воскресенье, 22 мая 2016 г.


Жанчынай быць цяжка.Тым больш жанчынай, якая адважылася кінуць пальчатку мужчынам. Ды яшчэ ў галіне, якая на працягу стагоддзяў лічылася прывілеяй дакладнага мужчынска розуму...
Але яна насмелілася зайсці ў гэты мужчынскі свет нават не з чорнага, а з параднага ўваходу. Быццам узнеслася па лесвіцы таемных  лічбаў аж да самага сонца!..

У маёнтку Палібіна паноў Корвін-Крукоўскіх вячэралі. Нянька клікала маленькую Сонечку... А яна, апантаная, была нібы ў сне: у казке нейких казюляў, рысачак, лічбаў... Яе пакойчык з эканоміі (не хапіла шпалераў) паклеілі лістамі матэматычнай працы  прафесара Астраградскага...



«Лісты гэтыя, спярэшчаныя дзіўнымі, незразумелымі формуламі, хутка звярнулі на сябе маю ўвагу. Я памятаю, як у дзяцінстве праводзіла цэлыя гадзіны перад гэтай таямнічай сцяной, спрабуючы разабраць хоць асобныя фразы і знайсці той парадак, у якім лісты павінны прытрымлівацца адзін за адным », - пазней прызналася Соф'я.



Соня спачатку баялася гэтых шпалераў. Яны сніліся ёй у жахлівых снах. Яна моўчкі спрачалася з гэтым матэматычным легіёнам. А потым адпусціла рукі і ... паплыла... Як упершыню ў рэчцы... Толькі злілася не з воднай, а матэматычнай стыхіяй...



Генерал Васіль Корвін-Крукоўскі чакаў сына... Калі маці Соф'і была цяжарная, прадзед астролаг Хведар Шуберт з'явіўся ёй у сне і весела сказаў: «Матэматык у цябе народзіцца. Маю справу працягне"...

Але на жаль нарадзілася другая дачка, якая адчувала сябе нялюбай... Толькі прароцтва збылося. Ратуючыся ад адзіноты, дзяўчынка горда ўшла  ў свой асабісты свет лічбаў і формул. Гэта была казка, у якой яна адчувала сваю ўладу і магутнасць. Паступова лічбы скарыліся, паказаўшы юнай паненцы свой твар.






Яна размаўляла з імі, загадвала ім і нават любіла сваю матэматычную світу, як Каралева велічна любіць свой народ. І лічбы быццам адказвалі ёй ўзаемнасцю...

"Ніколі!" - катэгарычна адрэзаў генерал. "Мая дачка не стане матэматыкам!" Яму было незразумела жаданне шляхцянкі з пасагам займацца навукай. Тым больш, што ў Расеі, дзе ён тады служыў, жанчынам забаранялася вучыцца ва ўніверсітэце...


Упартая Соня зноў і зноў гнявіла бацьку. Той быў непахісны. "Чаго ёй не хапае?"- разважаў генерал, с каханнем гледзячы на прыбраную і рахманую жонку ў фіжмах і аздобах. І марыў выдаць дачку замуж, як толькі адшукаецца адпаведная партыя...

Ён нават не здагадваўся, што партыя даўна ўжо знойдзеная: Соня выйшла замуж за матэматыку...


Лічбы неслі вэлюм, лініі скрыжаваліся ў шлюбным танцы, формулы нагадвалі феерверк... А маладым было прызначэнне, якое яна бязмежна кахала і якому ўручыла свой лёс назаўсёды...

"Я атрымала ў спадчыну жорсць да навуцы ад продка, венгерскага караля
Мацвея Корвіна; любоў да матэматыкі, музыкі, паэзіі — ад дзеда па маці, астронома Шуберта; асабістую свабоду — ад Польшчы..."- прызналася потым Кавалеўская...

У радавым Палібіне на Віцебшчыне гулялі вяселле... Лілося "Клікаўскае", танчылі дамы ў бялюткіх сукенках і пальчатках, гралі музыкі і несліся гукі рамансаў...


Бацькі былі задаволеныя. Яны ўжо ўяўлялі, як будуць песціць унукаў... І партыя была добрая. Малады - з іх кола, таленавіты вучоны - Уладзімір Кавалеўскі. Прозьвішча, праўда, не такое шляхетнае, як Корвін-Крукоўскія, аднак гэта лепей, чым дачка-фэміністка...
Толькі двое на гэтым вяселлі ведалі, што шлюб - фіктыўны. Што маладая сама зрабіла прапанову. І гэтую пару аб'ядноўваюць толькі каханне да навукі і высакароднасць душаў...

Потым была адукацыя за мяжой у Гейдзельбергскім універсітэце, у знакамітага прафесара Карла Вейерштраса ў Берліне,
барацьба за права выкладаць у Расеі, непрабіўная сцяна бюракратыі і коснасці расейскай навуковай сістэмы... І сапраўдная закаханасць у фіктыўнага мужа... І дзіця... І няўдалы бізнес двух рамантыкаў ад навукі... І самагубства Кавалеўскага... І новае каханне таксама Максіма Кавалеўскага... І выкладанне ў Страсбургскім універсітэце...

Часта ў ва сне да яе прыходзіў прадзядуля Хведар. Аднойчы ён падаў Соф'і  ідэю «нябеснай механікі» і даследавання «колцаў Сатурна»... 


І ўвесь гэты час душа Соф'і быццам жыла асобна ад цела. І назірала збоку за гэтымі пакутлівымі кіданнямі паміж "сцылай і харыбдай" - ахвярамі навуцы і жаночым прызначэннем кахаць... 

Дзякуй Богу, геній перамог у ёй жаноцкую слабасць. І замест сэнтыментальнай жанчыны у аналах гісторыі паступова праяўлялася аблічча абранага звышчалавека. Барацьба і пакуты, азарэнні і натхненні якога належаць усяму чалавецтву... Але вялікі вучоны часам саступаў месца проста жанчыне, якая горка жалілася:  «Мая слава пазбавіла мяне звычайнага жаночага шчасця ... Чаму мяне ніхто не можа палюбіць? Я магла б больш даць любімаму чалавеку, чым многія жанчыны, чаму ж любяць самых нязначных, і толькі мяне ніхто не любіць? ". Кавалеўская хітравала. Бо ведала, як моцна і аддана кахаюць яе "падданыя" матэматычнага царства - лічбы і формулы...


"Кажы, што ведаеш, рабі, што павінен, будзь, чаму быць" - канвэрт з такім дэвізам і пераможнай працай у конкурсе ўскрылі навукоўцы Парыжскай Акадэміі навук. Аўтарам апынулася адзіная жанчына прафесар матэматыцы ў свеце. Беларуска Соф'я Кавалеўская.

Шляхцянка з Віцебскай губерніі  змагла пераканаць ўсіх у тым, што не гендэрныя адрозненні, а розум і божая харызма ствараюць місію чалавека і магчымасці дзеля яе выканання... "Я вельмі рада, што нарадзілася жанчынай, бо гэта дае мне магчымасць адначасова служыць праўдзе і справядлівасці », - з выклікам пісала Кавалеўская.



Нешчаслівае асабістае жыццё паспрыяла шчасліваму шлюбу з навукай. Ну а лічбы? Яны ніколі не пакідалі яе і не здрадзілі сваёй Каралеве. Паэзія і рамантыка іх была адкрытая толькі для Кавалеўскай. «Многія, якім ніколі не трапляўся выпадак больш даведацца матэматыку, змешваюць яе з арыфметыкай і лічаць яе навукай сухой. У сутнасці ж гэта навука, якая патрабуе найбольш фантазіі ... Нельга быць матэматыкам, не будучы ў той жа час паэтам у душы », - аднойчы заўважыла "прафесар ў спадніцы"...

Падаецца, менавіта яны, яе зусім не сухія лічбы, ішлі ў жалобнай працэсіі нябачна для людзей і велічна неслі труну той, што была іх Гаспадыняй.

Д А В Е Д К А

Соф'я ВАСІЛЬЕЎНА КАВАЛЕЎСКАЯ - (народжаная Корвін-Крукоўская ; 3[15]
студзеня 1850 , Масква - 29 студзеня [ 10 лютага ] 1891 ,Стакгольм ) -  матэматык і механік , з 1889 года замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук . Першая ў Паўночнай Еўропе жанчына-прафесар і першая ў свеце жанчына - прафесар матэматыкі. Аўтар аповесці « Нігілістка » (1884) і «Успаміны дзяцінства».
Найбольш важныя даследаванні ставяцца да тэорыі кручэння цвёрдага цела. Кавалеўская адкрыла трэці класічны выпадак адрозная задачы аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай кропкі. Гэтым прасунула наперад рашэнне задачы, пачатае Леанардам Эйлерам і Ж. Л. Лагранжам.
Даказала існаванне аналітычнага (галаморфнага) рашэння задачы Кашы для сістэм дыферэнцыяльных раўнанняў з частковымі вытворнымі, даследавала задачу Лапласа аб раўнавазе кольцаў Сатурна , атрымала другое набліжэнне.
Вырашыла задачу аб прывядзенні некаторага класа абелевых інтэгралаў трэцяга рангу даэліптычных інтэгралаў . Працавала таксама ў галіне тэорыі патэнцыялу , матэматычнай фізікі , нябеснай механікі .
У 1889 атрымала вялікую прэмію Парыжскай акадэміі за даследаванне аб кручэнні цяжкага несіметрычнага турка.




пятница, 6 мая 2016 г.

                
 МАЛЕНЬКІ ПАРАСОН?




Менавіта так звярталіся да дзяцей мінчукі, калі пачаўся лівень... Яны раілі ім ўзяць "баксты" - па-габрэйску, маленькія парасончыкі... Рэрых, пачуўшы гэта, спрбаваў успомніць, дзе чуў гэтае слова... Ба, да такое прозвішча ў знакамітага мастака, ад якога ап'янеў увесь Парыж... 
У гэты час Лявон Бакст, як шалёны, лётаў на сцэне французскага тэатра, усталёўваючы ўзрушаючыя дэкарацыі да балету "Шахеразада"... На працоўным стале чакаў эскіз сукенкі для Любачкі... А побач - замовы строяў для свецкіх ільвіц Парыжу...

... Так, ён стаў заканадаўцам парыжскай моды, да яго выйстрайваюцца чэргі, уся багема мроіць насіць ягоныя рэчы, з ягонай лёгкай рукі дамы песцяцца на каляровых шаўковых падушках, пакоі ўпрыгожваюцца яркімі ўсходнімі шпалерамі і рэчамі... Мадэрн пануе ва ўсім... 


Сукенка  ад Бакста

Чаму ж так тяжка, так сумна на душы ў свецкага дэндзі ў бездакорным гарнітуры з гальштукам і жоўтых чаравіках? Чаму нафарбаваныя вусы не тапырацца бадзёра на расчараваным твары?...
Ён піша лісты жонцы такім тонам, быццам мішура і бліскучасць аталяючага яго свету, таксама толькі дэкарацыі спектакля жыцця. Ён - мастак, сцэнограф, дэкаратар - на сам рэч адчувае сябе чужым на гэтым свяце жыцця, яго нязменная роля - раба на галерах мастацтва... На руках - вялікая габрэйская "сям'я" - чатырнаццаць душаў родных... Сёстры і іхнія мужы, дзеці... І ён круціцца без продыху паміж тэатрам, стварэннем партрэтаў, модных убораў, нават эскізаў тканін... І не толькі таму, што патрэбныя грошы...


Зінаіда   Гіпіўс

Ён жадае наблізіць узвышанае да зямнога, вялікае да малога... Бо гармонія жыцця - заўсёды на стыку розных выяў. А ён - Лейба-Леў-Лявон Бакст - нібы дырыжор аркесту колераў, ліній, стыляў... На яго палітры - фарбы ўсяго свету. Нездарма часопісы Новага Свету назвалі мастака "апостал колеру"...
Ён амаль нікому і ніколі не расказваў пра сваё паходжанне. Загадкавы маэстра лепей, чым хлопчык з роду тлумачальніка Талмуду і габрэйскіх купцоў. Да і самае месца народжання - беларуская Гародня - амаль што "атлантыда" для Эўропы і Амерыкі...
Ён не саромеецца Радзімы, але фанабэрыста лічыць сябе грамадзянінам свету. Нават не ўяўляючы, што генетычны код продкаў і фарбы роднай зямлі - першакрыніцы ягонага светапогляду і натхнення... 
Немаўляткам разам з дзедам і бацькамі пакінуў ён Гародню, але здолеў ярка размаляваць і явіць свету празрыстыя пастэльныя фарбы беларускай спадчыны...


Капялюшыкі ад Бакста

Капялюшыкі, грэбяні, сумачкі... Дробязі, на якія не звярталі ўвагі эстэты ад мастацтва... Бакст не грэбаваў упрыгожваць побыт сучаснікаў. Ён шчодра расплёсківаў свой талент, быццам, аддаючы, набываў новыя абшары для творчасці...
Акадэмізм заўсёды душыў Лёвушку, як звалі яго блізкія і сябры. Таму вольны слухач знакамітай Пецярбургскай Акадэміі мастацтва праваліў экзамен, намаляваўшы стандартны сюжэт "Аплаквання Хрыста" у іўдаісцкім каларыце. Чым вельмі абурыў праваслаўных прафесараў. І працягнуў сваю адукакцыю, некалькі гадоў вандруючы па Эўропе... А потым далучыўся да імпрэсіянісцкай суполкі "Свет мастацтва". Бенуа, Філосафаў, Дзягілеў ды іншыя - неблагая кампанія для мастака ў пошуках свайго крэда. Да таго ж наш Лёвушка не абмяжоўваў сябе клясічным жывапісам. Ён пераўтвараў усё навокал - і простыя рэчы станавіліся пад яго алоўкам "жар-птушкамі"...

Касцюм "Жар-птушкі"

У парыжскім тэатры "Шатле" ішла "Клеапатра". Сяргей Дзягілеў пісаў пра гэтую падзею так: «Посьпех? Трыўмф? — гэтыя словы  нічога не кажуць і не перадаюць таго энтузіязму, того святарнага агню і святарнага брэду, які ахапіў усю глядзельную залу». "Рускія сезоны" пакарылі Парыж. Дакладней кажучы, руска-беларускія, бо гарадзенец Бакст быў душой і сэрцам гэтых выступленняў. Ён аб'яднаў касцюмы,дэкарацыі, занавесу ў адзіную суцэльную дзею, давёўшы, што балет - не сумны клясічны танец, а дзівосны спекакль. Лёвушка быў гарачым мастаком і дадаў у сцэнічныя вобразы эротыку і спакусу, запаліў у гледачах першабытныя інстынкты. Хлаба і відовішчаў - негалосна лямантавалі з партэру і галёрцы і шалёна плёскалі ў далоні...



Парыж, як верны сабака, ляжаў ля ног беларуса. Так, менавіта з Беларусі, выходзілі геніі асобай касты - беларускія габрэі. Людзі,замешаныя з асаблівага паўднёва-заходняга цеста, унікальны фенамен тутэйшай глебы...
Амерыка таксама захапілася Бакстам. Тутэйшыя газеты і часопісы захлёбваючыся пісалі:  «Бакст, апостал колеру, мае вялікі ўплыў  на эўрапейскую сцену», «Пуарэ и Бакст паўплываліна новы стыль адзення гэтага сезона для каралеў, балярын и звяроў увялікім  шоў», «Кубісцкія строі для сучаснай жанчыны», «Узрушаючыя ўсходнія гарнітуры для нашых жанчын», «Буянства колеру ў мінарэце сукенкі», «Бакст можа выгнаць кімано» і гэтак далей.






Стравінскі пісаў у захапленні:"я лічу "Шахеразаду" Бакста шедэўрам; са сцэнічнай кропкі погляду гэта, верагодна, самае дасканалае дасягненне Расейскага балету. Гардэробы, декарацыі, занавеса былі неапісальна прыгогжыя"...
 Пікассо лічыў "Шахеразаду" таксама шэдэўрам. На самой справе, гэта адзіная  балетная постаноўка, якой ён захапляўся: "Ведаеце, гэта вельмі спецыфічна, але зроблена цудоўна"...
Адначасова з гэтым Лявон займаўся літаратурай. І першы свой аўтабіяграфічны раман назваў "Жорсткае першае каханне"... Ажаніўся мастак на дачцы вядомага Трэццякова - Любові Грыценка.

Але асабістае жыццё генія не склалася. Ён ганарыўся сынам Андрэям і нават выкарыстоўвал ягоныя першыя малюнкі...
Амерыка, Францыя аблашчылі мастака. А ў Пяцербургу яму забаранілі жыць, бо сталіца не ўваходзіла ў рысу аселасці габрэяў.
"Гэта была ганьба для краіны, якую я спрабаваў з усіх маіх сіл праславіць у цэлым свеце", - горка сказаў мастак і паехаў зноўку ў Парыж, дзе яго ўзнагародзілі Ордэнам Ганаровага Легіёну...
Прозвішча Бакст было скарочаным ад дзеда - Бакстэр. І як нельга дарэчы адлюстравала сутнасць генія, які адчыніў для людзей яркія парасоны мастацтва, каб абараніць ад шэрасці будняў.

Д А В Е Д К А

Сёлета ў Нацыянальным мастацкім музеі ўрачыста адкрылася выстава “Час і творчасць Льва Бакста”. Яна аб’ядноўвае звыш 200 твораў мастакоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя: як уласных, так і пазычаных у іншых краінах. Гэта палотны самога юбіляра, вядомых і малавядомых паплечнікаў яго па знакамітай Парыжскай школе: Зарфіна, Кікоіна, Крэменя, Любіча, Цадкіна. Ёсць творы вядомых рускіх майстроў Валошына, Врубеля, Несцерава, Сярова. Ёсць і нашы суайчыннікі: сын і жыхар Валожыншчыны Фердынанд Рушчыц, насельнік Іванава на Палессі Напалеон Орда, які аб’ездзіў Бацькаўшчыну ды ўвекавечыў добрую сотню архітэктурных помнікаў беларускай зямлі. У Віцебску доўгі час працаваў і ўзначальваў народнае мастацкае вучылішча Мсціслаў Дабужынскі, а ў Мінску, у сваіх блізкіх сваякоў несумненна бываў літоўскі мастак і кампазітар Мікалоюс Чурлёніс. 

У Мінску распачаўся ЮНЕСКАўскі год Лявона (Льва) Бакста: мастак нарадзіўся ў Гродне.




понедельник, 11 апреля 2016 г.



               ПЕСНЯ 

                        ПРА 
             
                                ЗУБРА

(водгук на твор Міколы Гусоўскага)


Я быў маленькім хлапчуком,
Калі ўбачыў веліч соснаў...
І хоць звяруга быў ня злосны-
І да таго ж расліны трушчыў...
Ды сэрца скочыла трусом...
І ўзнесла пела - гэта Цар...
Лясоў адзіны гарспадар...



Што поўсць, што лоб, што барада...
Непераможны пан гушчару,
Абходзіў важна ён абшары
З наздроў валіла густа пара...
Была ўпэўненай хада...
Мікола захапіўся моцна-
Ды што там, закахаўся проста...

А  звер нарэшце растварыўся...
Як налібоцкі прывід грозны,
Але ўжо была вельмі позна...
Сярод дзівосаў вельмі розных
Паэт у зубра ўлюбіўся.
І пажадаў узвесці звера
Ўрэшце на палацаў дзверы...

Аднойчы папа Леў дзесяты,
Як паляўнічы рызыкоўны,
Ён быў уражаны грунтоўна
Аповедам пра звышбізона...
І пажадаў ён хабара -
Са скурай песню пра зубра...

А хто быў здольны песні прагнуць?
Як не Мікола з нейкіх Гусаў,
Што нарадзіўся сярод лісаў, 
Што паляваў не пад прымусам...



Яснавяльможна пана Бона
Насіла велічна карону...
Мікола песню ёй прынёс -
Каб дух ліцвінаў уваскрос...



Метафару зрабіў ён з'явай
І ўзвялічыў продкаў славу!..

Цар-зубар у снах паводзіў пысай...
Мікола пер'ем рыпаў шпарка...
Было халодна, потым - жарка,
Глытаў ён каву з добрай шкваркай...
І ў радках  усплывалі рысы...
Звярыны рык палохаў рыфмы...
І рэчаіснасць стала міфам...


Як паляванне пры Ягайлу
Падобна была да пагоні,
Дзе былі  стрэлы,пікі, коні...
Жыццё трымаючы ў далонях,
Ляцела дзікіх войтаў зграя...
І гладыятары-ліцвіны
Не гнулі перад зубрам спіны...

Яны змагаліся сам на сам...
Глядзелі мужна зверу ў вочы,
Хоць той на лютасць быў ахвочы...
І толькі ўперад рыцар крочыў!
Хоць, пэўна, цяжка была часам...
У бойцы гінуў цар звяроў,
І фейерверкам біла кроў!...



Ліцвінаў трэба шанаваць...
Татары, шведы, злая таць -
І не спрабуйце ўцякаць...
Калі палюе наша браць!
Дзічына ў скуры чалавечай
Бывала мэтаю спрадвечнай....

Але ўпала зорка славы...
Рэч Паспалітая ў аблаву,
Як зубар моцны, але млявы,
Была загнаная ў канаву...
І маскалі памялі травы
Ў адвечнай пушчы Налібокаў...
І талерантнасць выйшла бокам....


А паляванне стала з'явай
Накшталт раскошнага спектаклю...
З абавязковым тым антрактам...
На ежу, пітво, пахвальбу...
І дэкарацый тых крывавых
Вы не саромелісь, ліцвіны...
Бо к пеклу трэба прызвыкацца...
Ахвяраў вочы ноччу сняцца?..

Даўно загінуў мой асілак,  

Той зубр, што мроіўся заўсёды,
І паляванне ад прыроды,
Як чэсны моцы паядынак,
Ператварылася ў забойства
За грошы. Вось яно, геройства!
Бяззбройны зубр ратуе веру,
Што людзі ўсё ж такі ня зверы...

Мае ўжо косткі спарахнелі...
І шляхту даўна адалелі...
Але жывёлы ацалелі...
На тое ўжо яны і зверы...
Заўзяты зубар - звер шалёны -
Жыццё пражыць імкнецца плённа...
 І песню песняў роў пакрые -
Бо кожны зубар - як стыхія!..



Радзіма, годзе біць у сэрца,
Шануй зуброў да самай смерці!
Бо іх адстрэльваць так няможна...
Наш зубар -  сымбаль пераможны!

                       Д А В Е  Д К А

Міко́ла Гусо́ўскі



(прыкладна 1470 -1533 гг.) — паэт Вялікага Княства Літоўскага; у сучасным літаратуразнаўстве — беларускі[1][2] і польскі паэт-гуманіст і асьветнік эпохі Адраджэньня, прадстаўнік новалацінскай усходнеэўрапейскай школы паэзіі.
Быў у складзе пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з Эразмам Вітэліюсам у Рым. На замову Папы Рымскага Льва Х напісаў паэму 

«ПЕСЬНЯ ПРА ЗУБРА»




Арыгінальная назва: «Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis» («Песьня пра аблічча, дзікасьць зубра і паляваньне на яго»).  Калі паэт заканчваў пісаць паэму, чума прыйшла на Апэнінскі паўвостраў. Уражаны трагічнымі падзеямі, Гусоўскі стварае верш-малітву «Да сьвятога Сэбастыяна». Памерлі і папа Леў X і біскуп Вітэліюс. Без апекуноў ён ня змог надрукаваць свой твор у Рыме, але толькі ў 1523 годзе ў Кракаве, пры дапамозе вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Боны Сфорца, ён змог надрукаваць свой верш-малiтву.
На беларускай мове існуе тры пераклады «Песьні пра зубра», якія належаць пяру Язэпа Семяжона, Уладзімера Шатона і Натальлі Арсеньневай. Акрамя беларускай яна перакладзеная на польскую, летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы.
У 1980 годзе ЮНЭСКО з нагоды 500-годзьдзя паэта ўключыла імя Міколы Гусоўскага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячоў сусьветнае культуры.



среда, 6 апреля 2016 г.




"МОБІ ДЗІК"

НААДВАРОТ


Сёння - Дзень народзінаў Барыса КІТА.


"Першаму беларусу ў свеце" - 106 гадоў! 


Падаецца, столькі не жывуць. Альбо ператвараюцца ў жывую "расліну". Аднак гэты чалавек - жывое сведчанне перамогі інтэлекту над тленам. І не толькі інтэлекту - сумлення і дабрыні.


Стваральнік вадкага вадароду - паліва для касмічных падарожжаў - спрыяў першаму палёту чалавека на Месяц, напісаў унікальныя кнігі па аэранаўтыцы, выхаваў сотні выключных вучняў.

Ён - гуру чалавецтва.



У ягонай аранжарэі талентаў песцілілася амаль што ўся эліта сусветнага грамадства: вучоныя, гісторыкі, літаратары. Стаўшы міжвольна эмігрантам, ён здолеў "перацягнуць" у Амерыку частку сваёй Радзімы, адкрыўшы, як калісці Калумб, "новы свет" для рэпрэсаваных беларусаў. Іх нашчадкі ствараюць зараз вялікую калёнію.

Ён - апантаны беларус. Не толькі таму, што ахвяруе грошы на дапамогу суайчыннікам і ўсё жыццё размаўляў з жонкай і старэйшым сынам на роднай мове. А перш за ўсё  таму, што здолеў на чужыне праславіць сваю зямлю да касмічных маштабаў.

Ён - касмапаліт з беларускім тварам. Чалавек сусветнага гатунку і вышэйшай пробы. У 100 гадоў Барыс Кіт мог пахваліцца уласнымі зубамі. І вострым жвавым розумам.



Ён - гісторык у душы. Бо думае і аперуе пазачасовымі катэгорыямі. Марыў калісьці стаць гісторыкам, але абраў самую рамантычную галіну навукі - матэматыку. Бо яшчэ Кавалеўская адзначыла, што лепшыя паэты - гэта матэматыкі. І, сапраўды, яго "рыфмы" лунаюць у недасяжнай вышыні.

Ён - шчасліўчык. Бо дасягнуў усяго і нават дачакаўся падзення Бярлінскай сцяны і незалежнасці Беларусі. Чалавек сусвету яшчэ, як хлопчык, марыць пра сусветную дэмакратыю. І ў сто гадоў гуляў у мячык.

Ён - эпатажны фенамен ХХ стагоддзя. Гэтакі "мобі дзік" наадварот. Толькі легендарны белы кіт-забойца быў увасабленнем сусветнага ліха. А наш "Кіт" - увасабленне сусветнай дабрыні.





Калі б ён апынуўся на месцы Казіміра Семяновіча,* памяняўся з ім стагоддзем, то, падаецца, рабіў бы таксама першыя крокі ў аэранаўтыцы ў адпаведнасці з тэхнічнымі магчымасцямі. Думкамі вырываючыся, як полымя з сопла ракеты, далёка наперад. Адным словам, калі рэінкарнацыя верагодная, то ў наяўнасці пераўвасабленне геніяў...


А нашыя "ЛЮДЗІ І РЭЧЫ" альбо "РЭЧЫ І ЛЮДЗІ" віншуюць Барыса КІТА і ўсё заблуканае чалавецтва з днём яго народзінаў.


А пажаданіі, спадзяемся, супадаюць з таемнай марай імянінніка - пабачыць на Месяцы нашую "Пагоню"!





* Гл. "РЭЧЫ І ЛЮДЗІ" (артыкул "Цырк прыехаў!")