среда, 6 апреля 2016 г.




"МОБІ ДЗІК"

НААДВАРОТ


Сёння - Дзень народзінаў Барыса КІТА.


"Першаму беларусу ў свеце" - 106 гадоў! 


Падаецца, столькі не жывуць. Альбо ператвараюцца ў жывую "расліну". Аднак гэты чалавек - жывое сведчанне перамогі інтэлекту над тленам. І не толькі інтэлекту - сумлення і дабрыні.


Стваральнік вадкага вадароду - паліва для касмічных падарожжаў - спрыяў першаму палёту чалавека на Месяц, напісаў унікальныя кнігі па аэранаўтыцы, выхаваў сотні выключных вучняў.

Ён - гуру чалавецтва.



У ягонай аранжарэі талентаў песцілілася амаль што ўся эліта сусветнага грамадства: вучоныя, гісторыкі, літаратары. Стаўшы міжвольна эмігрантам, ён здолеў "перацягнуць" у Амерыку частку сваёй Радзімы, адкрыўшы, як калісці Калумб, "новы свет" для рэпрэсаваных беларусаў. Іх нашчадкі ствараюць зараз вялікую калёнію.

Ён - апантаны беларус. Не толькі таму, што ахвяруе грошы на дапамогу суайчыннікам і ўсё жыццё размаўляў з жонкай і старэйшым сынам на роднай мове. А перш за ўсё  таму, што здолеў на чужыне праславіць сваю зямлю да касмічных маштабаў.

Ён - касмапаліт з беларускім тварам. Чалавек сусветнага гатунку і вышэйшай пробы. У 100 гадоў Барыс Кіт мог пахваліцца уласнымі зубамі. І вострым жвавым розумам.



Ён - гісторык у душы. Бо думае і аперуе пазачасовымі катэгорыямі. Марыў калісьці стаць гісторыкам, але абраў самую рамантычную галіну навукі - матэматыку. Бо яшчэ Кавалеўская адзначыла, што лепшыя паэты - гэта матэматыкі. І, сапраўды, яго "рыфмы" лунаюць у недасяжнай вышыні.

Ён - шчасліўчык. Бо дасягнуў усяго і нават дачакаўся падзення Бярлінскай сцяны і незалежнасці Беларусі. Чалавек сусвету яшчэ, як хлопчык, марыць пра сусветную дэмакратыю. І ў сто гадоў гуляў у мячык.

Ён - эпатажны фенамен ХХ стагоддзя. Гэтакі "мобі дзік" наадварот. Толькі легендарны белы кіт-забойца быў увасабленнем сусветнага ліха. А наш "Кіт" - увасабленне сусветнай дабрыні.





Калі б ён апынуўся на месцы Казіміра Семяновіча,* памяняўся з ім стагоддзем, то, падаецца, рабіў бы таксама першыя крокі ў аэранаўтыцы ў адпаведнасці з тэхнічнымі магчымасцямі. Думкамі вырываючыся, як полымя з сопла ракеты, далёка наперад. Адным словам, калі рэінкарнацыя верагодная, то ў наяўнасці пераўвасабленне геніяў...


А нашыя "ЛЮДЗІ І РЭЧЫ" альбо "РЭЧЫ І ЛЮДЗІ" віншуюць Барыса КІТА і ўсё заблуканае чалавецтва з днём яго народзінаў.


А пажаданіі, спадзяемся, супадаюць з таемнай марай імянінніка - пабачыць на Месяцы нашую "Пагоню"!





* Гл. "РЭЧЫ І ЛЮДЗІ" (артыкул "Цырк прыехаў!")



Комментариев нет:

Отправить комментарий