воскресенье, 29 мая 2016 г.

П І Л І Г Р Ы М К А

 


                   Ў   Б У Д У Ч Ы Н Ю


Па бясконцай пыльнай дарозе крочыць чалавек... Ён ледзве ідзе, абапіраецца на кіёк... Але душа яго даўна апярэдзіла сцёртыя да крыві ногі... Яна лунае ў неабсяжнай далечыні... Паміж небам і зямлёю, там, дзе мінулае і будучае сыходзяцца і нараджаецца адвечнае...

Менавіта так уяўляецца вобраз легендарнага Напаліёна Орды - падарожніка роднай гісторыі, пілігрыма Божай місіі...

Ён быццам адчуваў за спіной вандальны подых апакаліпсісу разбурэння. Нават не наступу чэрні ў бальшавісцкую эпоху, а беспамяцтва духу будучых чавалекаў-машын, уэлсаўскіх прывідаў новае эры. Бяздушнасць наступае на пяты і ратаваць адвечнае трэба неадкладна...


Навагрудак

Мір


 Лагойск, Моладава, Ліда, Навагрудак,Мір, Нясвіж, Вільня - і яшчэ сотні мястэчак і гарадоў чакаюць свайго летапісца. Трымцяць у чаканні месіі, які надасць іх замкам, храмам, вежам і

даляглядам мастацкую паціну вечнасці.
Простыя сродкі - аловак, папера, акварэльныя фарбы - ў руках Орды набываюць чароўную сілу і ўладу над прыродай і архітэктурай, ствараючы ўнікальны сімбіёз божай і чалавечай творчасці...


Камянец-Літоўскі Гродзенскай губ.



 На гэтых малюнках амаль што не сустрэнеш людзей, бо яны - дробязь вечнасці. Як жывыя істоты паўстаюць будынкі маленькіх хат побач з шэдэўрамі дойлідства - маёнткамі і храмамі. 

Напаліён спяшаецца занатаваць знікаючую рэчаіснасць, мімаволі дадаючы ёй эпічныя рысы. І на кожным малюнку - вобразы дарогі і грозных аблокаў - тое, што быццам уносіць архітэктуру ўдалячынь, што надае гэтым рэчам рамантычны флёр. Мастак-валацуга быццам стварае метафару адвечнага руху паміж мінуўшчынай і будучыняй...






Ён нарадзіўся ўзімку ў Варацэвічах на Піншчыне - старым маёнтку татарска-беларускага роду Ордаў. І быў  названы ў гонар імператара.


Шляхціц з добрым прозвішчам вядома паступіў у Віленскі ўніверсітэт - тагачасную калыску талентаў і вальнадумства. Як патрыёт уступіў у тайны студэнцкі гурток "Заране", які хутка раскрылі. Напаліён быў вымушаны бегчы ў Парыж. Тут, у сталіцы мастацтва і вольнасці, сабраліся вяршкі высакародных польскіх і беларускіх эмігрантаў.

Орда ад нараджэння меў рознабаковыя здольнасці: маці навучыла яго музыцы, ён віртуёзна валодаў словам. І яго літаральна быццам ўзялі пад рукі выключныя сябры - з аднаго боку - вялікі Шапэн, з другога - вялікі Міцкевіч.




З такімі "крыламі" нельга было не ўзляцець. І Орда піша добрыя вальсы, паланэзы, мазуркі, песні. І адначасова вершы і прозу. Ды яшчэ чамусьці наведвае студыю знакамітага мастака архітэктурнага жывапісу Жэрара. І, ў рэшце рэшт, ў 1847 годзе яго прызначаюць дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. Ён бярэ шлюб з францужанкай. Падаецца, можна адпачыць на лаўрах. Але знакаміты, модны, запатрабаваны музыкант і літаратар  знянацку пакідае Парыж, каб вярнуцца на Радзіму...

Што паклікала яго назад, адарвала ад багемнага жыцця? Маёнтак канфіскаваны, маці памёрла... Новае паўстанне Кастуся Каліноўскага?... Але насуперак чуткам Орда бярэ ў рукі не стрэльбу альбо палемічнае пяро. Ягоная барацьба - гэта тытанічная праца дзеля захавання спадчыны, дабраахвотныя галеры ў імя будучыні...

Бялынічы Магілёўскай губ.



Быццам мастак прадбачыў, што рана ці позна скончацца паўстанні, рэвалюцыі і войны. А што застанецца нашчадкам? Хто паклапаціцца пра іх душы? На якіх ўзорах будуць трымаць годнасць будучыя ліцвіны?..

Колькі абутку стаптаў валацуга-мастак на дрэнных  вясковых дарогах - не пералічыць. Начаваў у абшарнікаў, сялян, а часам начлегам яму служыў стог сена пад зоркамі... Ён абышоў Беларусь, Валынь, Галіцыю, Кіеўскую губернію, Польшчу... Зрабіў болей за 2 000 малюнкаў. Планаваў свае падарожжы і рыхтаваўся да іх ўзімку. А вандраваў з вясны да восені. І, як сапраўдны валацуга, вяртаўся з надыходам халадоў на цёплыя кватэры. Добра, што такая раскоша - тупаць і тупаць  па дарогах з алоўкам за вухам - была яму па кішэні (пакуль не скончыліся парыскія грошы)...



Лагойск 


Кожны малюнак зроблены адразу, без эскізаў, дэталізаваны і адначасова метафарычны. Намаляваны с лепшага ракурсу, з выкарыстаннем прынцыпу "залатога перасеку".                                    Лешч пад Пінскам

Мастак клапаціўся не толькі пра дакументальную дакладнасць сваіх архітэктурных пейзажаў. Яго хвалявала і эстэтычнасць суцэльнай кампазіцыі, і захапленне ўражанага гледача.



Аднойчы ён завітаў у Высокалітоўск  - маёнтак княгіні Марыі Патоцкай. Занатаваў рэшткі старога замку Сапегаў і парк, палюбаваўся дзівоснай аранжарэяй, каштанавай алеяй і лепшай у Беларусі гаспадаркай. Папіў гарбаты з ветлівай і разумнай гаспадыняй. І назаўсёды ўвекавечыў гэты куток беларускай  зямлі, заснаванай яшчэ Гедымінам. Няма ўжо Патоцкіх, сядзіба ляжыць у руінах, а на гравюры Орды - неўміручы вобраз. Падаецца, што нават лісты на дрэвах вагаюцца на ветрыку, плывуць кудысьці аблокі... Быццам жыццё спынілася на хвілінку, як гадзіннік, і зноўку пайшло...

                                        Бяроза-Картузская Гродзенскай губ.                           


Не трэба спрачацца, кім лічыў сябе Орда, - палякам ці беларусам, бо варта толькі паглядзець на мапу яго падарожжаў. Перад намі - Рэч Паспалітая альбо Вялікае Княства Літоўскае - да барбарскага падзелу. У гарманічным ўяўленні і мастацтве Орды. І становіцца  відавочна, хто паклікаў яго ў гэтую пілігрымку, каб аб'яднаць мінулае і будучае нябачнай ніццю, якая праходзіць праз нашыя сэрцы...

Ружаны Гродзенскай губ.


Адна выява змяняе другую, аблокі нібы пераплываюць з аднога малюнка на другі, яны пераплятаюцца і ствараюць суцэльнае настальгічнае палатно. Быццам мастак пляце адзіны ланцуг, прасякнуты ў бясконцасць...

Калі доўга глядзець на творы Напаліёна Орды, можна пазбавіцца рэчаіснасці і, нібыта ў старым люстэрку, пабачыць непаўторны твар Радзімы...

Д А В Е Д К А

НАПАЛІЁН ОРДА
(польск.Napoleon Mateusz Tadeusz Orda;11 лютага 1807в. Варацэвічы на Піншчыне  — 26 красавіка 1883,ВаршаваПольшча) — беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1823 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Але за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве «Заране» быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831, пасля падаўлення якога эміграваў у Францыю. Там пазнаёміўся з Фрэдэрыкам Шапенам, у якога браў урокі музыкі. Напісаў шэраг твораў для фартэпіяна (рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі). У сярэдзіне 1830-х гадоў — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы. Вучыўся ў студыі П. Жэрара ў Парыжы і ў Віленскім універсітэце. З 1856 жыве ў Варацэвічах,Гародне, на Валыні. Пакінуў па сабе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў БеларусіЛітвы і Украіны.

Выява  Нясвіжсага замку, замалёваная
Напаліёнам Ордаю, была выкарыстаная дзеля афармлення беларускай грашовай купюры.


воскресенье, 22 мая 2016 г.


Жанчынай быць цяжка.Тым больш жанчынай, якая адважылася кінуць пальчатку мужчынам. Ды яшчэ ў галіне, якая на працягу стагоддзяў лічылася прывілеяй дакладнага мужчынска розуму...
Але яна насмелілася зайсці ў гэты мужчынскі свет нават не з чорнага, а з параднага ўваходу. Быццам узнеслася па лесвіцы таемных  лічбаў аж да самага сонца!..

У маёнтку Палібіна паноў Корвін-Крукоўскіх вячэралі. Нянька клікала маленькую Сонечку... А яна, апантаная, была нібы ў сне: у казке нейких казюляў, рысачак, лічбаў... Яе пакойчык з эканоміі (не хапіла шпалераў) паклеілі лістамі матэматычнай працы  прафесара Астраградскага...



«Лісты гэтыя, спярэшчаныя дзіўнымі, незразумелымі формуламі, хутка звярнулі на сябе маю ўвагу. Я памятаю, як у дзяцінстве праводзіла цэлыя гадзіны перад гэтай таямнічай сцяной, спрабуючы разабраць хоць асобныя фразы і знайсці той парадак, у якім лісты павінны прытрымлівацца адзін за адным », - пазней прызналася Соф'я.



Соня спачатку баялася гэтых шпалераў. Яны сніліся ёй у жахлівых снах. Яна моўчкі спрачалася з гэтым матэматычным легіёнам. А потым адпусціла рукі і ... паплыла... Як упершыню ў рэчцы... Толькі злілася не з воднай, а матэматычнай стыхіяй...



Генерал Васіль Корвін-Крукоўскі чакаў сына... Калі маці Соф'і была цяжарная, прадзед астролаг Хведар Шуберт з'явіўся ёй у сне і весела сказаў: «Матэматык у цябе народзіцца. Маю справу працягне"...

Але на жаль нарадзілася другая дачка, якая адчувала сябе нялюбай... Толькі прароцтва збылося. Ратуючыся ад адзіноты, дзяўчынка горда ўшла  ў свой асабісты свет лічбаў і формул. Гэта была казка, у якой яна адчувала сваю ўладу і магутнасць. Паступова лічбы скарыліся, паказаўшы юнай паненцы свой твар.






Яна размаўляла з імі, загадвала ім і нават любіла сваю матэматычную світу, як Каралева велічна любіць свой народ. І лічбы быццам адказвалі ёй ўзаемнасцю...

"Ніколі!" - катэгарычна адрэзаў генерал. "Мая дачка не стане матэматыкам!" Яму было незразумела жаданне шляхцянкі з пасагам займацца навукай. Тым больш, што ў Расеі, дзе ён тады служыў, жанчынам забаранялася вучыцца ва ўніверсітэце...


Упартая Соня зноў і зноў гнявіла бацьку. Той быў непахісны. "Чаго ёй не хапае?"- разважаў генерал, с каханнем гледзячы на прыбраную і рахманую жонку ў фіжмах і аздобах. І марыў выдаць дачку замуж, як толькі адшукаецца адпаведная партыя...

Ён нават не здагадваўся, што партыя даўна ўжо знойдзеная: Соня выйшла замуж за матэматыку...


Лічбы неслі вэлюм, лініі скрыжаваліся ў шлюбным танцы, формулы нагадвалі феерверк... А маладым было прызначэнне, якое яна бязмежна кахала і якому ўручыла свой лёс назаўсёды...

"Я атрымала ў спадчыну жорсць да навуцы ад продка, венгерскага караля
Мацвея Корвіна; любоў да матэматыкі, музыкі, паэзіі — ад дзеда па маці, астронома Шуберта; асабістую свабоду — ад Польшчы..."- прызналася потым Кавалеўская...

У радавым Палібіне на Віцебшчыне гулялі вяселле... Лілося "Клікаўскае", танчылі дамы ў бялюткіх сукенках і пальчатках, гралі музыкі і несліся гукі рамансаў...


Бацькі былі задаволеныя. Яны ўжо ўяўлялі, як будуць песціць унукаў... І партыя была добрая. Малады - з іх кола, таленавіты вучоны - Уладзімір Кавалеўскі. Прозьвішча, праўда, не такое шляхетнае, як Корвін-Крукоўскія, аднак гэта лепей, чым дачка-фэміністка...
Толькі двое на гэтым вяселлі ведалі, што шлюб - фіктыўны. Што маладая сама зрабіла прапанову. І гэтую пару аб'ядноўваюць толькі каханне да навукі і высакароднасць душаў...

Потым была адукацыя за мяжой у Гейдзельбергскім універсітэце, у знакамітага прафесара Карла Вейерштраса ў Берліне,
барацьба за права выкладаць у Расеі, непрабіўная сцяна бюракратыі і коснасці расейскай навуковай сістэмы... І сапраўдная закаханасць у фіктыўнага мужа... І дзіця... І няўдалы бізнес двух рамантыкаў ад навукі... І самагубства Кавалеўскага... І новае каханне таксама Максіма Кавалеўскага... І выкладанне ў Страсбургскім універсітэце...

Часта ў ва сне да яе прыходзіў прадзядуля Хведар. Аднойчы ён падаў Соф'і  ідэю «нябеснай механікі» і даследавання «колцаў Сатурна»... 


І ўвесь гэты час душа Соф'і быццам жыла асобна ад цела. І назірала збоку за гэтымі пакутлівымі кіданнямі паміж "сцылай і харыбдай" - ахвярамі навуцы і жаночым прызначэннем кахаць... 

Дзякуй Богу, геній перамог у ёй жаноцкую слабасць. І замест сэнтыментальнай жанчыны у аналах гісторыі паступова праяўлялася аблічча абранага звышчалавека. Барацьба і пакуты, азарэнні і натхненні якога належаць усяму чалавецтву... Але вялікі вучоны часам саступаў месца проста жанчыне, якая горка жалілася:  «Мая слава пазбавіла мяне звычайнага жаночага шчасця ... Чаму мяне ніхто не можа палюбіць? Я магла б больш даць любімаму чалавеку, чым многія жанчыны, чаму ж любяць самых нязначных, і толькі мяне ніхто не любіць? ". Кавалеўская хітравала. Бо ведала, як моцна і аддана кахаюць яе "падданыя" матэматычнага царства - лічбы і формулы...


"Кажы, што ведаеш, рабі, што павінен, будзь, чаму быць" - канвэрт з такім дэвізам і пераможнай працай у конкурсе ўскрылі навукоўцы Парыжскай Акадэміі навук. Аўтарам апынулася адзіная жанчына прафесар матэматыцы ў свеце. Беларуска Соф'я Кавалеўская.

Шляхцянка з Віцебскай губерніі  змагла пераканаць ўсіх у тым, што не гендэрныя адрозненні, а розум і божая харызма ствараюць місію чалавека і магчымасці дзеля яе выканання... "Я вельмі рада, што нарадзілася жанчынай, бо гэта дае мне магчымасць адначасова служыць праўдзе і справядлівасці », - з выклікам пісала Кавалеўская.



Нешчаслівае асабістае жыццё паспрыяла шчасліваму шлюбу з навукай. Ну а лічбы? Яны ніколі не пакідалі яе і не здрадзілі сваёй Каралеве. Паэзія і рамантыка іх была адкрытая толькі для Кавалеўскай. «Многія, якім ніколі не трапляўся выпадак больш даведацца матэматыку, змешваюць яе з арыфметыкай і лічаць яе навукай сухой. У сутнасці ж гэта навука, якая патрабуе найбольш фантазіі ... Нельга быць матэматыкам, не будучы ў той жа час паэтам у душы », - аднойчы заўважыла "прафесар ў спадніцы"...

Падаецца, менавіта яны, яе зусім не сухія лічбы, ішлі ў жалобнай працэсіі нябачна для людзей і велічна неслі труну той, што была іх Гаспадыняй.

Д А В Е Д К А

Соф'я ВАСІЛЬЕЎНА КАВАЛЕЎСКАЯ - (народжаная Корвін-Крукоўская ; 3[15]
студзеня 1850 , Масква - 29 студзеня [ 10 лютага ] 1891 ,Стакгольм ) -  матэматык і механік , з 1889 года замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук . Першая ў Паўночнай Еўропе жанчына-прафесар і першая ў свеце жанчына - прафесар матэматыкі. Аўтар аповесці « Нігілістка » (1884) і «Успаміны дзяцінства».
Найбольш важныя даследаванні ставяцца да тэорыі кручэння цвёрдага цела. Кавалеўская адкрыла трэці класічны выпадак адрозная задачы аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай кропкі. Гэтым прасунула наперад рашэнне задачы, пачатае Леанардам Эйлерам і Ж. Л. Лагранжам.
Даказала існаванне аналітычнага (галаморфнага) рашэння задачы Кашы для сістэм дыферэнцыяльных раўнанняў з частковымі вытворнымі, даследавала задачу Лапласа аб раўнавазе кольцаў Сатурна , атрымала другое набліжэнне.
Вырашыла задачу аб прывядзенні некаторага класа абелевых інтэгралаў трэцяга рангу даэліптычных інтэгралаў . Працавала таксама ў галіне тэорыі патэнцыялу , матэматычнай фізікі , нябеснай механікі .
У 1889 атрымала вялікую прэмію Парыжскай акадэміі за даследаванне аб кручэнні цяжкага несіметрычнага турка.