суббота, 5 марта 2016 г.

                                          

                   БЛАКІТНАЯ КРОЎ


            Водныя артэрыі падобныя да сасудаў чалавечага цела. Яны сілкуюць навакольныя вёсачкі, як кроў - органы і тканіны. У прамым сэнсе, бо эканамічнае, інфраструктурнае і сацыяльнае жыццё немагчыма без знешніх зносін са светам. Асабліва на беларускім Палессі, дзе балоты і  глухія лясы перашкаджаюць  нармалёвай жыццядзейнасці  людзей, асабліва ў вясну і восень, калі ўся прастора літаральна ператвараецца ў  непралазны вадаём… 
            
Так было даўна, амаль што так
 застаецца і зараз. Падобны на патрыярхальны склад жыцця сучасных “дрыгавічаў” ажыццяўляецца толькі ўзімку з усталяваннем цвёрдай глебы пад нагамі. Гэты плавучы “няўстойлівы” край нараджае  авантурныя  міражы  гісторыі, няўрымслівых асоб і міфалагічныя  з’явы і рэчы… Пацверджанне  таму – загадкавы клярнет і блакітная мара гетмана літоўскага Міхала Казіміра  Агінскага…
            У магнацкім родзе Агінскіх, вядучым сваё паходжанне ажно ад Рюрікавічаў, было свята… Пасля пяці дачок з’явіўся ўрэшце нашчадак – Міхал Казімір – надзея бацькоў і першы вяльможа Рэчы Паспалітай.  Яго песцілі, навучалі  і “агранялі”, як рэдкі дыямент. З дзяцінства Міхал адчуваў сваю выбранасць і выключнасць. А гэта патрабавала  ад яго і выключных учынкаў, адлічных ад простых сьмяротных. У васемнадцать гадоў па прывілеі  магната юнак становіцца генералам. Гэта не магло ня закружыць галаву.  Улада, як шампанскае, б’е па славалюбству маладога шляхціца. Яму мала маёнткаў і багацця. Ён паступова далучаецца да вайсковай і палітычнай эліты Рэчы Паспалітай.  І атрымлівае булаву гетмана літоўскага… А потым адзіны насмельваецца выступіць супроць імперскіх амбіцый Кацярыны II. Трывае паразу ад яе служкі Суворава, эмігруе ў  Эўропу, падарожнічае,  уступае ў масонскую ложу, грае на музычных інструментах ў лепшых эўрапейскіх салонах. Нават філосаў і асветнік Дзідро тры гадзіны слухае ягоную арфу і потым уносіць яе ў сваю энцыклапедыю. Прыгоды змяняюцца авантурамі, музыка – літаратурнымі опусамі. Асоба неабмежаваных  магчымасцяў, чалавек рэнесанснага тыпу, ён спрабуе сабе ў розных галінах мастацтва… Але гарачае сэрца магната  ўпотай  імкнецца  на Радзіму, у правінцыйны  Слонім,  які сніцца яму новым беларускім Вэрсалям…



            Не толькі музы дражняць і турбуюць сэрца Агінскага.  Ягоныя амбіцыі сапраўды каралеўскай велічы. Ён пакінуў думку заняць каралеўскі сталец замест Станіслава Аўгуста Панятоўскага як немагчымую. Але на Радзіме засталіся нездзейсненыя праекты касмічнага маштабу – вялікі гідратэхнічны цуд інжынернай думкі – аднайменны  канал паміж  Ясельдай і Шчарай, які звязаў Балтыку з Чорным морам – частка славутага старажытнага шляху “з варагаў у грэкі”…
            Аднойчы магнат  атрымаў ліст ад простага пінскага пісара  Мацея Бутрымовіча.  Агінскі быў заняты рэканструкцыяй  Слонімскага  палацу, свецкім жыццём, музыкай. Але гэты ліст прыцягнуў яго ўвагу магуццем і грандыёзнасцю праекту: пабудаваць водную  артэрыю, якая злучыць Беларусь (і асабіста яго маёнткі) з сучаснай Літвой і Ўкраінай…



Блакітная кроў гетмана шпарка пацякла па жылах, быццам палілася  блакітным шляхам праз дрыгву Палесся. Яго фантазія  намалявала платы і баржы, якія сплаўляюцца па ім, падарожнікаў, удзячных за скарачэнне дарогі,  масты і цацачныя вёсачкі па абодвух баках каналу. Беларуская  Венецыя дражніла яго ўяўленне. Кошт праекта ўражваў, але Агінскі, быццам  адчуўшы сваю місію, не шкадаваў грошаў. Хай не кароль Рэчы Паспалітай, ён будзе каралём беларускага адраджэння, першапраходцам  шляхоў  праз багну, уваладарам  палескай прыроды. (Да, памеры яго амбіцый былі неабмежаваныя!)…  Да таго ж ягоная патрыятычная душа імкнулася жыць на карысць Радзімы. А для Рэчы Паспалітай суднаходныя каналы былі насамрэч артэрыямі  жыцця – лагістычным ланцужком незалежнасці ад Расеі і Прусіі.
            Канал Агінскага спалучаў геніяльнасць інжынэрнай думкі і вынаходніцкіх дасягненняў гідратэхнікі. 



          10 шлюзаў везлі баржамі і усталёўвалі ў пэўных месцах, будавалі плаціны, упрыгожвалі берагі, узбагачалі быт сялянаў. З пачаткам працы каналу значна палепшылася эканамічнае становішча жыхароў навакольных вёсак. Дрэва сплаўлялі плытамі па вадзе, пеньку, воўну, дзёгаць і іншыя экспартныя рэчы – на баржах. Можна лічыць, амаль што ўвесь ангельскі, шведскі і нямецкі флот былі пабудаваны з беларускіх дубоў і соснаў. А з-за мяжы везлі шаўковыя тканіны, дэлікатэсы і віно…






Вось вам і экспарт, і імпарт і неабмежаваны гандаль… Дарэчы, не за ратныя подзвігі, а менавіта за пабудаванне каналу гетмана ўрачыста ўшанавалі  помнікам ў цэнтры Вільні яшчэ пры жыцці.

             
            У аркестравай яме музыканты рыхтаваліся да спектаклю. Зала “Оперхаўза” напаўнялася элітнай публікай. Міхал Казімір таксама настройваў  свой клярнэт. Ён амаль што не развітваўся з ім нават у войску. І атрымаў мянушку  “гетман-клярнэт”.  Хто б ведаў, што свой інструмэнт ён ацэньваў куды вышэй за гетманскую булаву. Бо апошняя была толькі фармальным сымбалем вайсковай улады, а клярнэт, падараваны самім Моцартам, - увасабленнем сапраўднай моцы мастацтва…
            Натура Агінскага патрабавала шырокіх магчымасцяў і размаху. А любыя грошы маюць уласцівасць уцякаць скрозь пальцы. Міхал Казімір здолеў ажыццявіць праект паўсюднай значнасці, але ня змог яго ўвесь час утрымліваць. На ягоныя даходы ўплывалі дрэнныя стасункі з Кацярынай II, якая забірала яго  маёмасць адно за адным, і празмерныя марнаванні пра дабрабыт Слоніма і асабісты прыдворны тэатр – адзін з лепшых у Эўропе.


 
                                                                Тэатр у Слоніме
Не знайшоўшы магчымасці ажыццявіць  у ідэале агінскі водны шлях, ён прыклаў усе намаганні для ажыццяўлення сваіх асветніцка-мастацкіх амбіцый. Пабудаваў шыкоўны тэатр у стылі барока з неверагоднай архітэктурай, сцэнаграфіяй, машынэрыяй і нават балетнай школай. А таксама тыпаграфію. Ператварыў  Слонім, па ўражаннях сучаснікаў, у эдэм на зямлі. Пісаў музычныя творы і вершы. Граў у асабістым аркестры. А, згалеўшы, прадаў нават пасаду гетмана свайму пляменніку – знакамітаму аўтару  “Паланеза Агінскага” – Міхалу Клеафасу, які гадаваўся ў слонімскім маёнтку…
            Цікава, што у канцы жыцця Міхал Казімір не вельмі турбаваўся, што не стаў каралём, не зрабіў палітычнай ці вайсковай кар’еры. Шкада толькі было незямнога Слоніма, канфіскаванага ненаеднай  імператрыцай і таго, што не пакінуў нашчадкаў. Але гетман жыў , што называецца, “на ўсю шпульку”. І, паміраючы, ведаў, што яго “блакітную кроў”, пралітую на добрую палескую глебу, успаткуюць удзячныя нашчадкі.



ДАВЕДКА
Дняпроўска-Нёманскі канал, Вялікі Пінскі канал, Порт Агінскага — частка воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі сучасных Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці -  злучаў р.Ясельду (басейн Прыпяці) з р. Шчарай (басейн Нёмана). Даўжыня (з Выганашчанскім возерам)  - 54 км. Будаўніцтва пачалося ў 1765 годзе на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў да балтыйскіх портаў, яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім соймам Рэчы Паспалітай (1768). Канал будаваўся восемь гадоў, а будаўніцтва каштавала  каля 12 млн злотых. Слонім ператварыўся ў порт. Тут праходзілі грузавыя і пасажырскія судны, сплаўляўся лес. Вялікае значэнне меў і слонімская прыстанак. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Яно завозілася большай часткай зімою з навакольных вёсак. Кожны год на слонімскім прыстанку грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай афіцэрамі Генеральнага штаба былі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасць. Да 1804 году добраўпарадкаванне было скончана, і канал стаў цалкам суднаходным. Меў 10 шлюзаў. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты выцягваліся амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма. Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах. Тут працаваў прыстанак, меліся добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні. Выраблялі пласкадонныя баркі і паўбаркі рознай водазмяшчальнасці. У гэтыя часы ў Целяханах даваў прадукцыю і фаянсавы завод Міхала Казіміра Агінскага.  У 1836 годзе па Агінскаму каналу перавозілі: соль, пшаніцу, воцат, ільняное насенне, авёс, сала, гарох, жыта, гліняны і фаянсавы посуд, шкло, цэглу, дошкі, тытунь і інш. (на 1,5 млн руб.). З-за мяжы прывозілі жалеза і вырабы з яго, вырабы з каштоўных металаў, з поўдня — шоўк, віно.
Са з'яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася. Але каналам працягваў карыстацца малы флот эўрапейскіх краін. У гады Першай Сусветнай (1914—1918)  і савецка-польскай (1920) войнаў праз канал праходзіла лінія фронту, што прывяло да разбурэння гідратэхнічных збудаванняў.
Польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926-га году, цалкам канал адноўлены ў 1928-м. У 1939-м, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, былі рэпрэсіраваны інжынеры палякі, якія працавалі на канале, гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна — для суднаходства. У Другую сусветную вайну шлюзы і плаціны былі часткова разбураныя ці пашкоджаныя. Спробы аднавіць канал у пасляваенны час не мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне. А зусім "абяскровіла" канал татальная меліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы.  У наш час ён аднаўляецца, пераўтвараецца ў турыстычны абъект.

ДАВЕДКА
Намаганнямі Агінскага Слонім ператварыўся ў "паўночныя Афіны". Пры сваім двары Агінскі заснаваў опэрны тэатр, музычную капэлу, адкрыў школу — "Дэпартамент балетных дзяцей", дзе, акрамя танцаў, вучылі чытанню і пісьму дзяцей прыгонных. Для тэатра напісаў опэры "Зменены філосаф", "Елісейскія палі" і іншыя. Пісаў таксама скрыпічныя п'есы, паланезы і іншыя музычныя творы, выдатна выконваючы іх на розных інструмэнтах. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам "Слонімскі грамадзянін" перадавых для свайго часу зборнікаў "Гістарычныя і маральныя аповесці" (1782), "Байкі і не-байкі" (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з "Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 г. у Слоніме". Як мецэнат  Агінскі рабіў ахвяраванні для кляштара і касцёла ў Смілавічах, а таксама заснаваў дабрачынны фонд для студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.
Знакаміты “палац” меў 116 багата ўбраных пакояў. Яго галоўная, самая пышная “Зала багіняў” была выкананая ў гуллівым паветраным стылі ракако. Аднак каханым стварэннем вядомага мецэната стаў Слонімскі прыдворны  тэатр, на сцэне якога працавалі прафесійныя італьянскія і польскія опэрныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны балет і хор.А чаго каштаваў “тэатр на шасці колах” з мініяцюрнай сцэнай, які рухаўся пры дапамозе чатырох пар валоў? Альбо “плывучы тэатр” на канале і раце Шчары? З 1776 году Агінскі заняўся будаўніцтвам “Новага дома опэры”. Ён быў збудаваны з каменю прыкладна ў 1775-1781 гадах па праекту і пад кіраўніцтвам італьянскага дойліда і тэатральнага мастака Мараіно.  Згодна з захаваўшымся апісаннем у зале было 27 ложаў на двух ярусах. Самай прыгожай была цэнтральная – упрыгожаная арнаментальным бардзюрам і ўвенчаная картушам з каралеўскім гербам. Аднак галоўным “дасягненнем” Слонімскага тэатра была сцэна. Яе механіка, памеры і магчымасці ўраджвалі. Яна была прыстасаваная для барочных балетаў і опэр з сюжэтамі сцэнічных пераўтварэнняў, дзе прымалі ўдзел сотні акцёраў і статыстаў. Вялікая сцэна была сканструявана па апошняму слову тэхнікі і дазваляла ўвасабляць самыя складаныя спектаклі і балетныя пастаноўкі, тэатралязаваныя конныя баталіі і водныя феерыі. Напрыклад, значная частка сцэны  затаплялася вадой з суседняй сажалцы, і перад гледачамі плавалі сапраўдныя, а не бутафорскія лодкі. Прадугледжваліся нават фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Мабыць, ні адна тэятральная арэна Расеі, Украіны альбо Польшчы не мела магчымасцяў слонімскай сцэны. Машынерыя Слонімскага тэатра не саступала такім ў заходнееўрапейскіх і расейскіх тэатрах, больш за тое, “Новы дом опэры” шмат у чым перасягнуў такія тэатры ХVIII стагоддзя, як Teatr Narodowy у Варшаве, тэатры Шарамецева ў Кускова і Астанкіна.











Комментариев нет:

Отправить комментарий