четверг, 14 января 2016 г.

НАВОШТА ГАЎЛЯЙТАРУ ПРЫМАЧ?

Згадзіцеся, фантастычная рэч – старыя пажоўклыя здымкі. Глездячы на іх, быццам уяўляеш сабе рысы былых эпохаў: людзі і рэчы паўстаюць нібы перад вачыма. Ты як бы падглядваеш ў замковую шчыліну часу. Асабліва прываблівыя для мяне – паштоўкі з фотаздымкамі роднай Беларусі, асабіста Менску, дзе нарадзіўся. Аб кожным фатаздымку магчыма, уключыўшы фантазію і ўяўленне, складаць апавяданні і легенды. Што я іншы раз і раблю ў адпаведнасці з асабістымі ўражаннямі і натхненнем…



Вось і зараз каля мяне цікавыя здымкі, часоў акупацыі краіны ў гады Другой Сусветнай вайны. На іх адлюстраваны асабістыя пакоі гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ, пра забойства якога напісана шмат амаль што дэтэктыўных артыкулаў  і кніг. Сталовая, кабінет, гасцёўня… Вось знакаміты па культаваму фільму “Гадзіннік спыніўся апоўначы” раяль, кветкі у вазе… Ба, а  гэта што за дзівосная рэч? Насупраць вакна, на століку стаіць прымач. Ды не абы які і нават не нямецкі, а, на уважлівы позірк, вельмі знаёмы. Дзе я нядаўна бачыў нешта падобнае? Ну, вядома, калі аднойчы ў роздуму пазіраў на сваю выратаваную радыёлу "Мінск" Р-7, якая безпрытульна чакала мяне на ходніку. Яе бездакорны дызайн быў нібыта даваенны. Але гэтую мадэль зрабілі значна пазней.


Можа гэта знакаміты “КІМ” – Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі, зроблены перад вайной у Менску. А, можа, падобны на яго, як дзве кроплі вады, “Harold” – шэдэўр віленскіх майстроў, выдатна скампіляваны мінскімі?


Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба не проста праштудзіраваць пэўную інфармацыю, а нібы “нырнуць” ў той даўні час, апынуцца думкамі у рэзідэнцыі гаўляйтара, нават разважаць як Кубэ… Прызнацца, цяжка і нават жахліва ўявіць  сябе ў вобразе “ката беларускага народу”… Але ж нельга пісаць пра гістарычныя падзеі, апрануўшы “белыя пальчаткі”. Як і прасачыць лёс любой рэтра рэчы адмежавана ад лёсу яе ўладальніка…
            Вільгельм глядзеў на квітнеючы сад за акном. Праз эфірныя перашкоды  лілася бадзёрая музыка. Ён падышоў да прымача і пачаў круціць колца, каб злавіць патрэбную хвалю…  Гаўляйтар слухаў толькі Бі-бі-сі, каб аб’ектыўна ацэніваць становішча на фронце…
            Вільгельм міжвольна загледзіўся на прыгожы арэстакратычны прымач з корпусам чырвонага дрэва. Да, частка “фон”, якую ён знарок прыляпіў да свайго прозвішча, насамрэч падыходзіла болей да яго. Бо Кубэ нарадзіўся ў сям’і простага яфрэйтара, а гэты прымач паходзіў са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Аднак “бацькамі” яго былі тры простых віленскіх габрэя – Навум Левін і браты Самуіл і Грыша Хволесы. У пачатку стагоддзя прадпрыймальныя кампаньёны адкрылі ў Вільні на вуліцы Віленскай невялікую краму па продажу радыётавараў. Але, як вядома, апетыт прыходзіць пад час ежы. Таленавіты інжынер  Грыша, знаходлівы Самуіл і багаты Навум пачалі выпускаць прымачы, якія уваходзілі  ў моду. Дырэчы,  толькі 20 працэнтаў дэталей у іх не былі роднымі, а купляліся за мяжой. 
             Вельмі хутка яны адкрылі і свой завод на вуліцы Шаўчэнкі. І перайшлі ад старых лямпавых мадэлей да гэтэрадыёдных. Віленскія “Рэгент”, “Гарольд” і “Камандор” грымелі па ўсёй Еўропе, нават апярэджваючы славутыя мадэлі маркі “Філіпс”. У тутэйшага габрэйска-ліцвінскага брэнду “Электрыт” была вялікая будучыня…




              Габрэі  звыклыя да пагромаў. Для Левіна і Хволесаў  ім у пераносным сэнсу стала акупацыя Вільні савецкімі войскамі. Толькі саветы не разбурылі “Электрыт, а проста “скралі” для сваіх мэтаў. Сумесна з абсталяваннем і 20-цю тысячамі гатовых прымачоў  у Менск вывезлі і выключных майстроў. І ўжо тут, на месцы завода з немілагучнай  назвай “Дрэваабробачнік” стаў працаваць  электралямпавы завод імя Молатава. І, зразумела, першай "прадукцыяй" яго былі… "скрадзеныя” віленскія прымачы, якія змянілі  назвы на ідэялагічна вытрыманыя “КІМ”, “Піянер” і “Маршал”... (Хто ведае, які прымач належаў гаўляйтару – новы мінскі “КІМ”, ці віленскі “Рэгент” са складу? А можа, увогуле, “Гарольд”, сугучны з імем яго старэйшага сына ад жонкі Аніты – Геральда?...)…

"Гарольд" 




         Але мы адцягнуліся ад гаўляйтара… Кубэ любаваўся прымачом з нейкім міфічным настроем, ён відавочна прадстаўляў гэтых кемлівых і разумных віленскіх габрэяў і міжвольна параўноўваў  іх з галоднымі, збітымі, падобнымі на жывёл, вязнямі мінскіх гета, адно з каторых знаходзілася як раз  на тэрыторыі  радыёзавода. Там здабыў і падараваў яму гэты прымач сваяк Аніты – габрэй Карл Левенштэйн, які працаваў ахоўнікам гэтага гета. 
          Кубэ быў адукаваным чалавекам, ён скончыў Берлінскі ўніверсітэт, ведаў лацінскую і грэцкую мовы, пісаў артыкулы і сцэнарыі, быў гісторыкам і, верагодна, масонам, цікавіўся паходжаннем высокатэхнічных рэчау. Ён ведаў “біяграфію”  былога “Электрыта” і, мабыць, першым прапанаваў выкарыстаць магчымасці мінскага завода для выпуску сістэмаў навядзення зброі “ФАУ-1” і “ФАУ-2” (Гэтая версія аб прадукцыі завода, быццам знарок абнесенага калючым дротам, сапраўды верагодная)…

Аніта з дарослымі сынамі

"Маршал"
           … У пакой зайшлі жонка Аніта і ад’ютант Карл Вільдэнштэйн… Адарваўшыся ад сваіхдумак, Кубэ пайшоў вячэраць. Але з галавы не выходзілі гэтыя два Карлы: Левенштэйн і Вільдэнштэйн. Адзін прымушаны гінуць у гета, другі п’е шнапс  у цёплай сталовай. Абодва нарадзіліся у Германіі. У абодвух светлыя валасы і блакітныя вочы. У чым розніца паміж імі?  І як ён - асветнік, эстэт, чалавек з гуманістычнымі поглядамі - можа ганарыцца вынаходствам габрэяў, адначасова вымушаны знішчаць іх тысячамі, падпарадкоўваючыся фашысцкай дактрыне аб “непаўнавартасці” іншых расаў  і выбранасці арыйцаў?..

            Хто ведае, якія думкі на самай справе прыходзілі ў галаву гаўляйтара Беларусі, калі ён слухаў беларускі прымач альбо п’есу у адкрытым па яго загаду Беларускім драматычным тэатры. Прынята лічыць, што Кубэ знарок  падладжваўся  да насельніцтва, каб яно не ішло ў партызаны і добра працавала на вермахт. Лічыцца, што ў гэтых мэтах ён загадаў прапагандаваць ідэю арыйскага паходжання беларусаў: па Менску  нават ездзілі машыны, з якіх немцы ў рупар тлумачылі гэта жыхарам.
            Хутчэй за ўсё, гэта праўда. Але тады чаму Кубэ, рызыкуючы жыццём, пісаў фюрэру пра выключнасць беларускіх габрэяў  і нават прыдумаў факты з біяграфіі Левенштэйна, каб  выратаваць  яго ад немінучай смерці ў Асвенцыме? Чаму дэманстратыўна выйшаў  з СС яшчэ ў трыццаць шостым годзе, а сваю ахову даручыў не СД, а штурмавікам? Чаму арганізаваў пры генкамісарыяце аддзел ранішняй і старажытнай  гісторыі Беларусі і раскопы каля вёскі Курганы? І хто, насамрэч, паляваў на гаўляйтара?..

Дзеці у машыне Кубэ


            Пытанні без адказаў… Шквал  эмоцый і дапушчэнняў… А перад вачыма – ўсяго ж кавалачак фотапаперы з адбіткам часу… І цікавы фартоўны прымач – каталізатар аўтарскіх думак, рэч з неверагодным лёсам.
                                                                                                        
           



            …

Комментариев нет:

Отправить комментарий