
НАСТАЛЬГІЯ
ПА-ЛІТВІНСКУ
Дала штурхель табе радзіма
Хай пад прымусам, усё роўна,
Жывы ты быццам і загінуў,
І не пабачыш болей Коўна...
І легендарны Мірскі замак,
Зямлю бацькоў і барскі дом...
Які абраць табе напрамак?
Гамора ўсюды і Садом...
У Паўднёвай Афрыцы прытулак
Знайшоў выгнанец-інсургент...
Мясцовых ён не пасвіў мулаў,
Ліцвінскі захаваў акцэнт...
Яго апосталам навукі
Агаласілі ў народзе...
Араўканам ціснуў рукі
І клапаціўся аб прыродзе.
Адкрыў даволі мінералаў,
Радовішч выкапняў каштоўных.
Але радзімы не хапала,
Каб глебу адчуваць грунтоўна.

І ўсё рабіў у імя Айчыны...
Бо быў ліцвінам аж да смерці,
Яе адданым годным сынам!...
Што такое настальгія? Для адных - "насоўка", "камізэлька", куды можна выліць свае пакуты і тугу па страчанай айчыне. Для другіх - тэатральны пафас, выігрышная роля выгнанцаў. І толькі для выбраных - імкненне пабудаваць храм у сваёй душы і плённа працаваць дзеля яго росквіту ўсё жыццё. І ніякія адлегласці не перашкодзяць гэтай адарацыі...
Калі дзіцё адрываюць ад горача любімай матулі, штосці быццам абрываецца ў ім назаўсёды. Але прырода бярэ сваё. І сокі жыцця штурхаюць яго на пошукі страчанай цеплыні. Імкненне знайсці яе, быць годным, натхняе на гераічныя ўчынкі...
Малады спешчаны паніч ужо глынуў жыцця: быў пад арыштам, удзельнічаў у паўстанні, блукаў па Эўропе... І, быццам мімахадзь, скончыў Віленскі ўніверсітэт, у пятнаццаць гадоў
стаў бязвусым кандыдатам навук, потым горным інжынерам... Падавалася, ён пстрыкаў навукі, як арэхі...
Выгнанец-ліцвін мог зрабіць кар'еру ў лепшых эурапейскіх універсітэтах. А ён выбірае выкладанне хіміі ў чылійскім гарадку Какімба...
Гэта была не толькі авантура маладога гарачага шляхціца. Але і ўсвядомлены выбар выгнанца без будучага, смяротна абражана чалавека.
Пачаць усё зноўку на другім канцы свету? А чаму і не? Губляць няма чаго...
Прыкладна так думаў Ігнат Дамейка, тры месяцы дабіраючыся да "зямлі запаветнай" - паўднёваафрыканскай Чылі...
Ні страшэнны акіянскі шторм, ні жорсткая пераправа праз Кардыльеры не зламілі гэтага рамантыка і ідэаліста. Быццам з кожным крокам ён не аддаляўся, а набліжаўся да сваёй радзімы...


Увесь гарызонт зачынены з усходу Кардыльерамі, вострымі грабянямі гор, колер якіх ўвесь час - ад усходу да заходу сонца - мяняецца », - вось першыя ўражанні ліцвіна аб Чылі.
Але менавіта тут Ігнат адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Займаўся мінэралёгіяй, фізікай, хіміяй, біялёгіяй, геалагічнымі пошукамі каштоўных выкапняў, збіраў цікавыя калекцыі...
Ігнату, чалавеку рэнесанснага тыпу, заўсёды чагосці не хапала. Запал да падарожжаў штурхнуў прайсці праз Кардыльеры да паселішчаў індэйцаў-араўканаў. Дамейку пашэнціла, што тыя не былі канібаламі. Яны гасцінна сустрэлі "бледнатварых" прыхадняў і дазволілі вывучаць свае побыт і звычаі. Вярнуўшыся дадому, Ігнат напісаў аб гэтым кнігу "Араўканія і яе жыхары" выдадзеную на многіх мовах...
Дамейку некалі было аддавацца дэпрэсіі і меланхоліі, займацца самабічаваннем, папіваючы віно, што так было ўласціва эмігранцкай інтэлігенцыі ягонага кола. І нават разыгрываць ахвяру было няма калі. Яго кіпучая энергія, прага жыцця і пераўтварэнняў патрабавалі выхаду. А навароджаная рэспубліка, якая вызвалілася ад шматгадовага гішпанскага прыгнёту і будавала сваё будучае, была ідэальнай глебай для рэфармацыі, мела патрэбу ў падзвіжніках.


У Какімба Дамейка стварыў школу па падрыхтоўцы спецыялістаў, арганізаваў лябараторыю для аналізаў руды, сабраў калекцыю мінералаў, арганізаваў метэаралягічную службу, правёў шэсць экспедыцый у Анды і Кардыльеры, дабіраўся да вулканаў. Вынікам сталі адкрыцця радовішчаў срэбра, медзі, золата, каменнага вугалю, вядомай ва ўсім свеце чылійскай салетры, арганізацыя іх здабычы...
Падавалася, што ў Ігната Дамейкі некалькі жыцьцяў. Ён усюды паспяваў, быў сапраўдным энцыклапедыстам, нават за тры месяцы вывучыў гішпанскую мову.
Кантракт, нарэшце, скончаны. Можна ехаць на Наваградчыну, па якой сумуе душа. Але на радзіме навукоўцу пагражае высылка, а ўдзячныя чылійцы просяць застацца...
Ён пераязджае у Сант'яга. Прафесар хіміі і мінералогіі, потым загадчык кафедры хіміі, член універсітэцкага савета. Пасля Сусветнай выставы ў Парыжы ў 1867 годзе, дзе Дамейка прадстаўляў маладую прамысловасць Чылі, яго выбіраюць рэктарам універсітэта. Гэтую пасаду ён займаў 16 гадоў.
«Пан Дамейка не проста вучоны, ён - апостал навукі. У краіне няма больш папулярнага і паважанага імя, чым імя Дамейкі », - пісалі мясцовыя газэты.
Ліцвін рэарганізаваў сістэму адукацыі ў краіне і універсітэце, узяўшы за ўзор родную Віленскую «альма матэр». Стварыў музей мінералёгіі, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лябараторыі, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства. Сабраў і апісаў мноства новых, невядомых навуцы мінералаў, раслін, закамянеласцяў, мэтэарытаў. Яго падручнік «Мінералёгія» на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў многіх лацінаамерыканскіх краінах. 130 навуковых працаў апублікаваныя на розных мовах. Дамейка быў абраны ганаровым членам многіх навуковых таварыстваў...
Чылі паступова станавілася для яго "прыёмнай маці", аб якой ён клапаціўся, не шкадуючы сябе. Менавіта Дамейка знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант'яга вадаправод... Хай параўнанне вульгарнае, але мудрасьць "ласкавае цяля дзьвюх матак смокча" тут цалкам дарэчы. Умовай духоўнага выжывання для Ігната была шчырая прыхільнасць да другой радзімы, дзейны ўдзел у яе жыцці...
![]() |
С жонкаю |
Выгнанец марыў і пра асабістае шчасце. Нават і тут ліцвін пераплюнуў мясцовых мачо. 48-гадовы Жэгота (рэвалюцыйная мянушка Ігната) ажаніўся з 15-гадовай Энрыкетай дэ Сатамайер, якая па вушы закахалася ў паважанага прафесара. Ён купляе сядзібу пад Сант'яга. У сям'і нарадзіліся два сыны і дачка...Чым не вобраз чылійскага абшарніка?.. Але мала ўсталявацца ў кар'еры і асабістым жыцці. Моцныя наваградскія карані мелі патрэбу ў соках роднай зямлі...

![]() |
Жыбуртоўшчына |
Даўна гэта было! Як сумленны шляхціц і сапраўдны ліцвін, малады інсургент браў удзел у паўстанні Касцюшкі. Пасля эміграцыі бадзяўся з сябрам Адамам Міцкевічам па Дрэздэну і Парыжу: яны наведвалі храмы, вежу Марыі Магдаліны, бясконца размаўлялі... Адначасова таленавіты Ігнат слухаў лекцыі ў Сарбоне і парыскай Горнай школе...
![]() |
З сынамі |
У восемьдзесят два гады здзейснілася мара Дамейкі. Яго ўрачыста прымаў Папа Рымскі, ён пабываў у Палесціне... Але другая радзіма паклікала свайго сына. Па дарозе Ігнат захварэў. Памёр і пахаваны ў Чылі.
Мінерал дамейкіт, малая планета Дамейка, фіялка дамейкіяна і малюск науцілус дамейкус, аднаіменны горад і горны хрыбет. Гэта далёка не ўсі сімвалы пашаны і прызнання Нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, апостала чылійскай навукі. Які шчыра прызнаваўся: "вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я – ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах – усё роўна памру ліцвінам".
Д А В Е Д К А

Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. 2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі, UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Імя Дамейкі носіць у тым ліку вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце.



У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытаньні, прысьвечаныя жыцьцю і дзейнасьці Ігната Дамейка.
Комментариев нет:
Отправить комментарий