ВЯРШКІ Ў НЯБЕСНЫМ МАЛАЦЭ
Мне не хапала толькі трону...
Пісаў, забыўшыся, Шагал.
Пуляў ён фарбамі шалёна,
А ў сэрцы музыку шукаў...
Лунаў над Віцебскім абшарам,
Імчаў, як ветразь, па рацэ!
Чаго вар'яту не хапала?
Вяршкоў у нябесным малацэ?

Пісаў кароваю карову
І не баяўся быць сабой...
Ён на ахвяры быў гатовы
Усёй мастацкаю крывёй.

Ператвараўся ў пастараль...
Дзе з фіялетаваю дамай
Шукалі разам вы Грааль...
А горад спаў і дыхаў важна,
Не заўважаючы міраж...
Плывуць і зараз авантажна
Шагал і Бэла міма нас...

Што гэта за паветраны цмок, а можа, каляровы прывід, а то і зусім міраж, які бачаць прагнучыя душы... Пэўна так разважаў бы неазнаёмлены глядач, упершыню апынуўшыся перад карцінамі Марка Шагала...
Але ж куды там - амаль што кожны свядомы чалавек у свеце ведае мастака. Але,мабыць, далёка не ўсі ведаюць, якая насамрэч глеба ўрадзіла такога тытана імпрэсіанізму. Бо Парыж, дзе ён вымушана апынуўся, як вялікая рыбіна, заглынуў Шагала з лёгкасцю і "пераварвае" дагэтуль...
Месцячковы беларускі габрэй з ускраіны Віцебску чароўна ператварыўся у знакавую постаць жывапісу. Бо з дзяцінства любіў пажары і панарамы з даху... Гэта значыць - яскравасць і прастору... А таксама сваіх працавітых і крышку недасканалых бацькоў. Бацьку - грузчыка ў селядцовай лаўцы. І маці - дамашнюю гаспадыню...
Гэта непастіжная з'ява - нараджэнне ў бедных габрэйскіх сем'ях геніяў сусветнага маштабу. Самавукаў без сістэмнай адукацыі, але з невыцерпнай прагай ашчасціць чалавецтва. Яны з'яўляліся на свет пераважна ў пераломныя моманты гісторыі, на стыку стагоддзяў і з нейкімі фізічнымі адхіленнямі. А потым усё жыццё быццам даказвалі сваю духоўную заможнасць, кампенсуючы памылкі прыроды. Напаліён і Шэкспір нарадзіліся неданошанымі. А Шагал увогуле памерлым. І адразу апынуўся ў феерверке жыцця - здарыўся пажар.
Так незвычайна, яскрава і палка сустрэў генія свет. Яму нічога не заставалася рабіць, як, схаваўшыся за фарбамі, размаляваць сваё жыццё. Зрабіць з яго няўміручы шэдэўр...
Уражлівы хлопчык калекцыянаваў колеры, рысы, вобразы, жэсты габрэйскага кварталу і шырокімі мазкамі пераносіў іх на палатно. І не проста пераносіў, а фантазіяваў. Спалучаў няспалучальнае.
Калі,напрыклад, у адной карове з'мяшчалася другая. Альбо чалавек ляцеў наперад з галавой назад...«Каб ўзляцець, - сцвярджаў мастак, - мала летуценнасці, патрэбеныя тэмперамент, захапленне, ціснучыя грудзі, запал, падымаючы ў паветра»...
Ён вучыўся ў Пэна, мастакоў Парыжу, Бакста. Але болей за ўсё - у Лувры, разглядаючы карціны мастакоў Адраджэння. Як клясіка ператварылася ў яго ўяуленні ў сюр? Невядома. Але нейкім чынам яна дапамагла гарманізаваць незвычайны свет ягоных палотнаў, надаць у эксцэнтрыку мастацкі густ. Спалучэнне новых формаў і старых прыёмаў нараджала новы светапогляд у жывапісу.
Вымушаны збегчы з бальшавісцкай Беларусі ў меку мастакоў - Парыж - ён плённа працуе і становіцца модным. Нават адчувае сябе беларускім французам. Але настальгія па бацькаўшчыне, роднаму Віцебску, адлюстраваныя ў кожнай карціне. Нерэальныя постаці і істоты лунаюць над рэальнымі хатамі і храмамі. Рэчаіснасць становіцца дэкарацыяй дзівоснага спектаклю ягоных карцінаў. Пачуцці аўтара араўляюць ягоны талент. І гэты інтымны сакрамэнт уражвае гледачоў...
Вось мастак лунае на Месяцы. Ён вольны і бязважкі, як і належыць рамантыку ад мастацтва. І глядач мімаволі апускаецца ў гэты блакітны прывідны свет. Каб адмовіцца хоць на хвіліну ад мітусні мітусні...
Францыя становіцца для Шагала духоўнай Радзімай. Але менавіта карані сілкуюць ягоную душу. А Парыж ён называе "другім Віцебскам".Падчас вайны ў Амерыцы раптам гіне адзіная муза - жонка Бэла. Натхніцельніца, сябар, нянька генія, у якім адначасова спалучаліся тытан і непасрэдны дзіця, якога трэба было даглядаць і карміць амаль што "з лыжкі". Адданы творчасці, ён забываў паесці, дэталі цікавілі Марка толькі ў жывапісу. Бэла была анёлам-ахоўнікам Шагала. І пакінула яму дачку Іду...
"Яна лунае на маіх карцінах, азарае мой шлях у мастацтве. Ні адной карціны, ні адной гравюры я не сканчаю, пакуль не пачую яе «так» альбо «не» - прызнаўся аднойчы геній...

Мэтр да смерці жыў у Францыі, ператварыўшыся ў ідала жывапісу. Напісаў мемуары "Маё жыццё", дзе з юмарам апісаў сваё дзяцінства і родны горад.
Ягоны продак Хаім Сегал (сапраўднае прозвішча Шагала) распісваў фрэскамі беларускія сінагогі. На іх таксама былі жывёлы і іншыя істоты. Па канонах іудаізму нельга было маляваць чалавека. Марк Шагал абышоў забарону. Але ягоныя людзі нагадваюць птушак, а каровы - людзей.
Ён вынайшоў для іх адзіную сусветную душу, якая не належыць канкрэтнай істоце, але адлюстроўвае сутнасць кожнай рэчы.
Сёняшні беларускі Віцебск - прыбраны і музычны - вядомы як месца правядзення "Славянскага базару". Бадзёры сучасны горад амаль што не нагадвае шагалаўскі. Але да першага конкурсу тут яшчэ захоўваліся рэшткі соннага царства і шагалаўскі сюр. А падаецца, што і зараз ягоная ўсьмешка лунае над вуліцамі і кліча нас за сабой...
Д А В Е Д К А
Марк Шагал (7 ліпеня 1887, Віцебск — 28 сакавіка 1985) — беларускі і французскі мастак. Бацька — Захар Мордухавіч. Дзед — Мордух Сегал, па невядомых прычынах змяніў прозвішча на Шагал. Прадзедам М. Шагала быў вядомы мастак Хаім Сегал, які распісваў сінагогі. Пры нараджэнні будучага мастака назвалі Маісеям, Імя на Марка ён змяніў, калі пераехаў у Санкт-Пецярбург.
![]() |
Шагал з жонкай Бэлай і дачкой Ідай |
Пачатковую адукацыю атрымаў традыцыйную яўрэйскую — па Торы,Талмуду, з вывучэннем старажытнаяўрэйскай мовы. Увосені 1900 паступіў у гарадское чатырохкласнае вучылішча з рамесным ухілам, дзе дасягнуў поспехаў толькі ў маляванні і геаметрыі.
Пасля рэвалюцыі з рэкамендацыі А. Луначарскага прызначаны паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў Віцебскай губерні. Стварыў Віцебскую народную мастацкую школу і ўзначальваў яе некаторы час. З 1919 кіраваў «Вольнай майстэрняй жывапісу», дапамагаў у стварэнні Віцебскага музею сучаснага мастацтва, кіраваў мастацкім афармленнем Віцебску ў гонар гадавіны рэвалюцыі.
У 1947 Марк Шагал упершыню пасля вайны прыехаў у Парыж у сувязі з адкрыццём сваёй рэтраспектыўнай выставы, арганізаванай Музеем сучаснага мастацтва, а ў 1948 вярнуўся ва Францыю назаўсёды. Менавіта ў гэты перыяд яго творчасць набыла сусветную вядомасць. Адна за другой адбываюцца выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры мастака. Ён удастойваецца ганаровых званняў i ўзнагарод, сярод якіх — вышэйшая ўзнагарода Францыі Вялікі крыж Ганаровага Легіёна. На працягу 1950-1970-х гг. ён выканаў мноства вітражоў i керамічных пано для вядомых сабораў Францыі.
У 1973 у Ніцы адкрыўся Нацыянальны музей «Біблейскае пасланне Марка Шагала». У гэтым жа годзе Марк Шагал прыязджаў у Маскву i Ленінград і перадаў у дар Дзяржаўнаму музею выяўленчага мастацтва імяА. С. Пушкіна 75 сваіх літаграфій, а ў 1997 на радзіме мастака, у Віцебску, быў адкрыты мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала. Нашчадкі мастака перадалі ў дар музею калекцыю яго графічных работ. Пачынаючы з 1991, у Віцебску штогод праходзяць Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, адкрыты помнік Марку Шагалу работы віцебскага мастака А. Гвоздзікава.

Марк Шагал пакінуў значную літаратурную спадчыну — дзённікі, лісты і вершы.
Комментариев нет:
Отправить комментарий