П І Л І Г Р Ы М К А
Ў Б У Д У Ч Ы Н Ю
Па бясконцай пыльнай дарозе крочыць чалавек... Ён ледзве ідзе, абапіраецца на кіёк... Але душа яго даўна апярэдзіла сцёртыя да крыві ногі... Яна лунае ў неабсяжнай далечыні... Паміж небам і зямлёю, там, дзе мінулае і будучае сыходзяцца і нараджаецца адвечнае...
Менавіта так уяўляецца вобраз легендарнага Напаліёна Орды - падарожніка роднай гісторыі, пілігрыма Божай місіі...
Ён быццам адчуваў за спіной вандальны подых апакаліпсісу разбурэння. Нават не наступу чэрні ў бальшавісцкую эпоху, а беспамяцтва духу будучых чавалекаў-машын, уэлсаўскіх прывідаў новае эры. Бяздушнасць наступае на пяты і ратаваць адвечнае трэба неадкладна...
Мір
Лагойск, Моладава, Ліда, Навагрудак,Мір, Нясвіж, Вільня - і яшчэ сотні мястэчак і гарадоў чакаюць свайго летапісца. Трымцяць у чаканні месіі, які надасць іх замкам, храмам, вежам і
даляглядам мастацкую паціну вечнасці.
Простыя сродкі - аловак, папера, акварэльныя фарбы - ў руках Орды набываюць чароўную сілу і ўладу над прыродай і архітэктурай, ствараючы ўнікальны сімбіёз божай і чалавечай творчасці...
Камянец-Літоўскі Гродзенскай губ.
На гэтых малюнках амаль што не сустрэнеш людзей, бо яны - дробязь вечнасці. Як жывыя істоты паўстаюць будынкі маленькіх хат побач з шэдэўрамі дойлідства - маёнткамі і храмамі.
Напаліён спяшаецца занатаваць знікаючую рэчаіснасць, мімаволі дадаючы ёй эпічныя рысы. І на кожным малюнку - вобразы дарогі і грозных аблокаў - тое, што быццам уносіць архітэктуру ўдалячынь, што надае гэтым рэчам рамантычны флёр. Мастак-валацуга быццам стварае метафару адвечнага руху паміж мінуўшчынай і будучыняй...
Ён нарадзіўся ўзімку ў Варацэвічах на Піншчыне - старым маёнтку татарска-беларускага роду Ордаў. І быў названы ў гонар імператара.
Шляхціц з добрым прозвішчам вядома паступіў у Віленскі ўніверсітэт - тагачасную калыску талентаў і вальнадумства. Як патрыёт уступіў у тайны студэнцкі гурток "Заране", які хутка раскрылі. Напаліён быў вымушаны бегчы ў Парыж. Тут, у сталіцы мастацтва і вольнасці, сабраліся вяршкі высакародных польскіх і беларускіх эмігрантаў.
Орда ад нараджэння меў рознабаковыя здольнасці: маці навучыла яго музыцы, ён віртуёзна валодаў словам. І яго літаральна быццам ўзялі пад рукі выключныя сябры - з аднаго боку - вялікі Шапэн, з другога - вялікі Міцкевіч.

Што паклікала яго назад, адарвала ад багемнага жыцця? Маёнтак канфіскаваны, маці памёрла... Новае паўстанне Кастуся Каліноўскага?... Але насуперак чуткам Орда бярэ ў рукі не стрэльбу альбо палемічнае пяро. Ягоная барацьба - гэта тытанічная праца дзеля захавання спадчыны, дабраахвотныя галеры ў імя будучыні...
Бялынічы Магілёўскай губ.
Быццам мастак прадбачыў, што рана ці позна скончацца паўстанні, рэвалюцыі і войны. А што застанецца нашчадкам? Хто паклапаціцца пра іх душы? На якіх ўзорах будуць трымаць годнасць будучыя ліцвіны?..
Колькі абутку стаптаў валацуга-мастак на дрэнных вясковых дарогах - не пералічыць. Начаваў у абшарнікаў, сялян, а часам начлегам яму служыў стог сена пад зоркамі... Ён абышоў Беларусь, Валынь, Галіцыю, Кіеўскую губернію, Польшчу... Зрабіў болей за 2 000 малюнкаў. Планаваў свае падарожжы і рыхтаваўся да іх ўзімку. А вандраваў з вясны да восені. І, як сапраўдны валацуга, вяртаўся з надыходам халадоў на цёплыя кватэры. Добра, што такая раскоша - тупаць і тупаць па дарогах з алоўкам за вухам - была яму па кішэні (пакуль не скончыліся парыскія грошы)...
Кожны малюнак зроблены адразу, без эскізаў, дэталізаваны і адначасова метафарычны. Намаляваны с лепшага ракурсу, з выкарыстаннем прынцыпу "залатога перасеку". Лешч пад Пінскам
Мастак клапаціўся не толькі пра дакументальную дакладнасць сваіх архітэктурных пейзажаў. Яго хвалявала і эстэтычнасць суцэльнай кампазіцыі, і захапленне ўражанага гледача.
Аднойчы ён завітаў у Высокалітоўск - маёнтак княгіні Марыі Патоцкай. Занатаваў рэшткі старога замку Сапегаў і парк, палюбаваўся дзівоснай аранжарэяй, каштанавай алеяй і лепшай у Беларусі гаспадаркай. Папіў гарбаты з ветлівай і разумнай гаспадыняй. І назаўсёды ўвекавечыў гэты куток беларускай зямлі, заснаванай яшчэ Гедымінам. Няма ўжо Патоцкіх, сядзіба ляжыць у руінах, а на гравюры Орды - неўміручы вобраз. Падаецца, што нават лісты на дрэвах вагаюцца на ветрыку, плывуць кудысьці аблокі... Быццам жыццё спынілася на хвілінку, як гадзіннік, і зноўку пайшло...
Бяроза-Картузская Гродзенскай губ.
Не трэба спрачацца, кім лічыў сябе Орда, - палякам ці беларусам, бо варта толькі паглядзець на мапу яго падарожжаў. Перад намі - Рэч Паспалітая альбо Вялікае Княства Літоўскае - да барбарскага падзелу. У гарманічным ўяўленні і мастацтве Орды. І становіцца відавочна, хто паклікаў яго ў гэтую пілігрымку, каб аб'яднаць мінулае і будучае нябачнай ніццю, якая праходзіць праз нашыя сэрцы...
Ружаны Гродзенскай губ.
Адна выява змяняе другую, аблокі нібы пераплываюць з аднога малюнка на другі, яны пераплятаюцца і ствараюць суцэльнае настальгічнае палатно. Быццам мастак пляце адзіны ланцуг, прасякнуты ў бясконцасць...
Калі доўга глядзець на творы Напаліёна Орды, можна пазбавіцца рэчаіснасці і, нібыта ў старым люстэрку, пабачыць непаўторны твар Радзімы...
Д А В Е Д К А
НАПАЛІЁН ОРДА
(польск.: Napoleon Mateusz Tadeusz Orda;11 лютага 1807, в. Варацэвічы на Піншчыне — 26 красавіка 1883,Варшава, Польшча) — беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.
Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1823 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Але за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве «Заране» быў арыштаваны і выключаны з універсітэта. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831, пасля падаўлення якога эміграваў у Францыю. Там пазнаёміўся з Фрэдэрыкам Шапенам, у якога браў урокі музыкі. Напісаў шэраг твораў для фартэпіяна (рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі). У сярэдзіне 1830-х гадоў — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы. Вучыўся ў студыі П. Жэрара ў Парыжы і ў Віленскім універсітэце. З 1856 жыве ў Варацэвічах,Гародне, на Валыні. Пакінуў па сабе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў Беларусі, Літвы і Украіны.
Выява Нясвіжсага замку, замалёваная
Напаліёнам Ордаю, была выкарыстаная дзеля афармлення беларускай грашовай купюры.
Комментариев нет:
Отправить комментарий