафесара. Ён купляе сядзібу пад Сант'яга. У сям'і нарадзіліся два сыны і дачка...Чым не вобраз чылійскага абшарніка?.. Але мала ўсталявацца ў кар'еры і асабістым жыцці. Моцныя наваградскія карані мелі патрэбу ў соках роднай зямлі...

Ён не аднойчы жыва ўяўляў той  камень філаматаў у лесе каля вёскі Карчова, дзе сустракаўся з сябрамі: Адамам Міцкевічам, Томашам Занам, Янам Чачотам, Францішкам Малеўскім. І быццам зноў адчуваў дух волі Віленскага ўніверсітэту, куды паступіў у чатырнаццаць гадоў і дзе ў 15-ць стаў кандыдатам філасофскіх навук. У тыя гады Ігнат склаў геаграфічную, геалагічную і эканамічную мапу былых земляў Рэчы Паспалітай.


Жыбуртоўшчына
За сувязь з філаматамі быў вязнем манастыра базіліян, адкуль яго выратавалі сваякі. Жыў пад наглядам паліцыі у маёнтках дзядзькоў - Заполлі і Жыбуртоўшчыне... 

Даўна гэта было! Як сумленны шляхціц і сапраўдны ліцвін, малады інсургент браў удзел у паўстанні Касцюшкі. Пасля эміграцыі бадзяўся з сябрам Адамам Міцкевічам па Дрэздэну і Парыжу: яны наведвалі храмы, вежу Марыі Магдаліны, бясконца размаўлялі... Адначасова таленавіты Ігнат слухаў лекцыі ў Сарбоне і парыскай Горнай школе...


З сынамі
Пасля смерці жонкі Дамейка з сынамі нарэшце вяртаецца на радзіму. Заполле, Жыбуртоўшчына радасна сустракаюць выгнанца. Нажаль амаль няма ўжо былых сяброў-філаматаў. І лепшага сябра Адама Міцкевіча, які падараваў яму калісці першы экзэмпляр сваёй паэмы "Пан Тадэвуш".  На варшаўскім пероне яго сустракае апошні філамат - паэт Антон Адынец... Сябры-выгнанцы сімвалічна пасадзілі ў родную зямлю ў Крошыне два дубкі...

У восемьдзесят два гады здзейснілася мара Дамейкі. Яго ўрачыста прымаў Папа Рымскі, ён пабываў у Палесціне... Але другая радзіма паклікала свайго сына. Па дарозе Ігнат захварэў. Памёр і пахаваны ў Чылі.


Так здарылася, што выгнанцу і выбітнаму беларусу Дамейку пашэнціла мець дзве маці-радзімы. Адну карэнную, другую плённую... І ён не пасароміў ніводную, пусціўшы ліцвінскія карані на другім канцы свету...

Мінерал дамейкіт, малая планета Дамейка, фіялка дамейкіяна і малюск науцілус дамейкус, аднаіменны горад і горны хрыбет. Гэта далёка не ўсі сімвалы пашаны і прызнання Нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, апостала чылійскай навукі. Які шчыра прызнаваўся:  "вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я – ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах – усё роўна памру ліцвінам".


                          Д А В Е Д К А

Ігнат Дамейка (польск. Ignacy Domeyko; гішп. Ignacio Domeyko; 31 ліпеня 1802, Вялікая Мядзьвядка — 23 студзеня 1889, Сант’яга, Чылі) — філямат, удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-дасьледнік, геоляг, мінэроляг, рэктар Чылійскага ўнівэрсытэту, Нацыянальны герой Чылі.

Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. 2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі, UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце.

Нарадзіўся ў маёнтку Мядзьвядка (сустракаецца таксама варыянт Недзьвядка) Наваградзкага павету Менскай губэрні (цяпер у Карэліцкім раёне за 15 км на захад ад Міру) у сям’і старшыні Наваградзкага земскага суда Іпаліта Дамейкі (1764—1809) і Караліны з роду Анцутаў (памерла ў 1832). Дзяцінства Ігнася прайшло ў беларускай вёсцы.

На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Вялікай Мядзьвядцы (Карэліцкі раён) ўсталяваны памятны валун. 

У школе вёскі Крупава Лідзкага раёну створаны музэй, у якім на дадзены час сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга І. Дамейкі «Мае падарожжы», выдадзеная пры жыцьці навукоўца ў Вільні. Да 200-годзьдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы пасаджана алея ў яго гонар.

У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытаньні, прысьвечаныя жыцьцю і дзейнасьці Ігната Дамейка.

воскресенье, 15 января 2017 г.


ПАЗУЕ НАТУРА!






Марнеюць персікі ў млосці
Віно ў куфлі зіхаціць...
І не хапае тут чагосці
Душа сумуе і баліць...

Пан вінаград і сціплая парэчка
Утульна разам ў кошыку ляглі...
Спяць кавуны, мігоча свечка
І танчуць кветачкі-агні...

Ах, гэтая "натура нежывая"!
Цытрына ў гарбаце тут спрадвеку...
А кветкі быццам фарбамі пуляюць!
Як нацюрморт кранае чалавека...

Ян накідаў нам ежы эстэтычнай
З банальных рэчаў барскае сядзібы...
Эпікурэйскі стол зрабіў эпічным
Ён палатном.  Але без рыбы...

Зусім няшмат прадметаў на карціне,
З нутра  яе ільецца настальгія...
Ян Хруцкі пакланяўся садавіне?..
Мастацтва - невядомая стыхія...

Маладая жанчына з кошыкам празрыстага вінаграду  -  быццам німфа ўрадлівасці, багіня ўраджаю... Але гэта зусім не сымбаль далёкай Элады, а звычайная тутэйшая ліцвінка з Полаччыны альбо Лепельшчыны...

Убачыў яе пан Хруцкі, дадаў чароуныя рысы і апетытныя гронкі - ну чым не сюжэт з "малых галандцаў"?..


Звычайны збан, кубачак, кавун - чым не фон для ружовашчокіх персікаў, лімонаў, вінаграду? Нават морква, капуста, іншая гародніна не саромеюцца абрамляць заморскія плады.



Гэтае незвычайнае спалучэнне эстэцкага і простага, рэнесанснага і вяскова-рэалістычнага каларыту - фірмовы стыль мастака-абшарніка  з Захарніцкае сядзібы...

Персікі, прызнацца, ужо набілі аскоміну, але яны так добра спалучаюцца з аксамітам абрусу, выгодна адцяняюць збан з кветкамі... 



Гаспадар сядзібы ў мастацкім курціку стаіць за мальбертам. Так праходзяць дзень за днём... Абшарнік не спяшаецца... Соннае жыццце сядзібы спрыяе яго багемным намаганням...  Што там? Прынеслі курапатак? Сюды іх, на стол! Дзічына дадае каларыту у палатно...

Пейзажы, партрэты,нацюрморты - усё падуладна генію. Яго ўласнае дасягненне - спалучэнне нацюрморта з партрэтам. Дзяучынка, хлопчык, незнаёмка з прыгожымі пладамі - быццам увасабленне урачыстасці жыцця, гармоніі чалавека з прыродай...

На некаторых карцінах быццам нябачна прысутнічае аўтар: вось ён пакінуў тэатральны бінокль, вось надрэзаў персік, вось не дапіў гарбату, нядбайна кінуў лупіну цытрыны... падаецца, ён выйшаў толькі на хвіліну і зараз працягне трапезу... 

Калі хлопчык з весачкі Ўла на Лепельшчыне адчуў у сабе талент мастака, невядома. Старэйшы сын уніацкага святара спачатку скончыў Полацкі ліцэй ордэна піяраў, а потым - Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Браў  урокі ў знакамітага партрэтыста Даў. А таксама капіяваў у Эрмітажы "малых галандцаў". Чаму ўпарты ліцвін абраў "нізкі" і ненапулярны жанр нацюрморта, дзівіліся сябры. А ён толькі ўсміхаўся. Паспрабуйце зрабіць з банальнага небанальнае, з мертвага - жывое, з абстрактнага - кранальнае! Ён кінуў маўклівы выклік - і перамог. Спачатку срэбны, потым - залаты мэдаль Акадэміі. Наперадзе - магчымасць працаваць у Італіі...

Але замест замежжа 29-гадовы акадэмік вымушаны пісаць партрэты па загаду. Памёр бацька. І ён становіцца апорай вялікай  сям'і - маці і пяці братоў і сясцёр. 21 партрэт за два гады! І шмат копій нацюрмортаў, якія з яго лёгкай рукі зноўку ўвайшлі ў моду...


І вось - Захарнічы. Мара жыцця, ціхі прытулак камернага жывапісца. Усё тут - ад набыцця зямлі пад Полацкам, уласнага праекту сядзібы і дома да разбіцця саду - было справай ягоных рук. Хруцкі быццам рыхтаваў глебу для ўтульнай і плённай творчасці...



Ён ажаніўся з суседкаю, якая нарадзіла Яну трох дзяцей. Сям'я і гаспадарка патрабавалі грошай. І мастак шмат гадоў добраахвотна працаваў на літоўскага мітрапаліта Іосіфа Семашку. Ён пісаў абразы для Аляксандра-Неўскага сабора ў Коўна, для царквы Святога Іосіфа ў Трынопале, пячорнай царквы Трох Пакутнікаў у Вільні. Для архірэйскага дома выкананаў цыкл з 32 партрэтаў духоўных асоб.


А потым канчаткова асеў абшарнікам у Захарнічах, цалкам аддаўшыся любімай "мёртвай натуры". І яна паступова ўсё больш ажывала пад ягоным пэндзалем, быццам запал майстра падзялялі "натуршчыкі-рэчы"... Раз пораз маляваў партрэты дзяцей і жонкі, навакольныя пейзажы, інтер'ер пакояў дома...

Адкуль чэрпаў натхненне захарніцкі пустэльнік? Паглядзіце ўважліва на ягоныя сядзібныя пейзажы. Супакой, цішыня і мілата ахутваюць  гледача. А што яшчэ патрэбна генію?..

 Хруцкі не вёў дзённік, не пісаў мемуары. Усё, што захавалася для нашчадкаў, - больш за 100 карцін, сярод якіх два аўтапартрэта, зробленых для дзяцей за год да смерці...

Калі ў Трэццякоўскай галерэі ці ў Нацыянальным мастацкім музее Беларусі вы ўбачыце чалавека перад нацюрмортам Яна Хруцкага, не сумлевайцеся: ён сілкуецца духоўнай ежай і ніяк не можа насыціцца...

Д А В Е Д К А

Iван Фаміч (Ян Тамашавіч) Хруцкі


(8 лютага (27 студзеня) 1810, м. Ула — 13 студзеня (1 студзеня) 1885 Захарнічы) — мастак. Заснавальнік жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісу.

Іван Хруцкі нарадзіўся 27 студзеня 1810 года ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям'і грэка-каталіцкага святара. Беларус. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў на факультэце вольных мастацтваў Полацкага ліцэя, па сканчэнні якога паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся 9 гадоў. Малады мастак быў залічаны вольным слухачом па класу партрэтнага і ландшафтнага жывапісу. Ён таксама пачаў браць урокі ў Джорджа Доу (1781-1829), англійскага жывапісца, які працаваў у 1818-1828 гадах у Расіі.


Мастак неаднаразова атрымліваў медалі Акадэміі, а таксама быў узнагароджаны залатым гадзіннікам ад цара Мікалая I. У 1839 годзе І. Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў, пасля чаго вярнуўся на радзіму. З 1845 года жыў і працаваў у сваім маёнтку Захарнічы.

У сваёй творчасці аддаваў перавагу нацюрмортам. Мастацкі стыль І. Хруцкага хутка займеў шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў, што паспрыяла развіццю нацюрморта ў Расійскай імперыі. Таксама І. Хруцкі з'яўляўся майстрам партрэта, асабліва шмат партрэтаў напісаў у сталыя гады. Тады ж у творчасці мастака пачынаецца перыяд рэлігійных твораў.

Выставы да 200-годдзя са дня нараджэння мастака прайшлі у Мінску, Віцебску, Лепеле, Пецярбургу, Парыжы. 




200-гадовы юбілей Івана Хруцкага уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2010-2011 гады.