понедельник, 11 января 2016 г.

                             

                ХОРТАВЫМІ ШЧАНЮКАМІ

       АЛЬБО КУЛЬТАВЫМІ РОВАРАМІ?


Лазар нервова хадзіў узад-уперад па канторы. Думкі блыталіся ў галаве: перашкаджалі гоман  разношчыка газет і скрогат металу. Там, за сцяной, у цэхе, дзе раней рабілі металічны шырспажыў, нараджаўся цуд прагрэсу і цывілізацыі – новенькія ровары маркі «Нёман». Калі быць дакладнымі, ноу-хау  вынаходзіць не прыйшлосяровары былі скампіляваны з лепшых нямецкіх наўзораў і  мадэрнізаваны з улікам асаблівасцей беларускай глыбінкі.  Рама, крылы, драўляныя абады, спіцы дыяметрам 2 мм вырабляліся пад колы памерам 28х2 дзюймы, скураныя сядзёлкі загадваліся ў Рызе. Ступіцы колаў купляліся ў нямецкай фірмы «Fichtel & Sachs»...



              Браты  Старавольскія – Нахум, Лазар і іхні кампаньён Ісак Піваварскі звычайныя тутэйшыя габрэі - замахнуліся не на карчму ці крамны гандаль, а на стварэнне новага брэнда – гарадзенскага ровара, а пазней матарувкі і матацыкла з фірмовай шыльдай, на якой  быў размешчаны далягляд на Новы Каралеўскі замак з левага берага ракі


       Ішоў 1926 год. Заходнебеларускія землі адышлі да Польшчы. Маршал Юзэф Пілсудскі, беларус па паходжанню, становіцца дыктатарам і ўводзіць на іх жорсткі  рэжым “санацыі” (аздараўлення)…
Альбрэхт Радзівіл, седзячы ў Нясвіжскім замке, клапаціцца не толька пра асабістую гаспадарку. Ён, арыстакрат, у 1918 годзе прадстаўляе маладую Беларускую Народную Рэспубліку ў Берліне і Швейцарыі. А зараз чакае пачэснага госця  -  маршала Юзэфа Пілсудскага...


Альбрэхт Радзівіл з дачкой Эльжбэтай у Нясвіжы



           Альбрэхт распарадзіўся наконт вячэры і пайшоў у гараж. Сярод храміраваных  «пародзістых» аўто – мэрсаў, пакардаў да іншых  - непрыкметна схаваўся невялікі і прыгожы, быццам лялькавы, ровар. Ён угледзіў яго ў Варшаве і набыў амаль што з патрыятычных меркаванняў: на раме ровара прыгожылася  эмблема,  да болю нагадваючая Радзіму. Га, да гэта ж Гародня
І вось зараз беларускі ровар прызначаецца ў свядомы падарунак знакамітаму госцю… (Нездарма раней, каб дагадзіць перанасычаным  панам, ім давалі хабар “шчанямі-хортамі”. Бо такое шчаня, выгадаванае ў пятым калене роду, было варта маёнтку).
Юзэф Пілсудскі, у росквіту славы, едзе ў Нясвіж.  Яму трэба ускласці  на труну свайго ад’ютанта, Станіслава Радзівіла, загінуўшага ў польска-бальшавісцкай вайне, вышэйшы знак вайскавога адрознення  – крыж «Віртуці Мілітары». І Альбрэхт не ўпусціць такі выпадак, каб абмеркаваць з польскім ўладарам перспектывы адраджэння Беларусі. А незвычайны прэзент павінен яму  спадабацца… 
Вось так сціплы гарадзенскі  ровар зрабіўся культавай фішкай у гісторыі, паняволі спалучыўшы лёсы яснавяльможных паноў і абывацеляў габрэяў. Але на гэтым наша гісторыя не сканчаецца…
Пілсудскі любіў сваю сядзібу ў Сулеювеку. Тут, у гады апалы, ён пабудаваў на ахвяраванні ваеннага камітэту фальварак, разбіў сад, прыдбаў невялікі пчальнік. Аскет па натуры, які ахвяроўваў амаль што ўсе свае заробкі  родным загінуўшых салдат і заснаванаму  ім Віленскаму ўніверсітэту, Юзэф любіў снедаць у ложку і пракаціцца з ветрыкам з Варшаўскага Бельведэру на лецішча…
І вось ён, ужо цяжкахворы, стаіць перад слушным «баявым канём», якога часам пазычае малодшай дачцэ  Ядзвізе…


                      Юзэф Пілсудскі з дачкой Ядзвігай
Няўрымслівая планерыстка, з 12  гадоў апантаная  аэраплянамі, яна была ўвасабленнем яго патаемнай мары аб сыне. І стары воін уступае «капрызу» паненкі – купляе ёй у Гародні  ў нашых знаёмых Старавольскіх… жаночую матарувку. Легкі, манеўраны, 75-кубовы -  ён быў для прадпрымальнікаў пераходнай мадэллю на шляху стварэння  матацыкла. Выбар Пілсудскага - гэта лепшая рэкляма. Бо маршал - не толькі кіраўнік Польшчы, але да таго ж і пачэсны грамадзянін Гародні… Ішоў 1934 год…
Ну, што тут зробіш, людзі хварэюць, становяцца старымі і, у рэшце рэшт, паміраюць. А жалезныя агрэгаты іржавеюць, нават пакрываюцца пацінай  - але жывуць! І, переходзячы з рук у рукі, аднойчы трапляюць да сапраўднага механіка, які надае ім другое жыццё!..  Дваццатыя гады мінулага стагоддзя  лічацца срэбным  векам паэзіі. Але гэта быў таксама сапраўды “залаты век” механікі!..
З 1936 года браты Старовольскія пачынаюць серыйны выпуск матацыклаў  «Нёман» з 100, 125 і 150-ці кубовымі рухавікамі. Бо вытворчасць ровараў да таго часу дасягнула ажно 10 000 адзінак у год! ( І сёння яшчэ старыя людзі на Пружаншчыне  і іхнія нашчадкі  з цеплынёй успамінаюць ровары свайго дзяцінства з назвай ”Нёман”). Прагрес штурхаў наперад, прадпрымальныя габрэі адкрылі прадстаўніцтва ў Варшаве. Бізнес квітнеў!..


Найбольшым попытам карысталіся «соткі» - матацыклеты з 100-кубовым рухавіком. Яны  развівалі немалую для тых часоў хуткасць – 70 кіламетраў у гадзіну – былі лёгкімі і выгоднымі і пры тым спажывалі усяго 2,25 літра паліва на 100 кіламетраў. Да таго ж кіраваць імі можна было без дазволу. Гэта была не эпічная  «Антылопа-гну», а самы што ні на ёсць сапраўдны шэдэўр мотатэхнікі – сімбіёз тэхнічнага прагрэсу і кемлівасці гарадзенскіх бізнесменаў…
Аднак да часоў  трыўмфа «Нёманаў»  асноўныя дзеючыя асобы нашай гісторыі  – яснавяльможны пан Альбрэхт Радзівіл і маршал Польшчы Юзэф Пілсудскі - ўжо пакінулі гэты свет. Дакладна не ведаем, што завяшчаў сваёй адзінай дачцы Эльжбэце бацька Альбрэхт, але Юзэф, які гадаваў малодшую дачку як сына, разам з іншымі рэчамі аставіў Ядзвізе  матарувку, якую тая “аб’ездзіла” як наравістага каня. 



Матарувка "Niemen R-75" з рухавіком"Sachs"

Брутальная дзяўчына да 17 гадоў скончыла школу планерыстаў. У 1937 годзе ужо лётала на планёрах, атрымаўшы ліцензію пілота ўсіх катэгорый - ад «А» да «Д». А ў 1939 ўдзельнічала на адным з матацыклаў ”Нёман” (менавіта на"сотцы") у ралі  Варшава-Мінск Мазавецкі-Отвацк-Варшава. 





Мабыць, менавіта гэтая "сотка" перамагла ў гонцы?
Дэталі ралі малавядомыя, але здаецца, што сэрца юнай кіроўцы палала гонарам за родную марку!..       
Пасля далучэння заходнебеларускіх земляў да БССР і нашчадкі Радзівілаў, і Пілсудскія апынуліся ў эміграцыі. Ядзвіга жыла і вучылася ў Брытаніі, стала архітэктарам, уступіла ў Каралеўскія ПВС. Была адной з нешматлікіх жанчын-асаў Другой Сусветнай вайны, налётаўшы  312 часоў і 35 хвілін на 230 самалётах 21 тыпу. І была ўзнагароджана Баявым Крыжам за  Заслугі з мячамі.
Калі ўвосені 90-га ўлада ў Польшчы змянілася, Ядзвіга Пілсудская разам з мужам, сынам, дачкою і старэйшай сястрой Вандай вярнуліся ў Варшаву. Сёстры шмат зрабілі дзеля ўшанавання  імя бацькі. За працу ў  Фондзе сям’і Пілсудскіх, Інстытуце Юзэфа Пілсудскага, рэстаўрацыю сядзібы і стварэнне музея ў Сулеювеку (дырэктарам якога стаў ўнук маршала Кшыштаў Юзэф) у 2008 годзе прэзідэнт Лех Канчынскі прысвоіў Ядзвізе Пілсудскай ступень Камандора Ордэна Адраджэння Польшчы.
Ядзвіга памёрла ў 2014  годзе ў Варшаве, не дажыўшы шасці гадоў да стагоддзя. Куды згінулі, пагнаныя ў Гулаг, браты Старавольскія, невядома. Безумоўна,  гэта выратавала іх ад фашысцкага гета.  Але перажыць сталінскія лагера  атрымалася далёка не ва ўсіх.  Ісаку пашанцавала болей: ён узначаліў гарадзенскую суполку ў Ізраіле.
Але яшчэ больш падфартыла роварам і матацыклам «Нёман». Некаторыя наўзоры гарадзенскага брэнда можна і сёння пабачыць у Варшаўскім музее тэхнікі. 



А што тычыцца ровера і найбольш рарытэтнага матацыкла з 125-кубовым рухавіком –  абодва аксакала чакаюць свайго часу ў нейкім гаражы.



Ім прызначана роля не проста экспанатаў, а, магчыма, і ўдзельнікаў гістарычных кіназдымкаў  – «жалезных акцёраў» з патрыятычнай  «харызмай».









Комментариев нет:

Отправить комментарий