воскресенье, 15 января 2017 г.


ПАЗУЕ НАТУРА!






Марнеюць персікі ў млосці
Віно ў куфлі зіхаціць...
І не хапае тут чагосці
Душа сумуе і баліць...

Пан вінаград і сціплая парэчка
Утульна разам ў кошыку ляглі...
Спяць кавуны, мігоча свечка
І танчуць кветачкі-агні...

Ах, гэтая "натура нежывая"!
Цытрына ў гарбаце тут спрадвеку...
А кветкі быццам фарбамі пуляюць!
Як нацюрморт кранае чалавека...

Ян накідаў нам ежы эстэтычнай
З банальных рэчаў барскае сядзібы...
Эпікурэйскі стол зрабіў эпічным
Ён палатном.  Але без рыбы...

Зусім няшмат прадметаў на карціне,
З нутра  яе ільецца настальгія...
Ян Хруцкі пакланяўся садавіне?..
Мастацтва - невядомая стыхія...

Маладая жанчына з кошыкам празрыстага вінаграду  -  быццам німфа ўрадлівасці, багіня ўраджаю... Але гэта зусім не сымбаль далёкай Элады, а звычайная тутэйшая ліцвінка з Полаччыны альбо Лепельшчыны...

Убачыў яе пан Хруцкі, дадаў чароуныя рысы і апетытныя гронкі - ну чым не сюжэт з "малых галандцаў"?..


Звычайны збан, кубачак, кавун - чым не фон для ружовашчокіх персікаў, лімонаў, вінаграду? Нават морква, капуста, іншая гародніна не саромеюцца абрамляць заморскія плады.



Гэтае незвычайнае спалучэнне эстэцкага і простага, рэнесанснага і вяскова-рэалістычнага каларыту - фірмовы стыль мастака-абшарніка  з Захарніцкае сядзібы...

Персікі, прызнацца, ужо набілі аскоміну, але яны так добра спалучаюцца з аксамітам абрусу, выгодна адцяняюць збан з кветкамі... 



Гаспадар сядзібы ў мастацкім курціку стаіць за мальбертам. Так праходзяць дзень за днём... Абшарнік не спяшаецца... Соннае жыццце сядзібы спрыяе яго багемным намаганням...  Што там? Прынеслі курапатак? Сюды іх, на стол! Дзічына дадае каларыту у палатно...

Пейзажы, партрэты,нацюрморты - усё падуладна генію. Яго ўласнае дасягненне - спалучэнне нацюрморта з партрэтам. Дзяучынка, хлопчык, незнаёмка з прыгожымі пладамі - быццам увасабленне урачыстасці жыцця, гармоніі чалавека з прыродай...

На некаторых карцінах быццам нябачна прысутнічае аўтар: вось ён пакінуў тэатральны бінокль, вось надрэзаў персік, вось не дапіў гарбату, нядбайна кінуў лупіну цытрыны... падаецца, ён выйшаў толькі на хвіліну і зараз працягне трапезу... 

Калі хлопчык з весачкі Ўла на Лепельшчыне адчуў у сабе талент мастака, невядома. Старэйшы сын уніацкага святара спачатку скончыў Полацкі ліцэй ордэна піяраў, а потым - Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Браў  урокі ў знакамітага партрэтыста Даў. А таксама капіяваў у Эрмітажы "малых галандцаў". Чаму ўпарты ліцвін абраў "нізкі" і ненапулярны жанр нацюрморта, дзівіліся сябры. А ён толькі ўсміхаўся. Паспрабуйце зрабіць з банальнага небанальнае, з мертвага - жывое, з абстрактнага - кранальнае! Ён кінуў маўклівы выклік - і перамог. Спачатку срэбны, потым - залаты мэдаль Акадэміі. Наперадзе - магчымасць працаваць у Італіі...

Але замест замежжа 29-гадовы акадэмік вымушаны пісаць партрэты па загаду. Памёр бацька. І ён становіцца апорай вялікай  сям'і - маці і пяці братоў і сясцёр. 21 партрэт за два гады! І шмат копій нацюрмортаў, якія з яго лёгкай рукі зноўку ўвайшлі ў моду...


І вось - Захарнічы. Мара жыцця, ціхі прытулак камернага жывапісца. Усё тут - ад набыцця зямлі пад Полацкам, уласнага праекту сядзібы і дома да разбіцця саду - было справай ягоных рук. Хруцкі быццам рыхтаваў глебу для ўтульнай і плённай творчасці...



Ён ажаніўся з суседкаю, якая нарадзіла Яну трох дзяцей. Сям'я і гаспадарка патрабавалі грошай. І мастак шмат гадоў добраахвотна працаваў на літоўскага мітрапаліта Іосіфа Семашку. Ён пісаў абразы для Аляксандра-Неўскага сабора ў Коўна, для царквы Святога Іосіфа ў Трынопале, пячорнай царквы Трох Пакутнікаў у Вільні. Для архірэйскага дома выкананаў цыкл з 32 партрэтаў духоўных асоб.


А потым канчаткова асеў абшарнікам у Захарнічах, цалкам аддаўшыся любімай "мёртвай натуры". І яна паступова ўсё больш ажывала пад ягоным пэндзалем, быццам запал майстра падзялялі "натуршчыкі-рэчы"... Раз пораз маляваў партрэты дзяцей і жонкі, навакольныя пейзажы, інтер'ер пакояў дома...

Адкуль чэрпаў натхненне захарніцкі пустэльнік? Паглядзіце ўважліва на ягоныя сядзібныя пейзажы. Супакой, цішыня і мілата ахутваюць  гледача. А што яшчэ патрэбна генію?..

 Хруцкі не вёў дзённік, не пісаў мемуары. Усё, што захавалася для нашчадкаў, - больш за 100 карцін, сярод якіх два аўтапартрэта, зробленых для дзяцей за год да смерці...

Калі ў Трэццякоўскай галерэі ці ў Нацыянальным мастацкім музее Беларусі вы ўбачыце чалавека перад нацюрмортам Яна Хруцкага, не сумлевайцеся: ён сілкуецца духоўнай ежай і ніяк не можа насыціцца...

Д А В Е Д К А

Iван Фаміч (Ян Тамашавіч) Хруцкі


(8 лютага (27 студзеня) 1810, м. Ула — 13 студзеня (1 студзеня) 1885 Захарнічы) — мастак. Заснавальнік жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісу.

Іван Хруцкі нарадзіўся 27 студзеня 1810 года ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям'і грэка-каталіцкага святара. Беларус. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў на факультэце вольных мастацтваў Полацкага ліцэя, па сканчэнні якога паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся 9 гадоў. Малады мастак быў залічаны вольным слухачом па класу партрэтнага і ландшафтнага жывапісу. Ён таксама пачаў браць урокі ў Джорджа Доу (1781-1829), англійскага жывапісца, які працаваў у 1818-1828 гадах у Расіі.


Мастак неаднаразова атрымліваў медалі Акадэміі, а таксама быў узнагароджаны залатым гадзіннікам ад цара Мікалая I. У 1839 годзе І. Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў, пасля чаго вярнуўся на радзіму. З 1845 года жыў і працаваў у сваім маёнтку Захарнічы.

У сваёй творчасці аддаваў перавагу нацюрмортам. Мастацкі стыль І. Хруцкага хутка займеў шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў, што паспрыяла развіццю нацюрморта ў Расійскай імперыі. Таксама І. Хруцкі з'яўляўся майстрам партрэта, асабліва шмат партрэтаў напісаў у сталыя гады. Тады ж у творчасці мастака пачынаецца перыяд рэлігійных твораў.

Выставы да 200-годдзя са дня нараджэння мастака прайшлі у Мінску, Віцебску, Лепеле, Пецярбургу, Парыжы. 




200-гадовы юбілей Івана Хруцкага уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2010-2011 гады.










Комментариев нет:

Отправить комментарий