воскресенье, 27 марта 2016 г.

   П Р А К Л Ё Н  

Р А Д З І В І Л А Ў








У фарным касцёле Нясвіжа грае арган. Вернікі спяваюць і моляцца. З узвышша над алтаром на іх ільецца таямнічае святло "Тайнай вячэры". Хрыстос з дванаццаццю апосталамі гутараць за трапезай...


      Дамінік глядзеў на падпаленую Маскву і дзесьці ў сярэдзінцы адчуваў: гэта пачатак канца. Вялікая армія ператвараецца ў марадзёрскае быдла, у натоўп драпежнікаў. Скрозь полымя чуліся енкі гвалтуемых жанчын, пьяныя ўланы і грэнадзёры хісталіся па вуліцах у неверагодным аддзенні... З жудасным грукатам зваліўся крыж са званіцы Васіля Вялікага... 
         У гэтым апакалептычным хаосе малады нясвіжскі ардынат адчуваў сябе пясчынкай - непатрэбнай і бездапаможнай. Ён - нашчадак магутнага роду Радзівілаў, якіх у часы Вялікага Княства называлі "некаранаванымі каралямі" - апынуўся сведкам звычайнага рабавання, саўдзельнікам вэрхалу разнастайных войтаў інтэрнацыянальнай арміі Напаліёна. Ягоны кумір-імператар схаваўся за мурамі Крамля. Адно суцяшае гордае сэрца князя - гвардыя, палкоўнікам якой ён з'яўляецца, застаецца ў "белых пальчатках"... А ягоныя суайчыннікі-шляхціцы з асабістага 8-га ўланскага палку, якіх ён прывёў сюды за сабой, п'юць бургунскае з маскоўскіх скляпоў за перамогу. Бо яны памагаюць французам дзеля свяшчэннай мэты - адраджэння Радзімы.
Не аднойчы на бівуаке Дамінік пытаўся ў сябе: навошта Напаліёну дзікая краіна варвараў, якія заняволілі Рэч Паспалітую?



Што шукае імператар у Расеі: хвалу, багацце, якіх у яго зашмат, альбо нешта, непадуладнае звычайнаму розуму? Некі міфічны сымбаль улады накшталт дзіды Давыда?.. Напаліён быццам бы гуляе ў вайну, якая яму ўжо абрыдла...

Увесь жудасны адступ да Смаленску, а потым Барысава - голад, мароз, ахвяры, пераправу праз Бярэзіну - гэта думка не давала спакою маладому князю. Сотні абледнелых трупаў людзей і коней. Азвярэлыя жаўнеры, якія вараць і ядуць конскую кроў. Памерлыя жанчыны з дзецьмі на руках, якія  суправаджалі Вялікую армію. І сама яна, ператварыўшаяся ў купку кволых дыстрофікаў... За што заплаціў імператар такі высокі кошт?.. Зараз ён ідзе з кійком па дарозе побач са сваімі ваярамі - варты жалю і бясконца адзінокі...
У нейкі момант Радзівіл атрымоўвае дазвол адхіліцца ад арміі -трэба тэрмінова наведаць Нясвіж, бо рускія наступаюць на пяты...



- Дзякуй Богу, - эканом Альбрэхт абцірае слёзы радасці. - Мы ўжо не спадзяваліся дачакацца вас яшчэ з Барадзіно...
- Не да сантыментаў, дружа. У маёнтку ўсё добра?
- Мы пацярпелі ад маскалёў, але скарбонец на месцы. Ды і іншыя каштоўнасці я паспеў схаваць...
- Дзякуй. Але трэба спяшацца... Корпус Тучкова накіроўваецца сюды. Яны хутка апынуцца ў Нясвіжы. Рабі што хочаш, але выканай мой апошні загад...
Князь наблізіўася да эканома і нешта прашаптаў яму ў вуха...
- Мы не аднойчы абмяркоўвалі гэты плян, быццам ведалі, што ў рэшце рэшт ён спатрэбіцца, - услых дадаў ардынат. - Час прыйшоў...
Дамінік прышпорыў каня і імгненна памчаўся ўдалячынь. Эканом пачухаў патыліцу. Шляхціц Бургельскі служыў не за жах, а за сумленне. Плян на апошні выпадак быў распрацаваны задоўга да паходу. І Бургельскі паспяшаўся ў склеп, дзе была прыгатавана выбухоўка. Гэты загад гаспадара трэба было выканаць толькі самому...
Ар'ергард казакаў набліжаўся да Нясвіжу, калі пачуўся моцны выбух... Альбрэхт Бургельскі выканаў свой абавязак...
А ў гэты час князь Дамінік Радзівіл быў ужо далёка ад сваёй бацькаўшчыны. Абледзянелы подых чалавека зліваўся з подыхам каня. Радзівіл імчаўся так хутка, быццам за ім гналіся не ворагі, а сама смерць... Быццам ратуючыся ад нейкага аднаму яму вядомага кашмару...


                 Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку

Пане Каханку ляжаў знясілены на ложку. Дамінік ціхенька падышоў, каб пачуць яго шэпт...
- Я паміраю, пляменнік. Ты - мой нашчадак, на цябе спадзяюся. Ведаеш дванаццаць залатых апосталаў, якіх я заўсёды дэманстраваў гасцям як сымбаль неабмежаванай улады і багацця нашага роду?  Дзеля куражу я прыдумаў казку пра іх асманскае паходжанне. Насамрэч яны зробленыя тут, на нашай Урэцкай мануфактуры, прыгоннымі майстрамі-ювелірамі. Уяві сабе, усе яны, адзін за адным, пры розных абставінах памерлі. Я жа не толькі іншым, але і сам сабе намовіў трымценьне перад гэтымі залатымі ідаламі. Ніколі не развітваўся з імі, нават вазіў за сабой у падарожжы. Раз пораз закладаў іх ліхвярам, але заўсёды выкупляў. Аднойчы ў Эўропе я так абязгрошыў, што вырашыў прадаць адну фігурку. З таго моманту і скончыўся мой поспех. Няшчасці пасыпаліся адно за адным. Я пацярпеў паразу ад маскалёў. Схіліў галаву перад Кацярынай II. Захварэў... Прымі маю параду і выканай апошнюю волю. Гэтыя "пасланцы" сапраўды пасланыя нам як выпрабаванне. Я позна зразумеў іх магічную моц уплываць на лёсы тых, хто з імі сутыкнуўся.  Расплаў апосталаў і вылей золата ў Бярозаўку ва Ўрэччы, каб супакоіць душы  майстроў. Інакш гэты праклён будзе вечна лунаць над нашым родам...

 
Бярозаўка вa Ўрэччы

Дамінік пабажыўся выканаць волю дзядзькі. А потым закруціўся ў свецкім жыцці, атрымліваючы асалоду ад улады і багацця.


Вось як апісваў маладога князя у сваіх мемуарах Фадзей Булгарын : "Гэта быў, пэўна, апошні пан польскі... Прыгожы і зграбны, добрага росту. Ён быў бялявы, рысы твару меў правільныя і прыемныя... У князя Дамініка былі два моцныя і непераадольныя запалы: ён любіў да вар'яцтва жанчын і коней і нічога не шкадаваў на іх... Усіх коней у яго было да трохсот... Парадная стайня ўбрана была мармурам, люстэркамі, мосенжам, шаўковымі фіранкамі, чыстая, як шкельца, нават надушаная... Сябры і жанчыны каштавалі яму амаль паловы ўсяго яго стану... У жыцці сваім князь Дамінік не абразіў нікога, нават служкі свайго, ні словам, ні справай, ніколі не адвярнуўся ад церпячага... Усе, хто ведаў яго, усе служкі, усе, меўшыя з ім справы - багомілі яго... Ні адзін чалавек у Польшчы не пакінуў пасля сябе такой блаславёнай памяці!"...
Шчыра кажучы, ні гаспадарка, ні радзівілаўскі тэатр не цікавілі Дамініка. Добры коннік, ён дрэнна разбіраўся у вайсковай справе, але прагнуў вайсковай рамантыкі... А тут падышла і вайна з французамі. Гарачы патрыёт, Дамінік далучыўся да Напаліёна ў надзее вяртання незалежнасці сваёй Радзімы... Сфармаваў асабісты полк уланаў, які утрымліваў за свой кошт... (Імператар французаў называў яго "самым адважным палякам")... 
Дамінік Радзівіл быў кавалерам і афіцэрам ордэна Ганаровага Легіёна, ганаровым мальтыйскім кавалерам. Быў узнагароджаны баварскім ордэнам Святога Хуберта, крыжам Virtuti Militari, ордэнам Святога Яна Ерусалімскага.


Негледзячы на легкадумныя паводзіны, малады князь памятаў пра сваю клятву. Праўда, мала верыў у легенду пра праклён, прыпісваючы яе фантазіі цяжкахворага Пане Каханку. Але ён не хацеў, каб падчас вайны сямейнай рэліквіяй завалодалі рускія ці французскія рабаўнікі. (Як у воду глядзеў!)...
Але  як  надзейна схаваць 12 цяжіх апосталаў у чалавечы рост? Дамінік ламаў галаву, пакуль аднойчы, разбіраючы сямейны архіў, які застаўся пасля дзядзькі, не натыкнуўся на нейкія паперы з незразумелымі крамзолямі... Ён здагадаўся, што гэта спадчына ягонага сваяка Марціна Радзівіла, які лічыўся чараўніком. Ён утрымліваўся пад хатнім арыштам як здурнелы і быў пад апекай Пане Каханку... Шчыра кажучы, мабыць, сваякі проста баяліся князя, які стаў адэптам чорнай магіі і мог, убраўшы канкурэнтаў, начараваць сабе нясвіжскую ардынацыю...

                          Марцін Мікалай Караль Радзівіл

Эканом і служкі замітусіліся, калі перад сонным  палацам у Радзівілмонтах недалёка ад Клёцку з'явілася пышная карэта нясвіжскага ардыната. Услед за магнатам з яе выйшаў нейкі нетутэйшы чалавек у чорным аддзенні... Адмовіўшыся ад вячэры, абодва прайшлі ў заплямбаваныя "лябараторыі" князя Марціна...

 
                                  Палац у Радзівілмонтах

Пасля доўгіх пошукаў Дамінік знайшоў таго, хто змог прачытаць кабалістычную тайнапіс вар'ята.


Гэта былі алхімічныя досведы і формулы. І сярод іх адшукаўся склад пэўнага бальзаму, які дазваляў захоўваць ткані. З дапамогай знаўца і рэчываў, знойдзеных у клецкім палацы, бальзам прыгатавалі і дадалі ў пэўнай прапорцыі да воску... Атрымаўся звышмоцны неразбуральны склад, які надаваў рэчам здольнасць да муміфікацыі... Удасканалены сакрэт бальзаму, падобны на якой прывёз з Усходу Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, каб захоўваць нябожчыкаў у радавой крыпце, павінен быў паслужыць жывым...


                        Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка

Аднойчы Пане Каханку запрасіў пляменніка на святочную вячэру. Калі багаты шматгадзінны падмацунак і танцы скончыліся, а госці раз'ехаліся, магнат падвёў юнака да велічных скульптур. Дванаццаць залатых, аздобленых каштоўнымі каменнямі апосталаў стаялі ўздоўж сцен гасцінай залы. Пане Каханку пастукаў косткамі пальцаў па адной з іх...
- Чуеш? - спытаў ён. - Хіба так гучыць металічная рэч? Толькі табе, як сыну, мушу прызнацца - гэта васкавыя муляжы. Сапраўдныя фігуры ў скарбцы. Бо шмат жадаючых палююць на іх...
Аднойчы  ноччу  Дамінік убачыў жудасны сон - быццам "насельнікі" радавога пантэону ўстаюць з трунаў і атачаюць яго... Князь з крыкам прачнуўся, паклікаў лёкая... А пазней яго асвяціла адкрыццё... Заставалася толькі знайсці сродкі для яго ажыццяўлення...
Употай ад насельнікаў палацу па начах ішла магічная праца... Нябожчыкаў з далёкіх галін роду перазахоўвалі на іншых могілках. А на іх месцы у труны клалі васкавыя муміяпадобныя "копіі". Пад імі былі надзейна схаваныя дванаццаць няўміручых апосталаў...

Знаходліваму князю падавалася, што праблема вырашана. Лепшага сховішча ня знойдзеш! Хто здагадаецца аб ператварэнні? Вось толькі аб блюзнерстве варушыць нябожчыкаў ніхто не падумаў. Ды яшчэ аб тым, што ўрэцкія майстры чакаюць ахвяраваньня...

Адступаючы з Вялікай арміяй, Дамінік шапнуў эканому: "Падрывай!". Бо гэта быў хітры плян: падарваць патаемны падземны ход, каб навесці рабаўнікоў на няправільны след. Наўрад ці эканом ведаў княжую таямніцу. Інакш выдаў бы сховішча апосталаў пад катаваньнямі. Невядома, куды згінулі і выканаўцы: алхімік і скульптар-мастак... Мастацтва патрабуе ахвяраў, а гонар Радзівілаў - тым больш...
Вось толькі праклён апосталаў працягнуў віснуць над нашчадкамі Пане Каханку. І нават тымі, хто ім  служыў. Эканома павесілі. Дамінік загінуў пасля бітвы пры Ганаў. Ягоная дачка, Стэфанія, памёрла маладой ад сухоты. Альбрэхт Радзівіл абязножыў і адышоў у іншы свет у 50 гадоў. Лявон Радзівіл быў арыштаваны бальшавікамі...

Стэфанія Радзівіл

Аднак, магчыма, усе  прыведзенныя факты - толькі здагадкі ўспаленага розуму фантаста, яшчэ адна легенда пра радзівілаўскія скарбы. Шукалі іх французы, рускія, немцы пад час дзвюх войнаў, навукоўцы, чорныя капальнікі, чараўнікі і проста авантурысты. Але апосталы, як "закляты скарб", нікому не даюцца ў рукі. Быццам лунаюць у прасторы Нясвіжскага палацу - як веліч і заняпад  магутнага роду, як метафара Вялікага Княства.


Д А В Е Д К А


КАСЦЁЛ БОЖАГА ЦЕЛА Ў НЯСВІЖЫ




 Архітэктурны помнік ранняга барока, першы езуіцкі касцёл, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, радавы магільны склеп князёў Радзівілаў.

Касцёл узведзены ў 1587 - 1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, па фундацыі Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі. 7 кастрычніка 1601 года асвячоны. Касцёл быў  адным з першых на Беларусі будынкаў, фасады якога былі антыкаваны.
 Каля 1705 г. па ініцыятыве Караля Станіслава Радзівіла распачаліся рамонтныя работы і рэканструкцыя касцёла, якія доўжыліся амаль паўстагоддзя і завяршыліся пры Міхале Казіміры Радзівіле РыбаньцыУ 1773 г. са скасаваннем ордэна езуітаў і закрыццём калегіума, касцёл стаў фарным. Храм быў пашкоджаны ў гады Другой Сусветнай вайны, адноўлены ў 1944 годзе. 
Інтэр'ер храма багата дэкарыраваны роспісам у тэхніцы грызайль. Фрэскамі пакрыты скляпенні цэнтральнага і бакавых нефаў, прэсбітэрыя, трансепта, нартэкса, бакавых капэл і падкупальнай прасторы. Фрэскі зроблены ў 1750 - 1760-я гг. з удзелам мастака К.Д. Гескага, цыкл складаецца з 40 асобных кампазіцый з адлюстраваннем сцэн алегарычнага сэнсу, выявамі святых і дэкаратыўна-арнаментальных кампазіцый. 
Галоўны алтар зроблены паводле праекта Маўрыцыо Педэці, упрыгожаны карцінай К. Д. Гескага «Тайная вячэра» (1753, копія карціны Леанарда да Вінчы). У пачатку 1990 г. карціна галоўнага алтара была рэстаўрыравана. У крылах трансепта размешчаны мармуровыя алтары Святога Крыжа і Дзевы Марыі
Над уваходам - хоры з арганам. Першы арган быў пастаўлены ў 1611 - 1615 гг. на сродкі мясцовага шляхціца Андрэя Скарульскага. Парапет хораў аздоблены фрэскавымі роспісамі з выявамі музычных інструментаў ракайльным картушам па цэнтры.
Злева ад галоўнага алтара ўстаноўлены дзве мемарыяльныя дошкі-надмагіллі ў стылі рэнесансу, ў памяць аб сынах фундатара касцёла князя Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі, паміж якімі знаходзіцца яго барэльеф у адзенні пілігрыма. Над барэльефам - лацінская сентэнцыя - «Перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік». На адной з пліт рэалістычная выява дзіцяці Радзівіла, якое пражыло толькі два гады (1586—1588).У 1912 г. у касцёле ўстаноўлена мемарыяльная дошка паэту У. Сыракомлю, які вучыўся і працаваў у Нясвіджы. Помнік паэту быў створаны да 40-годдзя з дня яго смерці.
Радзівілаўскі катафалк быў выкананы М. Педэці.



Надмагілле Мікалая Крыштапа Радзівіла 


Яшчэ адзін надмагільны помнік - выява жанчыны, верагодна, Канстанцыі Радзівіл, якая сядзіць у траўры на ружовай труне.


КРЫПТА РАДЗІВІЛАЎ




У падлозе прэсбітэрыя — уваход у фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў. Самае першае пахаванне пад касцёлам датавана 1616 годам, а апошняе — 1936-м, калі тут быў пахаваны апошні ардынат Нясвіжа Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх - рытуальны, адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 г. Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода.
Крыпта Радзівілаў - трэцяя па колькасці дынастычных пахаванняў у Эўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні.



Комментариев нет:

Отправить комментарий