воскресенье, 26 февраля 2017 г.


              БАЁЎ ЗАВАДАТАР -
ЭМІЛІЯ ПЛЯТЭР

Дзяўчына на кані з уласнай зброяй,
Ліцвінка з галавы да самых пятаў...
Карункавы каўнерык вінаваты -
Какецтва ўласцівае герою.


Яна ўсяго ж жанчына ў воўчай шкуры,
Якую начапіла мімаволі,
Дзявоча сэрца корчыцца ад болю,
Пакутвае і прагне авантуры.

Не Жана Д'Арк прачнулася знянацку,
Драпежная ліцвінка тут куражыць
І за сабой у бой вядзе адважна!
Скарынкай хлеба дзеліцца па-брацку...

Яна - як сымбаль мары аб свабодзе,
Як крылы белыя нястомнай  той арліцы...
Ліцвінскі эпас - моцная крыніца -
Ніколі не згасае ў народзе.


Завітак наравісты, вусны, шыя
Як лебедзь выплывае перад намі...
Спрадвечнае ў грудзях ліцвінкі пламя -
Каханне да Радзімы як стыхія...


Паляванне, коні, стрэльбы, шпагі - атрыбуты мужчынскага жыцця - з маленства атачалі гэтую свавольную паненку. Яна валодала імі, як сапраўдны ваяр. І марыла не аб ляльках і анучах, як любая паненка яе кола. А аб бітвах за Айчыну...

Маленькая хударлявая дзяўчынка "галасіла" як дасведчаная жанчына. І ў гэтым мастацтве "галашэння" выяўлялася дваістасць яе натуры - далікатна-жаноцкай і стаічна-мужчынскай. У паненкі Плятар было адзінае каханне на ўсё жыццё...

 «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць», - апісваў уражанні адзін з сяброў Эміліі. І дадаваў: «Яна... першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу, аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму... Яна збірала і спявала беларускія народныя песні... Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі»...

Але, музіцыруючы і танчачы на балях, шляхцянка Эмілія была у думках далёка ад сваіх кавалераў...


 «Пані Эмілія Плятэр, дачка графа Плятэра, афіцэрская змейка! Чатырох паручнікаў засушыла, генерала, камандуючага крэпасцю, зрабіла трубадурам, увесь штаб другой дывізіі зачаравала, а цяпер артылерыйскага капітана, барона, гатуе сабе, галубочка, на мужа», - ліхасловілі сучаснікі. Насамрэч Эмілія кахала барона Дальвінга, усё ішло да вяселля...

Але смерць маці і пачатак паўстання у Варшаве спынілі ідылію. А, можа, паспрыялі таемнаму сапраўднаму каханню дзяўчыны да сваёй Радзімы. Выхаваная на Шылере і Гётэ ідыялістка марыла працягнуць справу Касцюшкі, адрадзіць Рэч Паспалітую... Сапраўдная ліцвінка была гатовая ўзяць у рукі замест пяльцаў і веера зброю... 


У маладой шляхцянкі на літаграфіі зусім не ваярская знешнасць. Маленькі носік, пульхныя шчочкі, выпешчаныя ручкі. Ёй бы дарэчы прыгожая сукенка... І толькі прымхлівы завітак выдае ганарысты нораў...

«Невысокая, бледная, не прыгажуня, але акруглага, прыемнага, сімпатычнага твару, з блакітнымі вачыма, добра складзеная, але не моцнай формы; была сур’ёзная, больш строгая, чым абаяльная ў паводзінах, мала размаўляла і адным поглядам быццам выклікала да сябе належныя адносіны»,  - характарызуе таварыша па зброі Ігнат Дамейка, які змагаўся поплеч з Эміліяй.

Сурдут з чырвоным каўнерам, мужчынская фуражка, шырокія порткі, кінжал, пісталет, добрая пастава на кані. Ну чым не ваяр інсургентаў? Толькі карункавы каўнерык ды срэбныя шпоры на боціках - адмысловы шык капітана Плятэр...

Нарадзіцца ў Вільні у высокаадукаванай ліцвінкі Ганны Моль і графа Казіміра Плятэра - гэта ўжо знак звыш. Да таго ж дзяўчынка была здольнай і кемлівай, з высакароднай душой...

Калі бацькі разышліся, ёй з маці давялося жыць у  маёнтку цёткі Ліксна каля Дынабурга.


Вялікая бібліятэка і беларуская прырода спрыялі выхаванню незвычайнай ліцвінкі. Да таго ж вакол не было дзяўчынак, Эмілія сябравала са стрыечнымі братамі. І канкуравала з імі ў мужчынскіх захапленнях: коннай язде, паляванні, фехтаванні, стральбе...


Даведаўшыся пра паўстанне ў Варшаве, юная патрыётка вырашыла: час надыйшоў! Далой цацкі і жаночыя сантыменты! Радзіма кліча! 

Яна выступае з прамовай у мястэчку Дусяты. «Няхай жыве графіня Эмілія! Няхай жыве наша ясная паненка!» - вітаюць яе людзі.  У атрад Плятэр уступілі 280 стральцоў, 60 вершнікаў і некалькі сот касінераў...

Уперад! На Дынабург! Але сілы былі няроўныя. Пасля некалькіх паспяховых баёў паўстанцы адступілі. Рэшткі атрада Плятэр увайшлі ў корпус генерала Караля Залускага, а потым - генерала Хлапоўскага. 


Дзяўчына, выпешчаная як паненка, становіцца сапраўдным ваяром. Змагаецца ў першых шэрагах пад карцечным агнём. Калі пад адважнай ліцвінкай забіваюць каня, знаходзіцца рыцар - маёр Станіслаў Мацэвіч. Рызыкуючы сабой, ён прарываецца да Эміліі і ратуе яе, пасадзіўшы на свайго каня...


Усё, як у лепшых рамантычных раманах. Але, у адрозненні ад іх, тут ільецца сапраўдная кроў. «Высокай мужнасцю і адвагай вызначыўся капітан Эмілія Плятэр», - пахваліў дзяўчыну Хлапоўскі.

Зрынутыя паўстанцы крочаць у Прусію, каб здацца. «Лепей было б памерці са славай, чым скончыць такім ганебным прыніжэннем», - заявіла Эмілія. - Што да мяне, дык пакуль чую іскру жыцця ў грудзях, буду біцца за Айчыну!»

Яна вырашыла ў суправаджэнні сяброў рушыць да Варшавы, каб змагацца да канца. Але па дарозе захварэла. Яе прытулілі ў вёсцы Юсцінава, што ў Сейпенскім павеце, у доме шляхціца Ігната Абламовіча. 


Тут, у маленькім пакойчыку, пад чужым прозвішчам, сярод малавядомых людзей скончылася гэтае кароткае феерычнае жыццё. Апошняй кропляй стала параза паўстання ў Варшаве.
"Няма чаго жыць", - сказала Эмілія. Бо жыццё для яе было самаахвярай у імя адзінага сапраўднага кахання.


                    Д А В Е Д К А


Эмілія Плятэр (13 лістапада 1806, Вільня, Расійская імперыя — 23 снежня 1831, вёска Юсцінава, Сейненскі павет, Расійская імперыя) — прадстаўніца шляхецкага роду і ўдзельніца паўстання 1830—1831 гадоў.

Вырасла ў маёнтку Ліксна Дынабургскага павета Беларуска-Віцебскай губерні, дзе цікавілася і збірала беларускі фальклор. Падчас паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве ўзначаліла невялікі паўстанцкі атрад, удзельнічала ў некалькіх баях, атрымала званне капітана ў паўстанцкіх войсках. Пад канец паўстання яна захварэла і памерла ў маёнтку польскага шляхціца. 

Клемаціс Эмілія Плятэр
Нягледзячы на тое, што яна не прымала ўдзелу ў якіх-небудзь значных бітвах, яе гісторыя атрымала шырокае распаўсюджанне і натхніла шэраг літаратурных і мастацкіх твораў. Лічыцца, што яе постаць увасабляе падвойны пратэст: як супраць іншаземнага прыгнёту, так і супраць традыцыйнай жаночай ролі. З'яўляецца нацыянальнай гераіняй Польшчы, Беларусі і Літвы, былых частак Рэчы Паспалітай.

 

Помнік у Капчамесцісе
Смерць Эміліі Плятэр атрымала шырокую агалоску ў польскамоўнай прэсе, што спрыяла росту яе славы. Плятэр стала адным з сімвалаў паўстання. Гэты сімвал, дзяўчынка, якая змагаецца за сваю Радзіму, набыў вялікую папулярнасць на тэрыторыях сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы, а таксама і за мяжой. Адам Міцкевіч увекавечыў Эмілію ў сваёй паэме «Смерць палкоўніка». 

Комментариев нет:

Отправить комментарий